Адна з праблем — уцечка вады
У раёне вядзецца актыўная падрыхтоўка да рэалізацыі ініцыятывы «Еўрарэгіён Прыдзвінне — тэрыторыя развіцця партнёрства». Каб высветліць, што найбольш хвалюе тутэйшых, у чым яны хацелі бы атрымаць дапамогу, правялі апытанне. Адной з праблем жыхары назвалі неякасныя забяспечванне вадой і падачу цяпла.
«З-за зношанасці цеплавых і сетак падачы вады вялікія страты: амаль у 2 разы больш абласнога нарматыву… Гэта адштурхвае, бянтэжыць і ініцыятыўных людзей, якія маглі бы арганізаваць сваю справу. Бо, зразумела, гэтая сітуацыя негатыўна можа ўплываць на сабекошт прадукцыі», — сказала карэспандэнту Віцебскага Зялёнага партала намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ксенія Карабач.
Паводле яе слоў, рэгіён не да канца выкарыстоўвае патэнцыял для краязнаўчага і экалагічнага турызму. Напрыклад, падчас маніторынгу высветлілася, што ў вёсцы Старае Сяло ў канцы пазамінулага стагоддзя арганізавалі вытворчасць ткацкіх вырабаў. І яна стала базіснай для іншых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І ў век інтэрнэту піск моды — вырабы з натуральнай, карыснай для здароўя тканіны.
Забыты вясковы сад
Мала хто ведае і пра тое, што ў іншай вёсцы — Вялікія Лётцы існаваў унікальны сад.
«Там у маёнтку батанік, дэндролаг Уладзімір Адамаў да рэвалюцыі заклаў сад. У ім можна было ўбачыць і экзатычныя віды прадстаўнікоў флоры, бо насенне дастаўлялі з далёкага замежжа, у прыватнасці з Парыжа, Жэневы, Варшавы», — здзівіла кіраўнік ініцыятывы «Еўрарэгіён Прыдзвінне — тэрыторыя развіцця партнёрства» Валянціна Кірылава.
У 1920-я гады сотні экзэмпляраў дрэў, кустоўя былі перавезеныя з вёскі ў Віцебск. Яны папоўнілі вялікую калекцыю мясцовага батанічнага сада. Цікава, што менавіта згаданы вышэй навукоўца (ён памёр у 1939 годзе) — аўтар даследавання пра беларускія бярозы… Цудам да нашых дзён захаваўся дом, дзе ён жыў. Будынак можа стаць турыстычным аб’ектам.
Навуковую спадчыну Адамава ведаюць батанікі, даследчыкі ўсяго свету. Таму, адназначна, многія захочуць убачыць яго малую радзіму. Тым больш што адказныя асобы райвыканкама ўжо агучылі ідэю правядзення пары-тройкі свят, прысвечаных знакавым месцам і знакамітым людзям.
Ростам пад 290 сантыметраў
Памылкі ў падзагалоўку няма, бо менавіта на тэрыторыі сучаснага Віцебскага раёна калісьці нарадзіўся самы высокі чалавек на планеце — Фёдар Махноў. Аўтар гэтых радкоў у школе ў вёсцы Старае Сяло ўбачыў калекцыю, прысвечаную гэтаму ўнікальнаму чалавеку. Сярод іншых экспанатаў — каркас ложку велікана.
Вучні і настаўнікі, акрамя этнаграфіі, гісторыі, вельмі цікавяцца і экалогіяй. Наваколлі навучальнай установы можна назваць узорнымі ў пытанні добраўпарадкавання.
«Фёдар Андрэевіч Махноў нарадзіўся 6 чэрвеня (18 чэрвеня па новым стылі. — А.П.) 1878 года ў невялікай вёсачцы Касцюкі (яна недалёка ад Старага Сяла. — А.П.). Памёр у 1912 годзе і быў пахаваны на малой радзіме (магіла захавалася. — А.П.). Шкілет волата быў прададзены мінскаму медыцынскаму інстытуту, дзе вучыўся яго сын. Падчас вайны шкілет прапаў… Наконт дакладнага росту часцей за ўсё ў дакументах, якія захаваліся, згадваецца 2 метры 85 сантыметраў», —распавядае краязнаўца Маргарыта Юшкевіч. Менавіта яна — стваральніца і захавальніца школьнага музея.
Рост згаданы і на помніку, устаноўленым на магіле. Ёсць адпаведная інфармацыя і ў календары за 1905 год. Але краязнаўца ўпэўненая, што ўсё гэта не зусім дакладныя дадзеныя...
«Напісала ў архіў у Маскву, каб далі даведку, якім быў рост у велікана. Атрымала адказ, што такога дакумента няма, а ёсць у архіве ў Санкт-Пецярбургу. Туды напісала, мне там адказалі, што знайшлі папку, але ўнутры нічога не было», — працягвае спадарыня Юшкевіч.
Месцы, дзе жыў велікан, энтузіясты даўно ўжо спрабуюць зрабіць турыстычным маршрутам. Але, на жаль, грунтоўных станоўчых змен пакуль што няма.
У планах і увекавечанне памяці дарэвалюцыйнай арганізацыі, якая яднала сельскіх гаспадароў. Таварыства, што дзіўна, ужо тады змагалася з мінеральнымі ўгнаеннямі, агітавала за чыстае земляробства. Пра гэтых аднадумцаў, якія займаліся і экалагічным выхаваннем, Віцебскі Зялёны партал яшчэ раскажа сваім чытачам.