13.07.2021 / 13:07

Сёння падчас прэс-канферэнцыі аб сітуацыі ў медыясферы Беларусі журналісты абмяркоўвалі апошнія вобшукі і ціск на журналістаў у Беларусі. У нейкі момант атмасферу разрадзіла котка - у кадры рэдактара "Еўрарадыё" Паўла Свярдлова з'явілася пухнатая Уршуля. Сітуацыія зачапіла і яе: паколькі памяшканне рэдакцыі зачыняецца, Уршулі трэба новы дом.

Падрабязней піша само медыя ў тэлеграм-канале:

Сябры! Карпункт Еўрарадыё закрыты. Пакінуць яго мусяць не толькі журналісты і тэхнічныя супрацоўнікі, але і нашая рэдакцыйная котка Уршуля. Цяпер мы шукаем для яе новых гаспадароў.

Фота - Ганна Данілюк
Фота - Ганна Данілюк

Уршуля — абсалютна хатняя котка: любіць людзей, лашчыцца, скокае на каленкі, урчыць. Здаровая: мы зрабілі ёй УГД, таму цяпер у яе паголенае пузіка, але поўсць хутка адрасце. Стэрылізаваная. За месяц не згрызла ніводнага драта (а дратоў у нас у рэдакцыі было шмат!) і ніводнага разу не патачыла кіпці аб нашу канапу.

Аддаем котку з прыбіральняй-домікам (закрываецца дзверкай, таму амаль не выпускае пахаў), напаўняльнікам і савочкам.

Развітацца з Уршуляй нават цяжэй, чым з утульнай рэдакцыяй, дзе мы правялі больш за тры гады. Але час прыйшоў. Калі вы той самы чалавек, які гатовы клапаціцца пра яе — напішыце нам у тэлеграм на @euroradio_minsk. Калі прапановаў будзе шмат, неяк (пакуль яшчэ не ведаем, як) выберам тую, якая падасца нам самай вартай.

Абноўлена 14.07.21 Новыя гаспадары знойдзеныя!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость