Традыцыйная акцыя АПБ пройдзе 16-17 студзеня. Каб прыняць у ёй удзел, трэба палічыць віды і колькасць птушак каля вашай кармушкі і даслаць дадзеныя ў арганізацыю. Гэта можна зрабіцьпраз адмысловую форму на сайце, акрамя таго можна даслаць паведамленне ў сацыяльных сетках або даслаць дадзеныя на адрас info@ptushki.org.
Сярод удзельнікаў, якія дашлюць вынікі сваіх назіранняў, АПБ разыграе 10 значкоў з птушкамі, якія часцей за ўсё наведваюць кармушкі – зелянушкамі, снягірамі, палявым ды хатнім вераб'ём.
У грамадскай арганізацыі растлумачылі, што лепшы корм для прадстаўнікоў сямейства вераб'іных – насенне сланечніка. Сініцы і дзятлы з задавальненнем ядуць несалёнае сала, вераб'і, зелянушкі і попаўзні любяць паласавацца арахісам. «Чым больш корму будзе - тым больш птушак прыляцяць да вашай кармушкі. У мінулым годзе акцыя праходзіла 17-18 студзеня, і на кармушкі прыляцелі больш за 25 відаў птушак. Часцей за ўсё бачылі вялікую сініцу (755 асобін), на другім месцы – хатні верабей (590 асобін), на трэцім - палявы верабей (567 асобін). Больш за 700 удзельнікаў акцыі падкармілі тады звыш 3 тыс. птушак», - падкрэслілі ў АПБ.
Акрамя таго, з 15 па 31 студзені 2016 АПБ і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах праводзяць традыцыйны ўлік зімуючых вадаплаўных і каляводных птушак Беларусі. «Запрашаем лічыць птушак на незамярзальных вадаёмах ўвесь студзень. Асаблівую ўвагу звернеце на 15 студзеня. У гэты дзень у Мінску пройдзе сінхронны ўлік зімуючых вадаплаўных і каляводных птушак», - растлумачылі ў арганізацыі.
Даведка
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – найбуйнейшая недзяржаўная прыродаахоўная арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International. АПБ - гэта больш за 3000 сябраў і прыхільнікаў, каля 120 школьных клубаў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе для захавання біяразнастайнасці і ўключэння насельніцтва ў прыродаахоўную дзейнасць.