Браканьерскія сеткі даўжынёй як 25 Старых мастоў
Рыбу ловяць з дапамогай забароненых сродкаў, найчасцей сетак, у любым сезоне. Але вясной шкода ад гэтага робіцца больш значнай, бо рыба нерастуе. У гэты перыяд пакаранні за лоўлю рыбы больш чым адной вудай ці спінінгам больш жорсткія. Парушэнне правіл караецца штрафам ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (4,2-10,5 млн рублёў), а кампенсацыя шкоды прыродзе кампенсуецца ў трайным памеры.
Калі агульная сума нанесенай шкоды складзе 100 і больш базавых велічынь, артыкул 281 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае крымінальную адказнасць.
Гэтай вясной супраць рыбакоў–браканьераў на Гарадзеншчыне распачата ўжо чатыры крімінальных справы – дзве ў Ваўкавыскім раёне і па адной у Карэліцкім і Смаргонскім раёнах, паведаміў начальнік оператыўна-аналітычнага аддзела Гродзенскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Зінчанка. За гэты перыяд у браканьераў канфіскавана каля 80 кг незаконна здабытай рыбы.
У час следства рыба захоўваецца як рэчавы доказ, а пазней бясплатна перадаецца ў заапарк, дзе яе выкарыстоўваюць як корм для пеліканаў ды іншых жывёл.
Агулам ад пачатку года ў браканьераў вобласці канфіскавана каля 123 сетак агульнай даўжынёй каля пяці кіламетраў - гэта даўжыня 25-ці Старых мастоў! Таксама канфіскавана амаль 200 іншых забароненых прыладаў лову.
Вясновы букецік - таксама браканьерства?
“Першыя сёлетнія кветкі пабачыла я… на рынку, - расказвае пенсіянерка з Гродна Зоя. - Пасля пайшла ў Пышкі, паглядзець ці там зацвілі”. Зоя ведае ў гэтым ляску некалькі палянак, дзе штовесну з’яўляюца кветкі. Спачатку – блакітныя пралескі, пазней – белыя ветраніцы. З яе словаў, раней у Пышках кветкі з’яўляліся амаль паўсюдна, зараз іх можна знайсці літаральна ў лічаных месцах.
Што да шкоды прыродзе ад бяскрыўдных на першы погляд букецікаў, то варта нагадаць – ветраніца адносіцца да раслін, якім пагражае знікненне, і яна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, а пралескі ў Чырвоную кнігу Еўропы і пералік раслін, што патрабуюць прафілактычнай аховы.
Пакаранне за знішчэнне чырвонакніжных раслін ці дзеянні, што прыводзяць да парушэння іх натуральнага асяродку, гэта штраф ад 20 до 50 базавых велічынь (4,2-10,5 млн рублёў). Таксама караецца штрафам гандаль такімі раслінамі. У гэтым выпадку сума штрафу складзе да 10 базавых велічынь (2,1 млн).
Здымкі аўтаркі і з сайта Гродзенскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету