Першая сустрэча
Калі каля пятнаццаці гадоў назад мне пашанцавала ўпершыню ўбачыць гэтага звярка ля галоўнага корпуса ГДУ імя Ф. Скарыны, была яшчэ ранняя вясна. Пры маім набліжэнні куніца кінулася да дрэва і ўжо праз імгненне з цікавасцю назірала за мной з даху драўлянай хаты, куды яна пераскочыла з галін. "Куды толькі не загоніць жывёліну вясновы гон. Напэўна, на тое ён і гон!" – падумаў я тады, здзіўлены гэтай сустрэчай у цэнтры горада яшчэ не ведаючы, што гон у куніц адбываецца з чэрвеня па ліпень. На той момант я думаў, што гэты звер насяляе толькі рэдкалессі, вёскі і дачныя пасёлкі, але ніяк не гарады.
Пазней я сустракаў беладушку ў любы сезон года і ў розных частках Гомеля. На працы мне даводзілася наведваць шматлікія прадпрыемствы нашага горада і там я нязменна пазнаваў характэрныя "двойкі" слядоў гэтага звярка на снезе. Варта растлумачыць пэўны жаргон следапыта. Справа ў тым, што большасць прадстаўнікоў сямейства кунніх перасоўваецца, галоўным чынам скачкамі, ставячы заднія лапы ў сляды пярэдніх. У выніку атрымліваецца радок падвойных слядоў празваных "двойкамі". У бясснежны перыяд, ці калі шарон дазваляе перасоўвацца па снезе, не правальваючыся, куніца пры скачках часта заносіць заднія лапы наперад пярэдніх. Тады на паверхні застаюцца адбіткі трох і нават чатырох лап. Гэта "тройкі" і "чацвёркі". Пазнаёміўшыся з асаблівасцямі адбіткаў саміх лап куніцы і асаблівасцямі яе паводзін, можна лёгка знайсці сляды гэтай жывёлы ў горадзе.
Апынулася, што характэрнымі месцамі рассялення беладушкі ў Гомелі з'яўляюцца не толькі прыватны сектар і прамысловая зона, але і стары горад з яго невялікімі дамамі з гарышчамі ды ціхімі зарослымі падворкамі.
Чым жа адрозніваюцца каменная і лясная куніца паміж сабой?
У агульных рысах аблічча ў беладушкі амаль як у ейнага ляснога сваяка, але галава меней выцягнутая, з карацейшымі і некалькі шырэй расстаўленымі вушамі і больш магутнай шыяй. Лапы ў каменнай куніцы карацей, а іх падушачкі апушаны слабей. Валасяны полаг грубейшы, і ў ім пераважае шэры тон. Але самай адметнай асаблівасцю з'яўляюцца колер і форма гарлавой плямы. У каменнай куніцы яна заўсёды белая (за гэта ёй і далі мянушку "беладушка"), у форме падковы з няроўнымі краямі, якая працягваецца назад двума мысамі да падстаў пярэдніх лап. У лясной куніцы пляма жоўта-памаранцавага колеру і на лапы не заходзіць. У цэлым беладушка больш моцны і мускулісты звярок, чым жоўтадушка, фізіялагічна лепш падрыхтаваны да жыцця ў гарадскіх умовах.
Дарэчы, куніца – выдатны шныпар (спрытняк). Яна лёгка перасоўваецца на гарышчы жылых і нежылых памяшканняў, прамысловых будынкаў. Спрыт і здольнасць гэтага драпежніка пранікаць у самыя цяжкадаступныя месцы захапляе. Куніца здольная ўзлезці па сценах шматпавярховага цаглянага дома да паддашкавых памяшканняў чапляючыся за краі цэглы, карнізы, выступы тынкоўкі і т.п., не кажучы ўжо пра драўляныя пабудовы і дрэвы. Быў выпадак, калі беладушка сарвала лекцыі ў адной з маскоўскіх ВНУ бегаючы па карнізах шматпавярховага навучальнага корпуса. А аднойчы яна пераканала мяне ў тым, што здольная ўзлезці па роўнай сцяне з пенаблокаў з голубам у зубах.
Дзякуючы гэтаму неверагоднаму спрыту, каменная куніца без праблем здабывае сабе правіянт у гарадскім асяроддзі. Яе ежай часцей за ўсё становяцца грызуны і птушкі (галубы, дробныя вераб'іныя), есць яйкі птушак. У халодную пару года куніцы трымаюцца прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, дзе засяроджана вялікая колькасць іх жывога корму – мышэй і птушак. Напрыклад, маршрут дзвюх асобін да хлебазавода па вуліцы Інтэрнацыянальнай пралягаў праз тэрыторыю Гомельскага аблвыканкама, дзе яны штоноч прабягалі ўздоўж будынка абласной адміністрацыі, прычым прадстаўнікі службы аховы беспамылкова адрознівалі кожную з іх і ведалі час, калі яны перасякалі даручаную ім тэрыторыю.
