Гульня беларускіх чыноўнікаў у супраціў усяму заходняму зайшла настолькі далёка, што ўжо не проста нагадвае фразу «назло маме вушы адмарожу», а становіцца паўнавартаснай яе ілюстрацыяй.
Цяпер міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык заяўляе, што Беларусі (і чамусьці Расіі) трэба свая, адрозная ад заходняй, экалагічная павестка. Больш за тое, Беларусі, кажа ён, навязваюць заходнюю версію экалогіі.
Гэта было б смешна, калі б такую лухту трансляваў нікому не вядомы блогер-фрык на сваім юцьюб-канале з парай сотняў падпісчыц і падпісчыкаў. Гэта не было б варта асаблівай увагі, бо чаго толькі не прыдумаюць людзі.
Хтосьці вунь верыць у плоскую зямлю і сакрэтныя біялабараторыі ва Украіне, а хтосьці нават спрабуе лекаваць рак урынотэрапіяй і малітвамі.
Пакуль псеўда- ці антынавуковыя вераванні шкодзяць толькі самому чалавеку, які іх транслюе, у грамадства не мусіць быць з гэтым асаблівых праблем. Шкада, канечне, што ў кагосьці праблемы з крытычным мысленнем, але ну што паробіш.
І зусім іншая справа, калі абсалютную лухту транслюе чалавек, які мае ўладу. Бо калі міністр дзеліць экалогію на заходнюю і незаходнюю, і цалкам сур’ёзна кажа пра «навязванне заходняй версіі экалогіі», – гэта зусім не смешна.
Я разумею, што крытэр адбора ў беларускую палітыку толькі адзін – гэта лаяльнасць і адданасць Аляксандру Лукашэнку, і што ні пра які прафесіяналізм ці экспертнасць гаворка не ідзе ў прынцыпе.
Людзі на дзяржпасадах баяцца толькі таго, што сістэма, якую яны так старанна выбудоўваюць, сажрэць і іх. Для іх адказнасць бывае толькі перад адным чалавекам, а пра аб’ектыўныя наступствы сваіх заяваў і дзеянняў яны відавочна не надта задумваюцца. Але я адмаўляюся рабіць выгляд, што гэта нармальна ці ўвогуле дапушчальна на хоць якім узроўні.
Бо няма аніякай заходняй версіі экалогіі, і калі навукоўцы і палітыкі кажуць пра неабходнасць энергетычных рэформаў і катастрафічнасць кліматычнага крызісу, яны гэта робяць не для таго, каб прынізіць Лукашэнку.
У гэта, відаць, дужа цяжка паверыць і яму самому, і яго атачэнню, але свет вакол яго не круціцца. У норме чалавек яшчэ ў дзяцінстве перарастае гэтую фазу, у якой ён ці яна ўпэўнены, што ўсё вакол адбываецца для іх альбо з-за іх.
Калі хтосьці так думае ў дарослым узросце, гэта нагода ўстрывожыцца і, у ідэале, пракансультавацца хоць бы з псіхолагам (а ў асабліва цяжкіх выпадках – з псіхіятрам).
Але ў Беларусі такі падыход стаў адным са слупоў дзяржаўнага кіравання. Зацыкленасць на саміх сабе, якая пераходзіць у тое, што дужа нагадвае манію пераследу... Гэта дакладна кепская аснова для выбудоўвання знешняй і ўнутранай палітыкі. Але гэта рэальнасць, у якой даводзіцца жыць – чыноўнікі ў Беларусі звяраюць свае заявы і рашэнні не з рэальнасцю, а з тым, як Лукашэнка бачыць гэты свет.
Чым гэта скончыцца для самой Беларусі і краін вакол яе? Дакладна нічым добрым, але спрагназаваць дэталі занадта складана, бо як жа ж выбудаваць прагноз, калі рэальнасць змяняецца ў адпаведнасці з чыёйсці хворай фантазіяй, а не адпаведна працэсам, якія аб’ектыўна адбываюцца ў свеце.
Застаецца спадзявацца толькі на тое, што гэтая сістэма зруйнуецца да таго, як паспее ўчыніць новую экалагічную катастрофу проста каб супрацьстаяць абстрактнаму Захаду.