12.05.2016 / 16:05

У цэнтры горада з'явіліся адразу два новыя месцы, дзе можна абмяняць або ўзяць бясплатна кнігі. У "Краме Ц" дзейнічае першы беларускамоўны буккросінг, а на вуліцы Ажэшкі, каля офіса Чырвонага крыжа, можна прыдбаць або аддаць кнігі ў абедзенны час, піша Твой Стыль.

Ідэя буккросінгу была з моманту адкрыцця крамы

Прынцып адбору кнiжак у "Краме Ц" - па моўным прызнаку. Гэта могуць быць кнігі, напісаныя арыгінальна па-беларуску, або пераклады на беларускую мову. Вітаецца як мастацкая, так і літаратура ў культурна-гістарычным накірунку.

"Мы не адзіныя, хто любіць чытаць. Мы не адзіныя, каму падабаюцца друкаваныя кнігі, а не іх электронныя адпаведнікі. Набываць кнігі не заўсёды ёсць магчымасць, ды i патрэба ў гэтым вельмі ўмоўная, а вось абмен кніжка на кніжку ў вольным рэжыме - выдатная тэма. Ну і як жа абысці тэму літаратуры ў культурнай прасторы? Ідэя буккросінгу была ад пачатку існавання крамы. Проста ўвасобіць яе атрымалася толькі зараз", - распавёў кіраўнік этна-крамы "Цудоўня" Андрэй Несцяровіч.

Самыя каштоўныя падарункі - кветкі і кнігі

З 11 да 13 мая Чырвоны крыж праводзіць дабрачынную акцыю для гараджан. Іх буккросінг працуе на вуліцы Ажэшкі, ля офіса арганізацыі.

"За доўгія гады ў нас сабралося вельмі шмат розных добрых кнiг. Мы сталі ў цэнтры Гродна, каб падзяліцца з гараджанамі гэтай выдатнай літаратурай. Людзі могуць як узяць кнiгi, так і прынесці. Хай гарадзенцы прыходзяць і робяць сабе бясплатныя падарункі. А самыя каштоўныя падарункі - гэта кветкі і кнігі", - распавяла прадстаўнічка Чырвонага крыжа Тэрэза Белавусава.

Час працы буккросінгу: з 13.00 да 15.00.

 

 

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость