12.01.2021 / 11:01

Tiden –  гэта экапрастора, крама, кавярня ды яшчэ і брэнд мэблі. Заснавальнікі гэтага праекту – Алёна Маркіна і Сяргей Сарока – першапачаткова вырашылі, што тут ўсё будзе экалагічна: ніякага аднаразовага посуду на вынас. І нават складаны 2020-ты не дазволіў ім здацца! Беларусы іх падтрымалі – і кавярня перажыла абедзве хвалі. Ды яшчэ і пачала збіраць рэдкія пластыкавыя рэчы на перапрацоўку.

Увесь мінулы год кавярня штодзень адкрывала дзверы для гасцей. Хоць у сакавіку, як кажа Алёна Маркіна, часам было цяжкавата – за дзень мог ніхто не прыйсці і толькі ўвечары завітвала пара чалавек, –  але ж прыпыняць працу яны не збіраліся.

Калі з наведвальнікамі стала нягуста, саўладальнікі вырашылі зрабіць дастаўку. Але не звычайную, а ў шматразовых кантэйнерах. Кліенты падтрымалі такі варыянт і былі рады, што гэта не дадае ніякага смецця. Алёна асабіста прывозіла ежу і атрымала шмат добрых водгукаў на такі сэрвіс.

Адзінае, дастаўкай нельга атрымаць напоі, бо яны вельмі хутка астываюць, а кавярня непакоіцца пра якасць і смак. Але можна замовіць памолатае зерне і заварыць гарачую каву самастойна дома.

У Tiden таксама можна ўзяць ежу і напоі на вынас, але зноў жа толькі ў свой кубачак або кантэйнер, што зноў жа іх адрознівае ад іншых устаноў.

“Па-першае, чалавек сам адказвае за чысціню свайго посуду. Па-другое, у кавамашынах ёсць спецыяльны кран, адкуль ідзе кіпень. Гэтай вадою можна кантэйнер ці кубак папярэдне апрацаваць. Ці нават памыць яго рукамі з сродкам для мыцця. Напрыклад, калі  людзі дагэтуль бралі нешта на вынас у іншым месцы, а цяпер просяць спаласнуць, бо хочуць узяць смачненькае ў нас”, – кажа Алёна.

Па назіраннях саўладальніцы кавярні, у траўні людзі ўжо пачалі вяртацца на вуліцы. За столікамі іх стала дзесьці ўдвая больш, чым у сакавіку. Але ж па выдатках вады і антысептыкаў было бачна, што беларусы сталі значна больш сачыць за гігіенай. Яшчэ ўвесну ў Tiden вырас попыт на мыла і шампуні, і пры гэтым попыт на шматразовыя рэчы застаўся стабільным, нягледзячы на пэўны культ аднаразовага ў сувязі з пандэміяй.

Паколькі Tiden – гэта не толькі кавярня, але яшчэ і экашоп, тут адразу можна набыць яшчэ і ежу. Напрыклад, арахісавую пасту ў шкляным слоіку, які можна вярнуць. І ўвесну, калі актыўна працавала дастаўка, сапраўды 90% слоікаў вярнуліся для паўторнага ўжывання. Зараз, як кажа Алёна, адсотак не такі вялікі, магчыма, з-за таго, што слоік трэба спецыяльна браць з сабою і ісці ў кавярню.

 

Уся мэбля з гісторыяй

Кожны раз калі думаеш, што ўжо больш экалагічнай кавярняй быць немагчыма, Tiden можа здзівіць. Уся мэбля там або адрэстаўраваная або зроблена ўласнаручна саўладальнікам з лакальнай драўніны.

Першапачаткова Алёна і Сяргей у прынцыпе займаліся вытворчасцю мэблі. Сяргей робіць усё новае з мясцовай драўніны. А Алёна рэстаўруе вінтажныя рэчы.

“Мая цікавасць да рэстаўрацыі пачалася тады, калі мае бацькі набылі хату. У ёй засталося шмат мэблі ад папярэдняй гаспадыні, і мы вырашылі яе не выкідаць. Я пераглядзела вельмі шмат варыянтаў, як перарабіць мэблю пад сучасныя патрэбы. І неяк справа пайшла”, – дзеліцца ўспамінамі рэстаўратарка. Тады гэта было больш як хобі, але ж адразу пасля пераезда ў Беларусь – сама Алёна з Расіі – яна атрымала першы заказ і справа перацякла ў прафесійнае рэчышча.

Рэстаўрацыя часта можа быць даражэй за новы прадмет. Як прызнаецца вытворца, цэны ў іх з Сяргеем на рэстаўрацыю і на новую мэблю прыкладна аднолькавыя. Але ж да Алёны звычайна звяртаюцца людзі, якія хочуць мець мэблю з гісторыяй. Ці, мабыць, аднавіць нейкую сямейную рэліквію, якая знаёма з дзяцінства і звязаная з успамінамі.

У самой кавярні стаяць адрэстаўраваныя крэслы, часопісны столік, шафа, свяцільнікі і вінтажная канапа з Даніі (яе, насамрэч, гаспадары набывалі сабе ў хату, але ж яна дужа добра прыжылася тут). Усю астатнюю мэблю Сяргей рабіў сваімі рукамі: сталы, барную стойку, стэлажы.

 

Звычайныя рэчы, якія рэдка забіраюць на перапрацоўку

У Tiden можна прыходзіць не з пустымі рукамі. А лепш са старой зубной шчоткай, непатрэбнай банкаўскай карткай або блістарамі ад таблетак. Такія рэчы ў Беларусі мала дзе збіраюць, а тут амаль у цэнтры горада можна іх вельмі зручна здаць на перапрацоўку.

Алеся кажа, што сама дома сартуе ўсё на свеце. Яшчэ і вывучаю перапрацоўшчыкаў Расіі, знаёміцца з імі, цікавіцца тэхнічным працэсам.

Такім чынам былі знойдзены кампаніі, якія збіраюць такую сыравіну. Папярэдне ўсё сартуецца на месцы ў Мінску, потым трапляе на дасартаванне ў Маскву. Раней, калі можна было спакойна ездзіць на машыне, Алёна і Сяргей адвозілі ўсё і за адным разам. Але цяпер ва ўмовах зачыненых граніц яны вырашылі працаваць з транспартнай кампаніяй. Напрыклад, першую партыю блістараў атрымалася назбіраць літаральна з ліпеня па кастрычнік – і адправіць мяшок у 26 кг.

Уся сыравіна едзе спярша ў Маскву, блістары потым накіроўваюцца ў Яраслаўль. Металічная частка, натуральна, ідзе да металаў, а з пластыку – часцей за ўсё гэта ПВХ – робяць водаправодныя трубы.

Там жа ў Яраслаўлі перапрацоўваць сабраныя пластыкавыя карткі ў падваконні.

Зубныя шчоткі едуць у Жалезнадарожны да вытворцаў асадак.

У Алёны яшчэ ёсць некалькі ідэй, што можна збіраць і перапрацоўваць. Напрыклад, тыя ж цюбікі ад зубной пасты, якімі ў Беларусі ніхто не займаецца з-за іх шматслойнасці. Але ж для іх збору патрэбна шмат месца, так што пакуль гэта ідэя чакае свайго часу. Хоць Алёна кажа, што ёй вельмі падабаецца гэты накірунак і, магчыма, калісьці яна магла бы адкрыць сваю станцыю сартавання.

У цэлым Tiden нельга разглядаць толькі як кавярню, або як краму, або як нейкі іншы асобны накірунак. Tiden – гэта стыль жыцця, усё тут гарманічна спалучаецца, дадаецца па прынцыпу zero waste і падтрымліваецца гасцямі.

Автор:
Фотограф:
Tiden
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость