12.08.2019 / 22:08

У нядзелю 11 жніўня неабыякавыя берасцейцы ў чарговы раз сабраліся на плошчы перад аблвыканкамам, каб пратэставаць супраць шкоднай вытворчасці на заводзе АКБ.

Па інфармацыі "Берасцейскай вясны", экаактывіст Алег Вялаў выказаў перад прысутнымі думку, што час працуе на карысць пратэстуючых, бо акумулятарнае прадпрыемства спыненае, а грошы плаціць мусіць і работнікам і падаткі дзяржаве... Што набліжае ягоны эканамічны крах.

Не абышлося без "папярэджанняў" падобных да пагроз - "...будуць ідэнтыфікаваныя і пакараныя... ". Яны прагучалі з боку міліцыі і тычыліся недапушчэння парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. За пратэстуючымі назіралі людзі ў цывільным, адбывалася відэфіксацыя.

Прысутныя ўздымалі розныя пытанні: і выбары, і "табакеркі", і новыя метады ўладаў па ціску на экаактывістаў праз праверку ўмоў утрымання дзяцей экаактывістамі.

"Яны намагаюцца паставіць нашых дзяцей у сацыяльна небяспечнае становішча. Я сам прайшоў праз гэта!" - нагадаў прысутным экаактывіст Віталь Казак.

Мірнае мерапрыемства скончылася традыцыйным шэсцем. Затрыманняў не было.

Тым часам, шэсць мітынгаў з 20 па 25 жніўня плануецца правесці на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы "Прыбужжа" ў вёсцы Тэльмы Брэсцкага раёна. Заяўкі на іх правядзенне былі пададзеныя ў Брэсцкі райвыканкам 9 жніўня. Па адным мітынгу 25 жніўня – на пляцоўцы перад Домам культуры ў гэтай жа вёсцы і ў СЭЗ «Брэст» побач з заводам, паведамляюць naviny.by са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісляка.

А між тым ужо вядомыя вынікі пробаў паветра і глебы, якія яшчэ 5 жніўня зрабіла лабараторыя Брэсцкага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведамляе Брэсцкая газета. Перавышэння гігіенічных нарматываў па ўтрыманню свінца ў пробах не знайшлі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость