12.10.2015 / 16:10

Чаму трава не расце на асфальце? Хто жуе ежу для чарвякоў? Чым кампот розніцца ад кампоста і чаму не трэба прыбіраць апалую лістоту? Карэспандэнтка “Твайго стылю” высвятляла гэта разам маленькімі эколагамі 10 кастрычніка на занятках дзіцячай экалагічнай студыі

Каб “дакапацца” да адказаў на пытанні давялося літаральна пакапаць рукамі. Усе слаі, ад чырвонай гліны да чарназёму, студыйцы пад кіраўніцтвам вядоўцы Лены Майсюк сваімі рукамі насыпалі ў празрысты слоік.

Зараз у гэтай “мадэлі” глебы могуць жыць расліны.

Але каб яны маглі жыць, ім неабходна харчавацца. Чым харчуецца трава і адкуль у глебе бяруцца спажыўчыя рэчывы – наступныя пытанні для пошуку адказаў. Новыя словы - мікраарганізмы, чарвякі, плесень, угнаенне – нікога не спалохалі.

Як і дажджавыя чарвякі, каторых прынеслі на занятак для знаёмства. Аказваецца, іх можна набыць у краме для рыбаловаў. А калі сабраць лупіны ад бульбы ці яблык, дадаць туды чарназёму і вады, а потым гэтых самых чарвякоў, то праз пару месяцаў атрымаецца “смачны” пачастунак для дамашніх кветак – кампост.

Каб не заблытацца, каму кампост, каму кампот, паклікалі на дапамогу мам. Яны на нейкі час ператварыліся ў чароўныя дрэвы, на галінках каторых раслі разам лісты, шышкі, яблыкі і цукеркі. А дзеці асобна збіралі “ураджай” для кампоту і для кампосту.

А пасля разам з вядоўцай Дашай Уманавай вучыліся рабіць лаўца сноў. Гнулі ў кола лазовы дубчык, плялі павуцінку, чаплялі да яе лісты. Прыгадвалі, пах якіх раслін найбольш падабаецца. Менавіта іх Даша раіла прымацаваць да свайго лаўца, каб на іх як рыбкі на вуду, лавіліся добрыя сны.

Па словах Рымы Ушкевіч, кіраўнічкі дзіцячай экастудыі, ахвотных вучыцца з малога жыць экалагічна аказалася нашмат больш, чым меркавалі арганізатары.

Таму арганізавалі не адну, а дзве групы. Зараз заняткі праводзяцца ў суботу у 14.00 у DOM46 і ў нядзелю ў 15.00 у антыкавярні “Живое время”. Ахвотныя могуць далучаца да заняткаў, каб набываць экалагічныя веды для карысці ў штодзённым жыцці.

Дети удивляли знаниями об окружающей среде: первое занятие экостудии
Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость