13.07.2015 / 13:07

У Магілёве у траціне здадзеных на праверку чарніцаў выяўлены высокі ўзровень радыяцыйнага забруджання.

Пра гэта заяўляюць у занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Ягады з павышаным утрыманнем радыёнуклідаў цэзія збіраліся ў шасці раёнах Магілёўшчыны. Радыяцыйны элемннт вышэй за норму выявілі ў 13 з 39 пробаў.

Найбольш забруджаныя чарніцы назбіралі ў лесе каля вёскі Боўшава, што ў Магілёўскім раёне. У ягадах утрыманне радыёнукліду цэзія перавысіла норму амаль у чатыры разы, перадае «Радыё Свабода».

Боўшава — за тры дзясяткі кіламетраў ад Магілёва. У паселішчы больш за 120 сядзібаў. Нямала хат разбурыліся без гаспадара. Вёска паволі пераўтвараецца ў дачны пасёлак. Узімку пусцее, а ўлетку ажывае. З вытворчых аб’ектаў у ёй — цялятнік ды піларама. Прадукты прывозіць аўталаўка.

Паводле тутэйшых, неўзабаве пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у навакольлі асаджвалі радыяцыйныя аблокі, таму і лес у радыяцыйных плямінах. У некаторых мясцінах узровень радыяцыі — як у зоне адчужэння.

У Магілёўскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі пацвердзілі, што выяўлены ў ягадах радыёнуклід цэзія — наступства аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паводле супрацоўнікаў цэнтру, жыхары вёсак, паблізу якіх небяспечныя праз радыяцыю мясціны, ведаюць, што збіраць ягады ды грыбы нельга, аднак працягваюць гэта рабіць.

Тым часам вяскоўцы з Боўшава зазначаюць: пра радыяцыю задумваюцца, калі пра яе пачынаюць гаварыць. Як толькі скончылі, дык і забыліся, што небяспека існуе.

Летась у недалёкай ад Боўшава вёсцы Лежнеўка санэпідэмстанцыя таксама выявіла павышаны ўзровень радыяцыі ў чарніцах. Цэзія ў ягадах утрымлівалася больш, чым удвая болей за норму.

Автор:
Фотограф:
svaboda.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость