Нядаўна Піна.бел падвяла вынікі 2020 года і расказала, якія новыя магчымасці сёлета з’явяцца ў платформы. Нягледзячы на ўсе складанасці мінулага году, летась праект разам з грамадзянамі дапамог 132 гадаванцам. Гэта паспяховыя аперацыі, дарагое лячэнне, ператрымкі і іншыя важныя рэчы.
Беларусы летась перавялі больш за 30 000 рублёў на дапамогу хвосцікам. Усяго за 2,5 гады існавання праекта было сабрана каля 90 000 рублёў.
Сёлета на платформе з’явілася новая функцыя – чалавек або кампанія могуць стаць апекуном Піна.бел. Статус апекуна даецца ад 1000 рублёў аднаразовага ўзносу. На сайце ёсць спецыяльны раздзел, дзе будуць адзначацца такія мецэнаты. Там ужо з’явілася некалькі імёнаў.
Экс-тэнісістка Вольга Барабаншчыкава даўно падтрымлівае бяздомных жывёл. Яна актыўна піярыць іх праз сацсеткі і бярэ ўдзел у жыцці катоў і сабак. Актывісты Піна.бел называюць яе анёлам-захавальнікам за тое, колькі іх хвастатых падапечных яна дапамагла выратаваць.
Юрыст Дзмітрый Матвеяў таксама знаходзіцца ў спісе апекуноў праекта. Па сваёй прафесійнай дзейнасці Дзмітрый уваходзіць у топ лепшых юрыстаў Беларусі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці/ІТ.
Пры гэтым у яго ёсць час клапаціцца пра хвастатых сяброў. Праект Піна.бел адзначае яго, як чалавека найшырэйшай душы з велізарным сэрцам і бясконцай любоўю да чацвераногіх.
Таксама ў шорт-ліст актыўных памочнікаў праекта трапіла каманда Goodstart.by, якая забяспечвае работу партала.
Зараз на платформе знаходзяцца тры актыўных праекта, якія неабходна падтрымліваць. Гэта збор грошай на работу самой Піна.бел, збор на стэрылізацыю бяздомных жывёл і на экстранную дапамогу жывёлам у Цэнтры ветэрынарнай траўматалогіі і артапедыі.
Дарэчы, скарыстацца сабранымі сродкамі могуць любыя людзі, якія вырашылі дапамагчы жывёлам.
Калі вы знайшлі ў сталіцы параненага сабаку і ўзялі ў рукі клопат пра яго жыццё, то можаце везці яго ў Цэнтр ветэрынарнай траўматалогіі на вул. Мантажнікаў, 9.
Калі на рахунку клінікі ёсць грошы, сабраныя на Піна.бел, то ўрачы і адміністрацыя могуць прыняць рашэнне ратаваць сабака за гэтыя сродкі або хаця б часткова аплаціць імі лячэнне. Але ж пры гэтым трэба памятаць, што пасля аперацыі жывёле патрэбны догляд і аднаўленне, то-бок ператрымка і адказны чалавек побач.
Праект па стэрылізацыі прадухіляе велізарную колькасць такіх аперацый, калі тэрмінова трэба ратаваць катам і сабакам жыццё. Чым менш бадзяжных жывёл і чым лепш за сваімі гадаванцамі даглядаюць гаспадары, тым менш з іх потым трапляюць пад машыны – і на экстранныя аперацыі ў цэнтр траўматалогіі.
Дарэчы, калі ёсць жаданне стэрылізаваць сваіх дваровых кошак, то Піна.бел дае магчымасць зрабіць гэта бясплатна. У гэты праект можна падключыцца, калі вы гатовы ўзяць жывёлу на часовую ператрымку і сачыць за ёй пасля аперацыі (магчыма, прыйдзецца апрацоўваць швы і даваць лекі).
Таксама адна з умоў – пастарацца знайсці ёй гаспадара. Пакінуць заяўку і даведацца больш падрабязнасцей па праекту стэрылізацыі можна па тэлефоне +375 (33) 632-37-43 з 09.00 да 20.00 пн-пт.