12.05.2020 / 12:05

Дзе знайсці дакладныя дадзеныя пра наша паветра і як адрозніць алергію ад прастуды? Зялёны партал паразмаўляў з навукоўцам, а таксама з урачом-алерголагам і даведаўся аб гэтым.

Моцнага пылення бярозы не было і не чакаецца

У Беларусі працуе толькі адна станцыя маніторынгу пылку. За ёю назірае кандыдат біялагічных навук Валянціна Шалабода, яна ж сама публікуе яе дадзеныя на старонцы ў Facebook Аэробиологическая станция Bymins Minsk. Гэта дапамагае алергікам зберагчы здароўе і адсачыць дакладныя тэрміны цвіцення раслін.

На графіках, што выкладаюць у суполцы, чырвоным паказаны даныя гэтага года, а сінім – сярэднія за пяць гадоў назірання. Першае, на што звяртае ўвагу Валянціна Шалаболда: сёлета ўсё працэсы пылення ідуць нестандартна. Гэта адзначаюць яе калегі і ў Расіі, і ва Украіне.

“Мы чакалі моцнага пылення бярозы, – тлумачыць эксперт. – Яго не было. У Мінску былі вельмі невысокія значэнні. - Звычайна ў нас некалькі тысяч пылковага зерня ў кубічным метры паветра, а сёлета нават 100 не дасягала. Гэтая колькасць уплывае на хворых на алергію, а для астатніх гэта абсалютна бясшкодныя ўзроўні”.

Спецыялістка тлумачыць: каташкі з бярозы адваліліся з пылком на зямлю. Яны не раскрыліся, і пылок не трапіў у паветра. Праз гэта і, магчыма, дзякуючы надвор’ю, апошнія дадзеныя кажуць, што паветра ў Мінску практычна чыстае.

Чаму так адбылося? Бо летась каташкі завязваліся вельмі позна – восенню. Праз цёплую зіму, магчыма, яны не прайшлі стратыфікацыю холадам – і выкід пылку пайшоў павольна. А потым былі дажджы, пахаладанне – і каташкі проста адваліліся.

“Цяпер бярозы ўсе зялёныя, то-бок  ужо няшкодныя. Ужо нават адзначаюць, што насенне пачало распаўсюджвацца, а звычайна гэта бывае ў чэрвені”, – кажа Валянціна Шалабода.

Дадзеныя са станцыі па бярозе
Дадзеныя са станцыі па бярозе

 

 

Дуб і клён таксама не пыляць. Сасна пыліць, але не шкодзіць

Пасля бярозы пачынаюць пыліць дуб і клён. Яны менш алергенныя і маюць толькі трэцюю катэгорыю, у адрозненне ад бярозы (у яе самая моцная – пятая).

Клён сёлета практычна не даў пылку, і кветкі абваліліся. Калі пабачыце ў горадзе клёны, то пад імі будзе зялёная пляцоўка з нераскрытымі кветкамі.

У дубоў зараз  павольна раскрываюцца каташкі. Хутчэй за ўсё, высокага ўзроўню пылення таксама не будзе, бо надвор’е дажджлівае і пылок не трапляе ў атмасферу.

На Палессі ў раёне Гомеля ўжо цвіце сасна – гэта бачна па жоўтых лужынах пасля дажджу. Звычайна з Мінскам у яе розніца ў 2-3 тыдні, значыць, хутка будзе і ў сталіцы. Але ж сасна абсалютна не алергенная, і рэакцыі на гэты пылок у хворых не бывае.

 

Раслінны пух з’явіцца ў канцы месяца

Паколькі станцыя ў краіне толькі адна – у Мінску, з іншымі гарадамі Беларусі даныя могуць не супадаць. Напрыклад, алешына і ляшчына сёлета пачалі пыліць вельмі рана – у канцы лютага – і працэс расцягнуўся да сярэдзіны сакавіка.

Яны па-рознаму сябе паводзілі, нават калі параўноўваць горад і раён. У лесе і ў цёплых дварах горада яны адпылілі раней, а там, дзе скразнякі і халодны вецер, алешына і ляшчына пачалі выкідаць пылок пазней.

У канцы траўня пачне ўтварацца раслінны пух на таполях і асінах. Ён з’явіцца, як толькі каташкі выкінуць насенне – а на асінах яны ўжо гатовыя, і пуху будзе даволі шмат.

Акрамя таго, вельмі рана адквітнела вярба: у канцы лютага – пачатку сакавіка. Таму ад яе таксама ў хуткім часе з’явіцца пух. Зараз бурна ідзе цвіценне дзьмухаўца, калі яно скончыцца, яшчэ і ад яго пух паляціць у паветра.

Так што ў канцы траўня раслінны пух стане праблемай.

Сам ён не выклікае алергіі, але раздражняе і драпае слізістую. А ў гэты час пачынаюць цвісці злакі – і вось іх пылок, трапляючы на раздражнёныя ўчасткі, выклікае запаленчыя працэсы ў вачах, чханне, кашаль і гэтак далей.

 

Дзе робяць аналізы ў Еўропе? Плюс спасылкі на анлайн-сэрвісы

Атрымаць прыладу (пастку) для такіх даследаванняў няпроста. Валянціне Шалабодзе яе падаравала нямецкая служба аэрапаліналогіі ў 2005 годзе. І толькі з 2006 года ў Беларусі вядуцца назіранні.

У Еўропе іх робяць у двух месцах: у Англіі і ў Італіі. Але ёсць складанасці ў адзіных мытных правілах для ўсяго ЕАЭС: сама пастка каштуе каля 5000 фунтаў, а каб увезці яе сюды – трэба дадаць прыкладна столькі ж.

У Еўропе такіх станцый нашмат больш. Напрыклад, у Швейцарыі яны стаяць амаль што ў кожнай горнай даліне, бо ў кожнай мясцовасці клімат адрозніваецца. А ім неабходны гэтыя дадзеныя, бо туды прыязджае шмат турыстаў.

Цэнтр аэрабіялагічных даследаванняў знаходзіцца ў Венскім медыцынскім ўніверсітэце. Там збіраюць інфармацыю з больш чым 600 еўрапейскіх станцый, у тым ліку і з мінскай. Гэтыя станцыі ўваходзяць у European Aeroallergen Network (EAN).

Але іншым арганізацыям яны перадаюць свае даныя толькі за аплату, і гэта праблема для тых, хто шукае дакладныя звесткі пра пылок у паветры.

Некаторыя сайты, якія займаюцца прагнозам, карыстаюцца не фактычнымі дадзенымі са станцый, а імкнуцца іх прадбачыць, абапіраючыся на даследаванні папярэдніх гадоў і надвор’е.

Часам гэта мае сэнс, але такі падыход можа сур’ёзна разыходзіцца з рэальным маніторынгам пылку. Напрыклад, Gismeteo сёлета зрабіў новую ўкладку пра канцэнтрацыю пылку бярозы ў паветры, але на яе можна разлічваць у той жа ступені, у якой на прагноз надвор’я: паказчык з фактам можа разыходзіцца.

Яшчэ адна карысная спасылка – мадэль прагнозу SILAM, распрацаваная фінскім метэаралагічным інстытутам. Яе прадказанні базіруюцца на апошніх даных EAN, улічваюць патокі паветра і абнаўляюцца кожныя пяць дзён.

На сайце можна паглядзець распаўсюджанне пылку бярозы, газоннай травы, алешыны, алівы, амброзіі, палыну па ўсёй Еўропе. А таксама ёсць графікі, якія дапамогуць у цэлым ацаніць пылкавы індэкс і рызыкі алергіі.

