Валанцёрства ў Італіі
ACARBIO – некамерцыйная арганізацыя з горада Трамонці, якая працуе над аднаўленнем мясцовага навакольнага асяроддзя і мясцовай культурнай спадчыны.
Шукаюць валанцёраў на 6-8 месяцаў на тэрмін з 1 лютага да 31 снежня 2024 года. У рамках праекту неабходна аказваць дапамогу мясцовым фермерам; працаваць з дрэвам; весці сацыяльныя сеткі; выкладаць англійскую; пісаць тэксты; праводзіць семінары па ўстойлівым развіцці, перапрацоўцы і паўторным выкарыстанні.
Арганізацыя прапануе пражыванне ў агульнай кватэры з іншымі валанцёрамі і харчаванне. У некаторых выпадках могуць разгледзець магчымасць удзелу тэрмінам на 2 месяцы.
Узрост: ад 18 да 30 гадоў.
Тэрмін падачы заявак: 30 лістапада.
Падрабязней па спасылцы: валанцёрства.
Валанцёрства на Мальце з BirdLife
BirdLife Malta запрашае валанцёраў, якія гатовыя далучыцца да міжнароднай каманды, якая абараняе птушак і іх асяроддзе, а таксама распавядае людзям аб птушках і прыродзе на Мальтыйскіх астравах.
Арганізацыя прапануе валанцёрам пражыванне побач з офісамі арганізацыі ў паўночнай частцы вострава побач з запаведнікамі. У месцы жыхарства будзе электрычнасць, вада, газ і інтэрнет.
Валанцёрам кампенсуецца кошт пералёту і іншыя транспартныя выдаткі. Таксама прадугледжана медыцынская страхоўка і штомесячная грашовая дапамога.
Шукаюць валанцёраў па наступных напрамках:
- Асістэнт па ахове прыроды – 1 чалавек.
- Асістэнт па ахове марскіх птушак – 1 чалавек.
- Асістэнт наведвальнікаў – 3 чалавекі.
- Каардынатар – 1 чалавек.
- Памочнік кіраўніка – 1 чалавек.
- Асістэнт у сферы адукацыі – 2 чалавекі.
- Асістэнт па сувязях з грамадскасцю – 1 чалавек.
- Асістэнт у аддзел фатаграфіі і кінавытворчасці – 1 чалавек.
Тыя, хто раней удзельнічаў у доўгатэрміновай праграме Erasmus+ European Volunteer Service (EVS) ці доўгатэрміновай праграме Erasmus+ Volunteering, не маюць права прэтэндаваць на гэтыя пасады.
Узрост: ад 18 да 30 гадоў.
Тэрмін падачы заявак: 17 лістапада.
Падрабязней па спасылцы: валанцёрства.
Удзел у творчым праекце ў Вялікабрытаніі
Праект культурнай разнастайнасці Эсекса і Фонд спадчыны Эпінг-Форэсту запрашаюць дзеячаў мастацтва для ўдзелу ў праекце, які даследуе асабістыя сувязі і гісторыі, звязаныя з Эпінг-Форэстам.
Шукаюць людзей для стварэння праектаў, якія распавядуць пра лес; будуць заахвочваць розныя супольнасці наведваць лес; узнімаць экалагічныя тэмы; а таксама створаць платформу, на якой людзі змогуць расказваць свае гісторыі.
Эпінг-Форэст – гэта старажытны лясны масіў, які распасціраецца ад Мэнор-парку ва ўсходнім Лондане да Эпінга ў Эсексе. Штогод яго наведваюць больш за 10 мільёнаў чалавек. Гэта рай для людзей і дзікай прыроды з адкрытымі лугамі, лясамі, глыбокімі сажалкамі і багаццем птушак і насякомых. Эпінг-Форэст стаў адным з першых агульнадаступных і ахоўных ландшафтаў у Англіі.
Тэрмін падачы заявак: 27 лістапада.
Бюджэт: 10 000 GBP.
Падрабязней па спасылцы: праект.
Стажыроўка: каардынатар па ахове навакольнага асяроддзя
НДА Plane запрашае валанцёраў на стажыроўку. У рамках праекту валанцёрам неабходна дапамагаць у праектаванні платформы для зялёных інавацый ва Угандзе; удзельнічаць у падрыхтоўцы даследчага дакумента па садзейнічанні ўдзелу прыватнага сектара ў праграмах развіцця, звязаных са змяненнем клімату; працаваць з сацыяльнымі сеткамі платформы; працаваць над справаздачамі і дакументацыяй.
Працаваць трэба будзе 1-2 гадзіны на тыдзень. Кожныя два тыдні будуць праходзіць онлайн-сустрэчы з супрацоўнікамі PLANE і брыфінгі для валанцёраў.
Стажыроўка не прадугледжвае аплаты, але прапануюцца наступныя кампенсацыі:
- Прызнанне ўкладу валанцёраў у сацыяльных сетках і на вэб-сайце арганізацыі.
- Узнагароджанне ганаровай граматай супольнасці PLANE.
- Магчымасць паехаць ва Уганду са сваёй камандай, каб убачыць і ацаніць ход рэалізацыі праектаў і дасягнуты эфект.
- Рэкамендацыі.
Тэрмін праекта: 2–4 месяцы.
Тэрмін падачы заявак: 10 снежня.
Падрабязней па спасылцы: стажыроўка.
Мэнтарская праграма для моладзі
Праграма Kectil была створана для падтрымкі ў краінах, што развіваюцца, таленавітай моладзі, якая можа ўнесці пазітыўныя змены ў свае супольнасці.
Праграма праходзіць онлайн і прапануе модулі з паглыбленнем у складаныя заданні па рашэнні вострых праблем, з якімі сутыкаецца моладзь ва ўсім свеце, пад кіраўніцтвам экспертаў і ключавых моладзевых лідэраў/лідарак.
Удзельнічаючы ў праекце, вы зможаце далучыцца да мерапрыемстваў супольнасці для рэалізацыі сацыяльных дасягненняў; пазнаёміцца і пагутарыць з таленавітай захопленай моладдзю з усяго свету; завесці сяброў, якія падзяляюць вашае імкненне садзейнічаць развіццю грамадства. Па заканчэнні праграмы вы атрымаеце сертыфікат аб яе праходжанні.
Модулі праграмы:
- Рост насельніцтва і яго ўплыў на моладзь, беспрацоўе сярод моладзі.
- Інавацыі для развіцця грамадства.
- Прадпрымальніцтва і распрацоўка прадуктаў.
- Экалагічная ўстойлівасць.
- Мясцовыя праекты па паляпшэнні супольнасцяў.
Узрост: 17–26 гадоў.
Падрабязней па спасылцы: праграма.