“Гаражны” распродаж, або “блышыны рынак”, па-шведску гучыць як “лопіс” - ад слова loppa, што ў перакладзе азначае “блыха”. На працягу доўгага часу гэта з’ява вельмі папулярная ў Швецыі, а з кожным годам яна робіцца ўсё больш распаўсюджанай і ў Беларусі.
Пасольства Швецыі ў Мінску запрасіла да ўдзелу прадстаўнікоў дыпламатычных місій, бізнес-супольнасці, сяброў і партнёраў Пасольства. З прыемнасцю можам адзначыць, што шмат хто адгукнуўся і перадаў на “лопіс” свае рэчы.
Грошы, атрыманыя на распродажы, пойдуць на дабрачынныя праекты, а непрададзеныя рэчы – тым, каму яны сапраўды патрэбныя.
Асаблівасць мерапрыемства яшчэ і ў тым, што дабрачыннасць у ім спалучаецца з экалагічнай павесткай дня – пераходу да разумнага спажывання штодзённых рэчаў і ўдумлівага стаўлення да таго, дзе і як арганізавана вытворчасць адзення.
Наведнікі змогуць узяць удзел у інтэрактыўна-адукацыйным блоку, арганізаваным Беларускай палатай моды. У якасці спікераў выступяць выкладчыкі дызайну БДУ і ICВ імя А.В. Шырокага і беларускія дызайнеры. Пачатак прэзентацый: 12.30, 13.30, 14.30, 15.30.
Таксама плануецца паказ калекцый адзення ад студэнтаў-дызайнераў.
Зялёная сетка прапануе бясплатна даслаць сябрам па ўсім свеце “зялёную пошту” – паштоўкі з парадамі па ўстойлівым спажыванні.
На мерапрыемстве са сваёй музычнай праграмай выступіць вядомы музыка Лёня Паўлёнак.
Наведнікам “лопіса” таксама прапануюць пазнаёміцца з выставай «Гісторыя шведскай моды», зрабіць фота з сімваламі Швецыі, а найбольш актыўных пакупнікоў чакаюць прыемныя сюрпрызы ад Пасольства.
Распродаж адбудзецца 21 верасня 2019 года а 12.00 - 19.00 па адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 15.
Уваход вольны (без папярэдняй рэгістрацыі).