Прыклад дадзеных SILAM
Прыклад дадзеных SILAM

 

Доктар тлумачыць, як адрозніць алергію ад прастуды

На што трэба звярнуць увагу, калі падазраеце ў сябе алергію? Тлумачыць Вольга Грамада, урач-алерголаг першай катэгорыі медыцынскага цэнтра “Кравіра”:

“Сімптомы, якія характарызуюць наяўнасць алергічнай рэакцыі да пылку, будуць адпавядаць часу цвіцення пэўных раслін. Калі алергія на пылок дрэў, сімптомы (чханне, сверб, слёзацячэнне, пяршэнне ў горле, кашаль) могуць быць толькі ў час цвіцення гэтых дрэў. У выпадках, калі алергія здараецца ўпершыню, пацыенту і доктару можа быць цяжка адрозніць яе ад вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі (ВРВІ), таму на дапамогу прыходзіць дыягностыка, якую праводзіць урач-алерголаг”.

Трэба звярнуць увагу, у які час дня праяўляюцца сімптомы. Праз алергію на пылок раслін сімптомы будуць больш выражаныя ў першая палове дня і на вуліцы. Прыкметы рэспіраторнай інфекцыі будуць аднолькава непакоіць і днём, і ноччу.

Калі ёсць павышэнне тэмпературы, ламота ў суставах, слабасць, патлівасць, парушаецца працаздольнасць, то хутчэй за ўсё гэта прыкметы прастуды.

Калі, напрыклад, на вуліцы добрае надвор’е, свеціць сонца, вецер разгуляўся, то, адпаведна, у гэты час і сімптомы алергіі будуць больш выражаныя, таму што канцэнтрацыя пылку будзе больш у паветры. Калі прайшоў дождж ці пахмурна, пылок  у паветры прыбіўся да зямлі, і сімптомаў будзе менш.

“Кожны алергік і алерголаг ведаюць залатое правіла алергіі: калі няма кантакту, то пацыент здаровы. Калі чалавек, які ведае, што ў яго алергія на пылок, зачыніцца ў пакоі, створыць ідэальна чыстыя ўмовы, то і хвароба будзе выражаная ў меншай ступені”, – дадае Вольга Грамада.

Асноўныя сімптомы пры алергіі на пылок:

  • бесперапыннае чханне;
  • сверб у носе;
  • слізі з носу выдзяляецца вельмі шмат, і яна празрыстая;
  • могуць свярбіць і чырванець вочы;
  • могуць цячы слёзы;
  • пяршыць у горле.

Калі гэта ўсё не лячыць гадамі, можа развіцца астма, асабліва, калі існуе схільнасць да гэтага і ў сваякоў таксама ёсць алергічная рэакцыя.

 

Як паводзіць сябе пры алергіі?

У асноўным выклікаюць алергію расліны, якія апыляюцца паветрам. У іх непрыгожыя кветкі, пылок лёгкі, каб вецер мог яго перанесці. Калі расліна смачна пахне, у ёй буйныя кветкі, то яна такім чынам прыцягвае насякомых, каб яны перанасілі яе цяжкі пылок. У дачыненні да такіх раслін верагоднасць развіцця алергічнай рэакцыі менш.

Па словах алерголага, зараз у траўні часцей за ўсё можа праяўляцца алергія на бярозы, газонную траву, дзьмухаўцы і палын. Калі вы выехалі кудысьці на прыроду без таблетак і выпадкова знайшлі там той самы алерген, урач раіць, як дапамагчы сабе без медпрэпаратаў:

“Трэба прыняць меры, якія будуць памяншаць канцэнтрацыю пылку”, – кажа яна.

  • Самае банальнае – прыняць душ, змяніць адзенне.
  • Калі такой магчымасці няма, можна проста ўзяць тканіну ці ручнік, намачыць, абцерці валоссі, твар, вымыць вочы і рукі.

Калі няма прэпаратаў, а рэакцыя вельмі бурная (з адышкай ці ацёкам слізістых, носа, горла), мэтазгодна выклікаць хуткую дапамогу. Таму што гэта само не пройдзе.

“Мы павінны баяцца асноўных ускладненняў, якія можа даць паліноз: бронхаспазма, абвастрэнне бранхіяльнай астмы, анафілактычны шок. Гэта можа быць у выпадках, калі адначасова чалавек, напрыклад, не толькі ўдыхнуў пылок, але і з’еў нешта, што выклікае рэакцыю”, – тлумачыць Вольга.

