12.10.2016 / 17:10

У вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна, у пары дзясятках кіламетраў ад абласнога цэнтра, набірае моцы канфлікт паміж дачнікамі. 

Улетку ў вёсцы з’явіўся сабака, які з-за свайго рахманага нораву адразу ж зрабіўся любімцам многіх, хто прыязджае ў гэтую вёску на лецішча. Сям’я Таццяны, якая распавяла Гомельскаму зялёнаму парталу аб сітуацыі, асабліва прывязалася да чацвераногага сябра. 

На жаль, гамяльцы мелі магчымасць з’яўляцца ў Старым Сяле ў асноўным толькі ў выходныя дні. Але з кожным прыездам сабака чакаў неабыякавых гараджанаў каля брамкі. Ён пачаў жыць у двары хаты Таццяны, дзе яго заўжды чым маглі падкормлівалі і абмяркоўвалі варыянты далейшага ягонага лёсу пры наступленні халодных часоў. З-за немалых памераў сабакі ўзяць яго ў гарадскую кватэру было немагчыма, але ўжо абгаворваліся шляхі ўладкавання сабакі на сталае жыццё ў прыватны падворак праз валанцёраў. 

І раптам сабака бясследна знік. Засмучоныя дачнікі не знаходзілі тлумачэння такому раптоўнаму знікненню сабакі. А потым прыгадалі, што адны з суседзяў часцяком прывозілі на свой участак невялічкага сабачку, які пачаў чапляцца да вялікага пса, а той некалькі разоў шматануў малога гарадскога небараку. 

Паводле словаў Таццяны, праз нейкі час высветлілася, што ў адзін з днёў уладальніца малога сабачкі на вачах у траіх сваіх малалетніх дзяцей завабіла вялікага валацужнага пса сабе ў машыну і некуды звезла. Таццяна звярнулася да суседкі па тлумачэнні, а тая абыякава адказала, што ўсыпіла сабаку ў адной з ветэрынарных клінік і недзе закапала. 

Апошнія дні гэтыя суседзі не з’яўляюцца на сваім участку, а іх кантактных дадзеных Таццяна не ведае. Тым не менш, яна наведала згаданую жанчынай ветэрынарную клініку, але там адказалі, што ніякіх маніпуляцыяў па ўсыпленні сабак апошнімі днямі не выконвалі. 

– Яна звозіла гэтага сабаку на вачах у сваіх дзяцей, магчыма яны бачылі яго ўжо мёртвым. Вы ўяўляеце, якімі вырастуць гэтыя дзеці, калі яны з маленства бачаць, што родныя бацькі так абыходзяцца з жывымі істотамі? Гэта нельга пакідаць беспакараным! – лічыць Таццяна. 

Зараз жанчына мае намер звярнуцца ў правахоўныя органы з заявай аб правядзенні праверкі па факце жорсткага абыходжання з жывёлай, з мэтай высветліць асобы сваіх бязлітасных суседзяў і лёс сабакі, да якога за лета прывязалася ўся дачная вёска. Гомельскі зялёны партал будзе сачыць за сітуацыяй.

Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость