У цэнтральнай Беларусі расьліна займае гіганцкія плошчы. Можа стаць бедзтвам
«Ва ўсе арганізацыі і сельскія саветы прыйшоў загад ад раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Каб абсьледавалі сваю тэрыторыю, і калі там будзе сумнік, яго трэба зьнішчыць. Нават з клюмбаў яго загадалі зрэзаць», — паведамілі чытачы Свабодзе.
Фота ©Shutterstock
У Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук пацьвярджаюць, што сумнік канадзкі (золотарник канадский, Solidago canadensis) — шкодная расьліна. Разам з баршчэўнікам Сасноўскага і шалёным гурком сумнік уваходзіць у лік трох найбольш небясьпечных расьлін. Пра гэта Свабодзе сказаў Алег Маслоўскі, загадчык сэктару кадастру расьліннага сьвету.
«Сумнік выцясьняе мясцовыя расьліны і зьмяняе экасыстэмы, — кажа Маслоўскі. — Ён зьмяняе расьліннае покрыва нашых заліўных лугоў, поймаў рэк, а цяпер і лясоў».
Сумнік канадзкі — інвазійны для Беларусі від. Ён паходзіць з Паўночнай Амэрыкі. Доўгі час у Беларусі яго вырошчвалі як дэкаратыўную расьліну. Аднак апошнія пяць год ён стаў праблемай для многіх рэгіёнаў краіны.
Як тлумачыць навуковец, корань сумніка выдзяляе агрэсіўныя рэчывы, якія падаўляюць іншыя расьліны. Ён зьмяняе экасыстэмы і ўплывае на сенакосныя лугі, зь лесу зьнікаюць грыбы і ягады.
«Праблема з сумнікам сур’ёзная, — кажа Маслоўскі. — Асабліва гэта тычыцца цэнтральных раёнаў Беларусі: Менскага, Барысаўскага, Лагойскага. У Смалявіцкім ён займае ўжо гіганцкія плошчы і можа стаць бедзтвам».
У людзей сумнік выклікае алергію. І хоць ён не такі пагрозьлівы для здароўя, як баршчэўнік, Алег Маслоўскі ставіць гэты від у лік найбольш небясьпечных расьлін Беларусі.
«Можна лічыць, што ў асобных аспэктах ён больш небясьпечны за баршчэўнік, — лічыць навуковец. — У адрозьненьне ад баршчэўніку, ён добра распаўсюджваецца ў лесе. Выцясьняе нашы ягады і грыбы. Пад суцэльным покрывам сумніку ў лесе ўжо амаль нічога не расьце».
За год сумнік павялічвае сваю плошчу на 17%
Ад сумніку цярпяць усе суседнія зь Беларусьсю краіны
Тое, што слонімскія ўлады загадалі вынішчыць сумнік у раёне, Алег Маслоўскі называе правільным рашэньнем. Лепш за ўсё гэтую расьліну выкопваць разам з коранем, а потым спальваць ці закопваць. Калі сумнік заняў цэлае поле, можна яго проста скасіць ці атруціць. Гэта прынамсі спыніць пашырэньне.
«За адзін год ён павялічвае плошчу на 10–17%, — кажа Маслоўскі. — Калі нічога не рабіць, то праз 5 год трэба будзе ў два разы болей грошай выдзяляць на барацьбу зь ім».
Навуковец кажа, што ў Беларусі прынятая нацыянальная стратэгія па барацьбе з інвазійнымі расьлінамі. Аднак амаль усе сродкі ідуць на вынішчэньне баршчэўніку.
«Ёсьць нават пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў аб абмежаваньні распаўсюду сумніку. Але, на жаль, на сумнік не хапае грошай».
Пакуль са шкоднай расьлінай змагаюцца толькі ў некаторых рэгіёнах. Алег Маслоўскі раіць пачаць з таго, каб садаводы хаця б перасталі вырошчваць яго ў сябе на ўчастках.
«Многія высаджваюць яго на клюмбах як дэкаратыўную расьліну. Але варта замяніць сумнік тым, што расьце ў нашай краіне. У нас шмат мясцовых кустоў і кветак, ня менш прыгожых».