Ёсць паняцце перакрыжаванай алергіі: калі ў пацыента з алергіяй на пылок выклікаюць рэакцыю яшчэ і прадукты, якія па сваёй генетычнай структуры на яго падобны. Яны ўтрымліваюць PR-бялкі, на якія імунітэт дае адказ. І пры ўжыванні ўнутр можа развіцца крапіўніца і ацёк Квінке.

“Напрыклад, у пацыентаў, якія хварэюць на алергію ад пылку дрэў, можа быць рэакцыя на арэхі і прадукты, якія ўтрымліваюць костку (персік, абрыкос, чарэшню, вішню, яблык), а таксама на расліны, якія падобныя на ружу (ружа, шыпшына)”, – кажа ўрач.

Ці будзе чалавек хварэць на алергію, залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад спадчыннасці. Але ёсць некалькі тэорый, як на гэта паўплываць. Напрыклад, лічыцца, што чым дзіцё і яго наваколле “бруднейшыя”, тым менш варыянт развіцця алергіі. Чым больш стэрыльныя ўмовы, тым больш верагоднасць. Ёсць звесткі, што праз гэта гарадскія хварэюць часцей, чым вясковыя.

Але гэта яшчэ звязана і з экалогіяй горада. Да таго ж былі даследаванні, якія даказалі, што, чым больш людзі хварэюць на паразітарныя інфекцыі (напрыклад, глісты), тым менш верагоднасць развіцця алергічнай рэакцыі. Калі іх праводзілі, параўноўвалі жыхароў скандынаўскіх краіны, дзе вельмі шмат увагі надаецца гігіене, і афрыканскіх. У выніку аказалася, што дзеці ў высокаразвітых краінах хварэюць на алергію часцей.

 

Ці можна пазбавіцца алергіі?

З узростам верагоднасць згасання алергічнай рэакцыі магчыма. Напрыклад, пасля 70 гадоў імунная сістэма пачынае працаваць па-іншаму і не так бурна рэагуе на раздражненні, таму алергія можа знікнуць. Бывае, што алергічная рэакцыя сама сыходзіць.

Напрыклад, чалавек жыў у Беларусі, кантактаваў заўсёды з бярозай. Пераехаў у Мексіку, дзе такіх раслін няма ўвогуле, яму ўжо жыць значна лягчэй. Але каб алергія знікла проста так, шанц вельмі маленькі. Такія выпадкі адзінкавыя. І нават у гэтай сітуацыі, калі будзе нейкі правакуючы фактар: перажыве пацыент стрэс ці аперацыю, будзе прымаць нейкія лекі – усё гэта можа пабочна вярнуць рэакцыю на пылок раслін.

Алергію на пылок можа аслабляць праз імунатэрапію.

Пацыенты з палінозам павінны ведаць, што інснуе “прышчэпка ад алергіі”. Вольга Грамада тлумачыць, што пацыенту ў такіх выпадках падбіраюць дакладны алерген. Тое, што менавіта ён  выклікае алергічную рэакцыю, кажуць шкурныя тэксты і імуналагічныя аналізамі. Да яго падбіраюць спецыфічны імунаглабулін Е і лечаць у той час, калі ён абсалютна здаровы. Працэс можа займаць ад 3 да 5 гадоў, але эфектыўнасць – да 90 %.

Калі аблегчыць сімптомы на вуліцы, трэба звяртаць увагу на прагнозы. Калі чалавек бачыць вялікую канцэнтрацыя пылку ў паветры, можна перад выхадам выпіць таблетку, каб адчуваць сабе лягчэй. Прэпарат падбіраецца індывідуальна, таму неабходна спярша пракансультавацца з урачом. Ёсць лекі, якія прымаюцца ўнутр,  а ёсць мясцовага дзеяння: каплі ў вочы, спрэі для носу і для горла.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость