13.01.2015 / 17:01

Прачынаешся, а у цябе пад вокнамі плот - такое мінчукам знаёма. Як некаторыя гараджане змагаюцца з незаконнай забудовай, хто дамогся адзінай пакуль перамогі і адправіў праект плана раёну на дапрацоўку ўжо другі раз? Раcказвае Маргарыта Барысаўна, жыхарка завулка Калініна ў Мінску.

Пенсіянерка, колісь вельмі прывабная цемнавалосая жанчына, Маргарыта Барысаўна жыве з парай катоў, засвойвае камп’ютар і паціху вывучае законы Рэспублікі Беларусь.

Апошнім яна занялася, калі даведалася, што іх раён з пяціпавярховай забудовай будуць значна ўшчыльняць – прычым не па нормах. На месцы 20 дробных аб’ектаў у дварах сабраліся будаваць тры жылыя дамы – а ў выніку сярод "аб’ектаў" апынуліся сілавая падстанцыя тралейбуснага дэпо, АТС, гаражны кааператыў “Электрык”, пабудаваны на тэрыторыі падстанцыі, дзе гаражы выканкамаўцаў, КДБ і мясцовага начальства і нават адміністрацыя прэзідэнта.

10 аб’ектаў з 20 знесці не атрымалася, і на плошчу, якая зменшылася ў 2-3 разы, забудоўшчык хацеў паставіць усё тыя ж дамы, не тры дык два, а ўладальнікаў гаражоў сабралі ў 2006 годзе на сход.

"І вось выставілі кошт зносу аб’ектаў, і забудоўшчыік проста адмовіўся ад рэалізацыі праекта, і з 2006 года ўсё замерла. І тут у 2011 з’явіўся плот і пачалі рыць. Мы пайшлі ў адміністрацыю, і высветлілася, што нібы ў 2006 годзе яны правялі грамадскае абмеркаванне", - кажа Маргарыта Барысаўна.

Шматразовы ПДП

ПДП (план дэтальнай планіроўкі) каштуе не так мала. І калі палічыць выдаткі на ўсе яго "інкарнацыі", атрымаецца, напэўна, круглая сума.

Першы ПДП за грошы Упраўлення капітальнага будаўніцтва Першамайскага раёна быў зроблены ў 1995 годзе (з яго пабудавалі толькі 1 дом – К. Чорнага, 31. Астатняе не дабудавалі.) Пасля быў ПДП 2006 года на базе старога, і гэта былі таксама бюджэтныя грошы - але разлік вызваліць плошчу для забудовы апынуўся эканамічна немэтазгодным.

Пасля ў 2011 годзе ПДП "прадалі" кампаніі-забудоўшчыку – ЗАТ "Трэст Прамбуд", дазволілі пабудаваць 5 дамоў кожны на 9 паверхаў, выкарыстоўваючы прыдамавыя тэрыторыі іншых. У 2012 годзе пачалі будаваць адзін з іх, фактычна не маючы на гэта дазволу (у плане раёна 1995 года яе не было, а пазнейшыя так і не ўзгодненыя).

У 2013 і 2014 гадах ПДП адпраўлялі на дапрацоўку таксама за бюджэтныя грошы.

Ліставанне з водарам забудовы

"Мы два гады, з 2011 году пісалі ў адміністрацыю раёна, у Мінгарвыканкам, у пракуратуру і генпракуратуру, прэзідэнту. Ніяк не рэагавалі. Мы арганізавалі відэазапіс звароту да прэзідэнта. Вершалінай было тое, што мы далучыліся да рэферэндуму па развіцці Мінска. І тады ўлады занепакоіліся, - кажа Маргарыта Барысаўна. - У снежні 2013 году нас запрасілі ў адміністрацыю Першамайскага раёну і сказалі, што праект адпраўлены на дапрацоўку ў сувязі з нашымі актыўнымі пратэстамі, і што пасля таго, як улічаць усе нашыя заўвагі, будзе новае грамадскае абмеркаванне".

Дамы на касцях - для ветэранаў і навасёлаў

Новы план з’явіўся ў 2014 годзе і не парадаваў. Каб не парушаць нормы па шчыльнасці насельніцтва, забудову пакінулі прыкладна такой жа, але аб’ядналі ПДП двух суседніх раёнаў, што дазволіла лішнюю шчыльнасць "размазаць". Таксама ў раёне запланавалі тры паркінгі па 500 месцаў, што ў горадзе забаронена.

Такім чынам пад забудову далучыўся квартал, дзе вайсковая частка, хаця на яе тэрыторыі мемарыял загінулым 543 чалавекам. Фактычна ж там пахавана 26-45 тысяч ваеннапалонных (звесткі ад мінабароны па запыце грамадзянаў). На тэрыторыі вайсковай часткі былі і лазарэты, і траншэі пад сценамі для памерлых.

"Больш за тое, калі ў савецкія часы пачалі будаваць дом 9 па зав. Калініна, людзі, якія тут жылі, казалі, што столькі касцей вырылі… дзеці ганялі чарапы, - згадвае гераіня. - Там яшчэ вялікі гаражны кааператыў для ветэранаў узброеных сілаў. І дом, і кааператыў, дзе была маса касцей, пабудаваныя для вайскоўцаў".

Дайце газету, больш нічога не хачу!

Шмат дзе ў Мінску, паводле Маргарыты Барысаўны, сапраўднае абмеркаванне ПДП не праводзіцца.  Але справа ў тым, што далёка не ва ўсіх атрымліваецца даказаць гэта:

"ПДП 2006 году мы адбілі толькі таму, што не было сапраўдных грамадскіх абмеркаванняў. І мы гэта здолелі даказаць. Калі б яны прынеслі і паказалі абвестку – нам бы толькі заставалася прывязаць сябе да дрэваў.

Я іх два гады прымушала па розных інстанцыях даць адказ, пяць разоў прэзідэнту пісала, маўляў, нічога не хачу, дайце толькі газету. Калі яе няма – абмеркаванне не праводзілася, а выпадае звяно – усё астатняе незаконна".

Ва Уруччы была падобная сітуацыя з абмеркаваннем ПДП, толькі ў газету чыноўнікі ўсё ж напісалі. Пасля шмат жыхароў падпісалася пад тым, што абмеркавання не было – але выступілі пяцёра, якія нібыта прысутнічалі на ім.

Ці гэта было проста шанцаванне? – пытаю ў гераіні. Так, кажа яна, пашанцавала заўважыць, што абвесткі не было, плюс граматнасць, якой не стае многім гараджанам:

“У іх эмоцыі, а я працую з дакументамі. У мяне іх кіпа: аб зямлі, грамадскіх абмеркаваннях, усе ТПК (Тэхнічныя кодэксы ўсталяванай практыкі) і рэгламенты, генплан, санпіны, законы аб ахове навакольнага асяроддзя.

Вось гэта закон аб мінімальных дзяржаўных сацыяльных стандартах, аб якім ніхто нічога не ведае. Яны [забудоўшчыкі, - аўт.] не ведаюць, што абавязаныя іх выконваць пры праектаванні. А я ведаю і пішу ім – аб тым, што паліклініка мусіць быць не больш чым у кіламетры ад любога дома ў гэтым раёне – а ў нас яе ўвогуле няма… Хто ведае гэты закон, той можа разграміць любы іх ПДП".

Ці людзі не ведаюць гэты закон?

"Канешне, не ведаюць. Яны не жадаюць ведаць.

…Калі б у мяне не было дзяцей і ўнукаў, сказала б: дажыць бы ў спакоі. Але як чалавек, які мысліць, я разумею, што жыву не каб клапаціцца аб сваім спакоі. Я маю дзяцей і ўнукаў, і мне трэба ахвяраваць сваім спакоем дзеля іх".

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость