13.04.2020 / 12:04

На гэтых выходных у Instagram было шмат прыгажосці – у тым ліку кавярня Veg Harmony нарэшце адчыніла свае дзверы і пачала працаваць у тэставым рэжыме. Мы сабралі фота наведвальнікаў іх у першы дзень было нямала. А таксама паразмаўлялі з Уладзіславай, адной з заснавальніц кафэ, пра здаровае харчаванне, светапогляд і бізнес падчас эпідэміі.

Ідэя адкрыць новая месца для веганаў і сыраедаў з’явілася ва Уладзіславы і яе матулі Таццяны прыкладна год таму. Праект атрымаўся сямейным і з душою.

“Я была вегетарыянкай з 15 гадоў. А мая маці – на традыцыйным харчаванні. Але ў адзін дзень нас закранула пытанне па здароўю, і мы вырашылі глыбока вывучыць гэту тэму, – расказвае Уладзіслава.  Калі мы даведаліся, адкуль бяруцца хваробы, як пабудаваны наш арганізм, якія прадукты і як уплываюць на кожны орган, мы ў адзін дзень вырашылі адмовіцца ад усіх прадуктаў жывёльнага паходжання, ад шкоднага цукру, розных дадаткаў”.

Як кажа заснавальніца кафэ, ёй самой было не складана адмовіцца ад цукру, малочкі і іншых прадуктаў – гэта асэнсаванае рашэнне. І калі ты разумееш, навошта гэта робіш, няма ніякіх цяжкасцей унесці нешта новае ў сваё жыццё.

Калі яны заняліся фізічным здароўем, падцягнуўся і клопат пра сваё духоўнае развіццё. Жанчыны разумелі, што хочуць слухаць сабе і рабіць карысную ўласную справу, несці ўсвядомленасць да людзей – і ўсё гэта ажыццявілася ў выглядзе веганскага кафэ.

Свой праект рэалізавалі даволі хутка. Першая думка пра кафэ з’явілася каля года таму. А да рэальнай справы прыступілі дзесьці праз паўгады: пачалі падбіраць памяшканне, думаць, як гэта будзе выглядаць – будаваць канкрэтныя планы. У лютым падпісалі дагавор арэнды, зрабілі рамонт – і з  11 красавіка пачалі працаваць у тэставым рэжыме.

“У лютым нічога не прадвяшчала бяды, а ў другой палове сакавіка, калі мы зрабілі ўжо рамонт, пайшлі гэтыя навіны пра пандэмію і каранцін, – успамінае Уладзіслава.  Але калі б мы здаліся з-за гэтага ўсяго, я б сказала, што гэта была проста не я. Да і позна было ўжо здавацца. У любым выпадку, калі не паспрабуеш, ніколі не даведаешся. Я вырашыла, калі гэта пачалося, то так павінна быць. Камусьці сітуацыя зараз вельмі сур’ёзна мяшае: і розным бізнесам цяжка, і людзі баяцца. Але калі жыць у страху, то далёка не сыдзеш. Трэба жыць праз любоў. Калі нічога не баішся, да табе нічога негатыўнага не прыцягнецца”.

У меню Veg Harmony шмат смакавінак: кашы, вафлі і сырнікі на сняданак, супы, паста, плоў, салат на абед. Усё без цукру. Побач з назвай стравы таксама пазначана, з чаго яна складаецца і ці падыходзяць да сыраедаў.

“Веганам у Мінску не хапае празрыстасці складаў. Веганскія кафэ ў нас ёсць, яны добрыя – і я ў іх сама люблю хадзіць з сяброўкамі. Але там у асноўным або больш фастфудны варыянт харчавання, або трэба пільна вычытваць склад і пытаць, ці ёсць цукар, – тлумачыць заснавальніца.  Я часта сутыкаюся з тым, што прыходжу ў кафэ, не толькі веганскае, і пытаю, ці ёсць у супе цукар. На мяне глядзяць здзіўлена, чаму ўвогуле ў супах пытаюць пра цукар, а выяўляецца, што ён там ёсць. Амаль у кожным супе і соусе. А я яго ўвогуле вельмі строга не ем, бо ён вельмі актыўна шкодзіць арганізму. Гэта выбар кожнага, усвядомлена ці не падыходзіць да свайго здароўя”.

Супрацоўнікаў у кафэ набіралі таксама з адпаведным светапоглядам:

“Адгукаліся практычна толькі веганы і вегатарыянцы. У нас большасць у камандзе дзяўчын – вегетарыянкі. Мы іх адбіралі ўжо сыходзячы з вопыту працы. Самае галоўнае, чаму я не разглядала чалавека з традыцыйным харчаваннем – бо ў яго крыху іншае мысленне і разуменне канцэпцыі. Нават калі ён будзе вельмі добрым, светлым і з вопытам працы, у яго не будзе разумення, навошта мы робім сырнікі не з тварагу, а з тофу. А мне патрэбны чалавек, які разумее, навошта”. 

Частку рэцэптаў у меню заснавальніцы прынеслі з уласнага вопыту. Напрыклад, сыраедчую кашу, якая ідзе першай у меню сняданкаў, у сям’і ўжо паўгады ядуць кожную раніцу. Гэта жывая каша з насення чыа, льну, кунжуту, зверху дадаюцца фінікі, манга, парэчка і арэхі.

А нейкі стравы былі прыдуманы поўнасцю з нуля. Зараз прадукты для папаўнення запасаў закупаюцца ў абсалютна розных месцах: і на рынках, і ў пастаўшчыкоў, – каб заўсёды мець усё неабходнае.

Адкрыцця кафэ чакалі амаль 1000 чалавек, прынамсі столькі акаўнтаў падпісаліся на @veg.harmony.cafe ў Instagram. У першы дзень яны атрымалі шмат добрых водгукаў, а яшчэ пасялілі ў сябе фікус, дрэва авакада і натуральны крышталік, якія ім падарылі першыя наведвальнікі.  

У кафэ таксама можна ўзяць любую страву на вынас. Пры гэтым ва ўпакоўцы будзе мінімум пластыку – пра гэта дзяўчыны таксама паклапаціліся. Аднаразовыя прыборы ў іх, напрыклад, зроблены з кукурузнага крухмалу. У далейшым яны плануюць таксама супрацоўнічаць і са службамі дастаўкі, бо гэта дужа запатрабавана.

Зараз у іх на ўваходзе стаіць антысептык для наведвальнікаў, а таксама на бары і на кухні ёсць гелі для ручак супрацоўнікаў. Усе паверхні апрацоўваюцца некалькі разоў на дзень. Адзінае – часова ў кафэ працуе толькі наяўны разлік, але ў хуткім часе яны збіраюцца прымаць і карткі.

Настрой і ў заснавальніц, і ў наведвальнікаў аптымістычны. Зайсці і паспрабаваць нешта на свой густ можна штодзень з 10:00 да 22:00 па адрасе вул. Залатая Горка, 2.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость