12.03.2024 / 16:03

Польская і славацкая прэса пішуць пра кенгуру ў Татрах. Адкуль узяліся жывёлы і што іх чакае?

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Мінулай восенню кенгуру ўцёк з прыватнага заапарка. Яго бачылі ў раёне горада Ліптоўскі Мікулаш у Славакіі, а таксама ў розных частках падножжа заходніх Татраў. Жывёла перажыла зіму. Гаспадар заапарка Бэнджамін Бэна пракаментаваў сітуацыю польскім медыя:

Кенгуру, як і эму, папугаі і многія іншыя аўстралійскія жывёлы, без праблем выжываюць ва ўмовах нашай (у Татрах – рэд. ЗП) зімы. Шмат хто гэтага не ведае, але ў Аўстраліі таксама ёсць раёны, дзе тэмпература можа апускацца ніжэй за нуль, і жывёлы без праблем адаптуюцца да такіх умоў.

Бенджамін Бэна занепакоены тым, што пасля доўгага знаходжання на волі замыканне кенгуру ў заапарку можа аказацца для яго турмой.

З іншага боку, у дзікай прыродзе яму пагражае некалькі відаў небяспекі. Мы ўжо пабачылі, што холаду кенгуру не баіцца, ежы яму не бракуе, але яму ўсё роўна пагражаюць машыны і драпежнікі. Мы хочам, каб яму было добра там, дзе ён цяпер. Свабодна, на ўлонні прыроды, – падкрэслівае гаспадар.

Па адных звестках, кенгуру, пра якога ідзе размова – гэта самка, і ўцякла яна разам з дзіцём. Па іншых звестках, з іншага прыватнага заапарка ўцякло маленькае кенгураня мужчынскага полу, якое выбралася з кішэні на целе маткі і знайшло дзірку ў агароджы.

Заолаг Нацыянальнага парка ў Татрах Эрыка Фер’янцова паведаміла, што кенгуру спрабавалі злавіць, але ён аказаўся вельмі спрытным:

Кенгуру – вельмі палахлівыя жывёлы. Не падпускаюць да сябе і хутка ўцякаюць. У дзікай прыродзе яны пазбягаюць людзей, і нават калі б кенгуру вырас ў няволі, ён не шукаў бы кампаніі чалавека.

Думалі таксама выкарыстаць снатворнае, якім стрэліць у жывёлу, але пакуль яна заснула б, паспела б далёка адскакаць, таму ад такога спосабу адмовіліся.

Прадстаўнікі заалагічных службаў Славакіі запэўніваюць, што хоць кенгуру – і экзатычны від у гэтых шыротах, ён не інвазійны і не ўяўляе пагрозы для прыроды.

Інвазіўны біялагічны від – такі від, распаўсюджванне якога пагражае біялагічнай разнастайнасці. Тыповая першапачатковая прычына яго распаўсюджвання – адмысловы ці выпадковы перанос арганізмаў па-за іх натуральны асяродак бытавання.

– Аднак гэта вялікая безадказнасць гаспадара, бо той, хто мае чужародныя віды, абавязаны сачыць за тым, каб яны не ўцяклі, – кажуць спецыялісты.

Сітуацыю пракаментаваў кандыдат біялагічных навук з Беларусі, імя якога мы не называем у мэтах бяспекі.

Нечакана, канечне, што кенгуру ў Татрах не загінуў ад холаду, голаду і драпежнікаў. Апошняя зіма была цёплая, але якой будзе наступная? У Аўстраліі адзіны драпежнік, які рэгулюе колькасць кенгуру, – дзікі сабака дзінга. Думаю, у Татрах гэта мог бы быць воўк ці янотападобны сабака, калі яны водзяцца ў той мясцовасці, дзе цяпер жывуць кенгуру. Наўрад ці аўстралійскі від стане ў Татрах інвазіўным.

Адзіны шлях, які я для гэтага бачу, – кенгуру павінны былі б моцна размножыцца і з’ядаць столькі зялёнай біямасы, што ежы не хапала б мясцовым траваядным жывёлам. І тады яны вымушаныя былі б сыходзіць у іншыя мясціны ці проста скарачалася б іх колькасць. Але кенгуру нараджаюць па адным дзіцяці на год, а самі жывуць па 5-6 гадоў, таму наўрад ці магчымы вялікі прырост папуляцыі.

У Беларусі прызнаныя інвазіўнымі, па розных падліках, ад 300 да 400 відаў. Самыя вядомыя, бадай, – каларадскі жук, баршчавік Сасноўскага і канадскі залатарнік. Каларадскі жук прыплыў у Еўропу на караблях з Амерыкі прыкладна падчас Першай сусветнай вайны і за стагоддзе засяліў прастору да Уральскіх гор.

Праз горы не перабраўся і, думаю, не перабярэцца. Гэты від распаўсюджваецца дзякуючы таму, што вельмі хутка размнажаецца, і ў яго няма ў еўрапейскай прыродзе натуральных ворагаў.

Інвазійны від можа распаўсюдзіцца на новай тэрыторыі і сам, як каларадскі жук, і быць прывезеным чалавекам, як баршчавік Сасноўскага.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость