У 2015 годзе кампанія “Белгіпс-эка” анансавала праект па асобным зборы тэтрапакаў. У Беларусі на той момант, як і дагэтуль, не быў распрацаваны механізм перапрацоўкі гэтых пакункаў, і сабраныя тэтрапакі адпраўлялі ў Расію. Паралельна з гэтым працавалі на тым, каб адкрыць адпаведную вытворчасць непасрэдна ў Беларусі. З часам стала зразумела, што перавозка ў Расію аказалася зусім нерэнтабельнай, так што ад яе адмовіліся, але і перапрацоўка ў Беларусі не пачалася.
Такім чынам, сёння праект нібыта прыпынены – кампанія працягвае збор тэтрапакаў і захоўвае іх у надзеі, што мясцовая вытворчасць па перапрацоўцы гэтага віду ўпакоўкі ўсё ж хутка пачне працаваць. Пакуль што ў Менску толькі 10 адмысловых кантэйнераў для тэтрапакаў. Дакладней, дадатковых блокаў да папулярных зялёных кантэйнераў для збору макулатуры. Калі тэтрапакі нарэшце пачнуць перапрацоўваць у нашай краіне, гэта праект будзе актыўна пашырацца.
Чаму перапрацоўваць тэтрапакі – гэта так важна?
Тэтрапак – гэта камбінаваная ўпакоўка, якая змяшчае картон, паліэтылен і алюміній. Суаднясенне прыблізна наступнае: картон – 75%, паліэтылен – 20%, алюміній – 5%.
Адзін літровы пакет тэтрапака важыць каля 15 грамаў. Такім чынам, у ім 11,25 грамаў картону, 3 грамы паліэтылену і 0,75 граму алюмінію. Адзін рулон туалетнай паперы з перапрацаванага матэрыялу важыць ад 50 да 150 грамаў – тобок на яго вытворчасць трэба ад 5 да 14 тэтра пакаў.
У цэлым, тэтрапакі маюць высокі патэнцыял для перапрацоўкі, і справа за малым: трэба нарэшце нам запусціць гэты механізм. Усе эканамічныя і экалагічныя праблемы мы так не вырашым, канечне, але зможам значна зменшыць аб’ём смецця, якое ўвозіцца на палігон, каб ніколі не быць выкарыстаным паўторна.
Дык што рабіць з тэтрапакамі сёння?
Падстаўка пад напоі ў пакетах
У крамах прадаюцца адмысловыя пластыкавыя прылады, у якія можна ўставіць пакет з малаком альбо кефірам, каб нічога не пралівалася. Але такую падстаўку можна лёгка зрабіць самім: трэба проста адрэзаць верхнюю частку тэтрапака, а ў ніжнюю ўставіць патрэбны пакет. Колькі сантыметраў адразаць, залежыць выключна ад вашага жадання: камусьці зручна, калі падстаўка высокая, камусьці больш падабаюцца нізкія варыянты. Асабліва зручнымі невысокія падстаўкі будуць для таго, каб паставіць у іх пакет са смятанай альбо маянэзам.
Карыстацца такой падстаўкай можна даволі доўга, а замяняць на новую варта тады, калі старая чымсьці забрудзілася і не адмываецца альбо стала па нейкай прычыне непрыемна пахнуць.
Упакоўка для печыва
Арыгінальны спосаб другаснага выкарыстання тэтрапакаў прапануе майстрыца Вольга Карнеева: з іх можна зрабіць упакоўку для ежы (напрыклад, печыва ці булачак). Схема дзеянняў вельмі простая:
- Зняць верхні слой тэтрапака (глянцавы каляровы картон). Хутчэй за ўсё, для гэтага давядзецца адклеіць вуглы на ніжняй частцы ўпакоўкі, але потым яны лёгка прыклейваюцца нанова звычайным клеем.
- Адрэзаць верхнюю частку тэтрапаку. Можна выкарыстаць адмысловыя нажніцы, якія зробяць хвалістую лінію разрэзу, альбо скарыстацца самымі звычайнымі, калі іншых няма. Адзінае строгае патрабаванне – нажніцы мусяць быць вострымі, каб упакоўка не рвалася.
- Дзіраколам зрабіць дзіркі ўверсе ўпакоўкі, працягнуць праз іх вяроўкі альбо ленту. Гэта дасі магчымасць завязваць пакуначак.
- Упрыгожыць пакунак па жаданні.
Перавага такой упакоўкі ў тым, што знутры тэтрапак мае тонкі металічны слой, так што яго можна лёгка адмыць ад тлустых плямаў, плямаў джэму і інш.
Назваць хэнд-мэйд пакунак, зроблены з тэтрапаку, дужа практычным даволі цяжка, але можа быць безліч сітуацый, у якіх яго будзе вельмі зручна выкарыстоўваць. Зноўку ж, можна зрабіць майстар-клас для дзяцей: весела, цікава, карысна, танна, экалагічна.
Кармушка для птушак
Гэта, бадай, самы папулярны спосаб паўторнага выкарыстання тэтра пакаў у Беларусі. Зрабіць такую кармушку – справа літаральна 10 хвілін.
Крок першы: намаляваць прамавугольнікі на супрацьлеглых сценках тэтра пака. У ідэале, гэтыя прамавугольнікі мусяць быць абсалютна сіметрычнымі, але на самой справе гэта не абавязкова. Калі будзе адрозненне ў паўсантыметра, птушкі гэта лёгка перажывуць і нават наўрадці пакрыўдзяцца.
Крок другі: выразаць гэтыя прамавугольнікі нажніцамі. Зноўку ж: калі ласка, выкарыстоўвайце толькі сапраўды вострыя нажніцы. Краі прамавугольнікаў (асабліва ніжні) павінны быць роўнымі, каб птушка не паранілася.
Крок трэці: зрабіце па адной невялікай дзірцы пад кожным “вакенцам” і працягніце праз іх аловак. Гэта зробіць кармушку больш зручнай для птушак: ім давядзецца не так моцна нахіляцца, каб дацягнуцца да корму. І калі несіметрычнасць “вакенцаў” моцна не нашкодзіць, дык з дзіркамі для алоўка варта быць прыдзірлівымі і пільнымі. Хай у птушак будзе магчымасць роўненька сядзець на алоўку, а не бесперапынна змагацца з гравітацыяй. Вымяраць будаўнічым узроўнем – гэта ўжо, можа, і лішняе, але звычайнай лінейкай усё ж памерайце, каб дзіркі былі на роўнай адлегласці ад донышка.
Капілка
Хочаце аднавіць мілую практыку з савецкага дзяцінства? З дапамогай тэтрапака можна накапіць нават на першую прыгожую капілку!
Увогуле, ёсць дзве схемы:
- Захоўвайце толькі тыя манеты, якія прасоўваюцца ў пластыкавае горлышка тэтра пака.
- Разрэжце тэтрапак у верхняй частцы, і зрабіце разрэз вялікім настолькі, каб туды ўлезла любая беларуская манета. Карацей, прыкладзіце да пакунку двухрублёвік і зрабіце разрэз, даўжэйшы за манету на пару міліметраў.
У залежнасці ад жадання можаце ўпрыгожыць тэтрапак ці пакінуць так, як ёсць. Галоўнае – папярэдзьце ўсіх, з кім жывеце, што гэта капілка, а не проста смецце. Калі манет будзе шмат, выпадкова капілку ўжо немагчыма выкінуць, канечне, але ў самым пачатку збору можа здарыцца такая непрыемнасць.
Агарод на падваконні
Абрэзаныя тэтрапакі – добрыя скрыні для рассады і для агарода на падваконні ўвогуле. У залежнасці ад таго, што менавіт вы плануеце вырошчваць, пакунак можна разрэзаць гарызантальна альбо вертыкальна. Для рассады часцей выкарыстоўваюць маленькія кантэйнеры (рэжам гарызантальна), а каб вырошчваць на вакне той жа базілік, зручней мець адносна вялікую скрыню (рэжам вертыкальна).
Падстаўка пад канцылярскія прыналежнасці
Усё, што вам трэба, каб зрабіць арыгінальную скрыню для канцылярскіх прыналежнасцяў – гэта тэтрапак, нажніцы і дэкаратыўная папера.
- Адрэжце верхнюю частку тэтрапака. Загадзя прадумайце, што менавіта вы будзеце захоўваць у новай скрыні, і вызначцеся, якой вышыні яна мусіць быць.
- Абклейце трэтрапак звонку дэкаратыўнай паперай. Вынік будзе выглядаць больш акуратным, калі вы таксама абклееце верхнюю грань і верхнюю частку з унутранага боку. Але і шматслойнасць тэтрапаку можа быць выкарыстана як дэкаратыўная дэталь.
Не бойцеся эксперыментаваць. Сапсаваць тэтрапак немагчыма – калі б вы нічога не спрабавалі з яго зрабіць, ён стаў бы проста смеццем.
Дзіцячая крэпасць
Тут, канечне, аднім літрам соку не абыйсціся. Але калі вашыя дзеці мараць пра ўласную крэпасць, прапануйце ім збіраць упакоўкі ад соку на працягу некалькіх месяцаў, а ў выніку выкарыстоўвайце іх у якасці “будаўнічага матэрыялу”.
Да збору матэрыялу можна падключыць сваякоў, знаёмых і нават суседзяў. Дзецям – радасць, вам – камунікацыя. Гэта амаль як эпідэмія бонсцікаў, толькі без бонсцікаў.