Аднак не варта вешаць на гэтага звярка цэтлік крыважэрнага драпежніка. З лета яна становіцца вегетарыянцамі і амаль цалкам пераходзіць на раслінныя ласункі, з задавальненнем ядучы саспелую садавіну і ягады. Перавагу пры гэтым аддаюць асноўным чынам яблыкам, грушам, слівам, маліне, вінаграду ды іншым карысным і смачным пладам. І не толькі ўлетку, але і ўвосень. У адну з зім я знайшоў месца, дзе беладушка кармілася яблыкамі, адкопваючы іх па паху з-пад снега. Заўважана, што хатнія куніцы (а іх можна ўтрымоўваць дома падобна тхарам) з прапанаванай ім сакавітай садавіны і мяса перавагу аддавалі першым.
Ад Берліна да Гомеля
У тым, што гэта жывёла аблюбавала наш горад, няма дзіва. Усё больш паведамленняў з'яўляецца пра сустрэчы з куніцай у яго цэнтры і за межамі звыклага для яе арэала.
Ёсць звесткі пра засяленне куніцамі буйных гарадоў Нямеччыны, у тым ліку Берліна. У чэрвені мінулага года выйшаў артыкул пра распаўсюд каменных куніц у польскіх Кракаве, Шчэціне і Варшаве. Па словах "даследніка жыцця куніц у гарадах" з Ягелонскага ўніверсітэта Ізабелы Вяжбоўскай чыннікам росту іх папуляцыі з'яўляюцца спрыяльныя ўмовы, якія паўсталі ў апошні час. "Мы стварылі гарадскую экасістэму, ідэальную для пасялення звяроў, падобных куніцам" - адзначае яна. Што ж, можна пацешыцца вынікамі нашых заходніх суседзяў, бо ідэальныя ўмовы для пражывання жывёлаў у гарадах былі ў іх выпадку створаны мэтанакіравана.
Вядомыя выпадкі сустрэчы куніц у Варонежы, Казані, Уфе, а гэта ўжо кажа пра інтэнсіўнае павелічэнне арэала пражывання жывёлы радзімай якой з'яўляецца Закарпацце. Хутчэй за ўсё гарадскі ландшафт найболей падобны на першапачатковыя натуральныя мясціны рассялення каменнай куніцы – скалістыя цясніны, каменныя россыпы і схілы гор. Таму на тэрыторыі Беларусі гэты звярок аддае перавагу жыццю ў населеных пунктах. Такі шлях у свой час прайшлі і гарадскі шызы голуб ды кольчаты турчык, якія гнездаваліся раней на скалах.
Плюсы і мінусы пражывання звярка ў горадзе
Як і ўсё ў гэтым жыцці мае два бакі медалю, так і прысутнасць каменнай куніцы ў населеных пунктах мае для нас дваякае значэнне. Кажучы шчыра, праблемай суіснавання людзей і куніц у нашым горадзе і ў Беларусі ў цэлым пакуль ніхто не займаўся. Не вывучаны ні пазітыўныя, ні адмоўныя бакі гэтага пытання. Рызыкну прывесці асноўныя відавочныя довады. Па звычаі пачнем з дрэннага.
Каменная куніца, як і іншыя цеплакроўныя, тым больш пажадлівыя жывёлы з'яўляецца патэнцыйным рэзервуарам віруса шаленства. Існуе верагоднасць пераносу ёй і іншых інфекцыйных захворванняў. Магчыма нанясенне шкоды хатнім жывёлам, знішчэнне птушыных яйкаў і сталых асобін. Адзначаны цікавы факт пашкоджання куніцамі праводкі і паліўных шлангаў аўтамабіляў. Па адной з версій, жывёлу прыцягвае рэшткавае цяпло рухавіка і пах вуглевадародаў.
У абарону жывёлы жадаецца адзначыць, што беладушка – асноўны вораг мышападобных грызуноў ды пацукоў і ў гэтай ролі ўпэўнена замяняюць котак. У сувязі з тым, што гэтая жывёла вядзе змрочна-начны лад жыцця, кантакт з чалавекам ці з бяздомнымі жывёламі (а значыць і заражэнне) малаверагодныя.
Самым важным пытаннем на гэтым этапе з'яўляецца ўсведамленне і прыняцце новага суседства, фармаванне гуманнага стаўлення да "навасельцаў". Не так шмат на гэтай планеце жывых істот, здольных, як і мы, жыць у "каменных джунглях".