Большая частка выканкамаў не паведамляе грамадзянам аб грамадскіх слуханнях у горадзе – аб гэтым сведчаць вынікі даследавання сайтаў выканкамаў на прадмет інфармавання аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, якое зладзілі і прэзентавалі юрысты таварыства “Зялёная сетка” пры ўдзеле юрыстаў ГА “Экадом” і экспертнай падтрымцы Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
Дадзеныя збіралі з 1 лістапада 2013 па 1 красавіка 2014, а вынікі прэзентавалі 5 снежня ў Мінску падчас круглага стала “Ад доступу інфармацыі да паўнавартаснага ўдзелу”. Першым этапам было самастойнае вывучэнне сайтаў усіх 157 беларускіх выканкамаў, пасля – накіраванне ім запытаў, каб спраўдзіць звесткі.
“Гэтая тэма для нас вельмі важная, таму што інфармацыя аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў з’яўляецца першым і самым галоўным этапам на шляху належнага ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў”, - тлумачыць Марына Дубіна, адна з аўтараў даследавання і каардынатарка прававой службы таварыства “Зялёная сетка”. На яе думку, гэта спрашчае далейшае прыняцце рашэнняў.
Дрыбінскі першы і… 116 апошніх
Першае месца ў агульным рэйтынгу заняў Дрыбінскі выканкам з "вежачкай" (79,17%). У Дрыбіне крыху больш за 3 тысячы жыхароў, шмат з якіх перасяліліся пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Горадам лічыцца з 1997 году.
Другое месца – Іўеўскі выканкам і трэцяе – Лідскі, абодва ў Гродненскай вобласці. Самая перадавая з мінскіх адміністрацый – Савецкага раёну – аж на 6 месцы, і следам за ёй – выканкам аднаго з самых багатых гарадоў краіны, Салігорску. Старажытны Нясвиж са сваімі мясцовымі ўладамі на 20 месцы, а курортны Браслаў - на 22.
Пра архітэктурныя і иншыя пытанні найлепш інфармуе выканкам у Пружанах, якія зусім побач з Белавежай; пра экалагічныя экспертызы – у Дрыбіне, і пра зеляніну – у Магілёве.
Яшчэ на 116 сайтах абвестак пра грамадскія абмеркаванні не знайшлося, што падцвердзілі выканкамы ў адказах на звароты. У рэйтынг гэтыя сайты не ўвайшлі.
Толькі ў 4 гарадах абмяркоўваюць дрэвы і амаль нідзе не публікуюць пратаколы
Апынулася, што абвесткі пра абмеркаванні рашэнняў, звязаных з архітэктурнай, будаўнічай і горадабудаўнічай дзейнасцю ёсць на 28 сайтах (65 абвестак); пра абмеркаванне справаздач аб АУНС (ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, рус. - ОВОС) на 20 сайтах (33 абвесткі) і толькі на 4 (8 абвестак) – аб абмеркаванні выдалення аб’ектаў расліннага свету.
Апроч таго, у большасці выпадкаў адсутнічае пратакол грамадскіх абмеркаванняў (59 з 65 выпадкаў), часта адсутнічаюць даты публікацыі, магчымасць скапіяваць матэрыялы, не пазначана, у якіх СМІ таксама публікавалася інфармацыя. Выбар мовы, навігацыя па сайту, як і выкананне тэрміну публікацыі таксама з’яўляюцца праблемай.
Выканкамы адныя і тыя ж, а падыход - розны
“Часта інфармацыя, якая размяшчаецца дзяржаўным органам, не адпавядае дзяржаўным нормам і патрабаванням. Самае вялікае пытанне выклікае аднолькавасць падыходу ўсіх выканкамаў да працэсу інфармавання грамадскасці”, - рэзюмуе Марына Дубіна.
Таму ў выданне вынікаў даследавання таксама ўвайшлі рэкамендацыі для выканкамаў, як ім, часткам адной і той жа сістэмы, адладзіць механізм доступу грамадзянаў да прыняцця экалагічна важных рашэнняў. Брашуру разам з рэкамендацыямі юрысты дашлюць у выканкамы.
Доступ да прыняцця такіх рашэнняў – законнае права грамадзянаў Беларусі: 14 снежня 1999 году Архуская Канвенцыя, накіраваная на забеспячэнне больш шырокага ўдзелу грамадства ў вырашэнні экалагічных пытанняў, была зацверджаная Загадам прэзідэнта РБ ад 14.12.1999 № 726. У законнае дзеянне ўступіла 30 кастрычніка 2001 году.