13.12.2018 / 12:12

Ва ўсім свеце актывізм мае багатую разнастайнасць тэм, плыняў і формаў. Хтосьці бярэцца за актыўныя дзеянні, працуе з людзьмі, падарожнічае па свеце, іншыя прысвячаюць сябе асвеце, выбіраючы больш аседлы стыль камунікацыі. Аднак рана ці позна амаль кожны актывіст_ка сутыкаюцца са страшэннай з’явай – выгараннем.

Не так даўно паняцце “выгаранне” было прызнана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. І пакуль мала хто можа працаваць з гэтай з’явай на прафесійным узроўні. А мадэль “дапамажы сабе сам” – не выйсце ў дадзеным выпадку.

Зялёны партал паразмаўляў з колешняй экалагічнай актывісткай Юліяй Маклюк, якая сёння займаецца дапамогай валанцёрам_кам і апантанным сваёй справай людзям.

У свой час дзяўчына на ўласным досведзе зведала, што такое выгаранне. Па яе словах, інфармацыі і якаснай дапамогі па гэтым пытанні амаль не было, бадай толькі ў англамоўных колах. Так прыйшла ідэя глыбей капаць у гэтым накірунку, каб мець магчымасць дапамагчы сабе і наваколлю. Разам са сваімі сяброўкамі-актывісткамі Юля стварыла калектыў “Актывізм знутры”.

– Юля, што такое выгаранне? І чаму яно здараецца з актывістамі_камі?

– Эмацыйнае, ці псіхічнае, выгаранне – гэта стан моцнага душэўнага і псіхічнага знясілення, калі чалавек губляе матывацыю і сілы займацца нават любімай справай.

Найчасцей да выгарання схільныя людзі, якія працуюць ў прафесіях тыпу “чалавек-чалавек”. Гэта педагогі, урачы, выратавальнікі, грамадзянскія актывісты_кі. А таксама бацькі маленькіх дзетак.

Пастаянны стрэс, вялікія нагрузкі і вось, чалавек аддае больш сілаў, чым атрымоўвае задавальнення ад дзейнасці. Калі гэта цягнецца даўжэй, чым можа вытрываць арганізм, наступае апатыя, цынічнае стаўленне да дзейнасці, фізічныя хваробы і нават псіхічныя расстройствы.

Актывісты_кі, валанцёры_кі часта ў літаральным сэнсе гараць сваёй справай, а вынікі іх працы бываюць не такімі бачнымі, відавочнымі. Ды й бяспека, падзяка за работу – не заўжды на вышэйшым узроўні. Адсюль важна ўмець клапаціцца пра сябе і адзін аднога, каб не дапусціць знясілення. А калі раптам яно пачалося – мець магчымасць для аднаўлення, адпачынку.

– Якім чынам выгаранне праяўляецца, якія прыкметы?

– Першыя прыкметы выгарання пабодныя да сімптомаў моцнага стрэса і стомленасці. Чалавек можа згубіць матывацыю, знікае крэатыўнае мысленне, з’яўляецца раздражнёнасць і бяссоніца, частыя хваробы. Як правіла, тут дапамагае добры адпачынак і часовае пераключэнне на іншыя аспекты жыцця.

– І да чаго можа прывесці такі стан, калі з ім не працаваць?

– Калі нагрузка працягваецца, то могуць развіцца цынізм, без’эмацыйнасць ці наадварот празмерна рэзкая рэакцыя на падзеі, сабатаж працы. Як быццам бы розумам усведамлеш важнасць справы, але прымушаеш сябе рабіць яе з усё большай цяжкасцю.  Такім чынам арганізм спрабуе абараніцца ад празмерных нагрузак.

У цяжкіх выпадках могуць развіццца праблемы з алкаголям ці наркотыкамі, дэпрэсіі.  Пры гэтым, актывіст_ка можа намагацца і далей працаваць, незважаючы, што штосьці ідзе не так. Вядома, ад гэтага пакутуе як сам чалавек, так і якасць яго працы, здольнасць прымаць адэкватныя рашэнні. У такім выпадку патрэбна поўнае спыненне дзейнасці і прафесійная псіхалагічная дапамога.

– Аднак чаму актывісты_кі вельмі рэдка могуць прызнаць, што яны выгараюць?

– Адна з магчымых прычын – папулярны вобраз мучаніка/мучаніцы за высакародную справу. Пакласці сваё здароўе і жыццё на карысць грамадства, не думаць пра свае патрэбы – гэта ж так крута! Прычым, у многіх з нас гэта можа атрымлівацца несвядома. Проста неяк сорамна і не прынята браць адпачынак, атрымоўваць нармальнае ўзнагароджанне за працу. Асабліва калі нашым падапечным яшчэ горш.

Ёсць структурныя прычыны. Праблемы, з якімі працуюць актывісты_кі сапраўды вельмі складаныя. Узровень стрэса і невызначанасці зашкальвае. Рэдка ў арганізацый прысутнічае разуменне і магчымасць праводзіць прафілактыку выгарання. Што пра гэта казаць, калі часам і на аплату працы грошаў няма. Вось і выцягваецца ўсё за кошт душэўных сілаў саміх аранізатарак_аў. І ў такім абставінах сказаць, што ты стаміўся_лася – гучыць ледзьве ні як здрада.

Таму мы і стараемся распаўсюджваць веды пра рызыкі выгарання і дапамагаць арганізацыям выбудоўваць культуру ўстойлівасці.

– Якім чынам ажыццяўляецца работа з выгараннем?

– З устойлівасцю і прафілактыкай выгарання можна працаваць на трох узроўнях: асабістым, арганізацыйным і грамадскім. На асабістым – гэта клопат пра сябе, сваё фізічнае і душэўнае здароўе. Тут у кожнага свае перавагі. Але аснова адна – сон, ежа, фізічная актыўнасць, стасункі з блізкімі. Варта памятаць, што актывізм – важная частка вашага жыцця, але гэта не ўсё жыццё.

Калі стрэс вельмі моцны, трэба пастарацца пераарганізаваць сваю працу так, каб ён не стаў пагрозай для вас. Пераразмеркаваць абавязкі, адмовіцца ад некаторых праектаў, даць сабе больш часу для адпачынка і станоўчых эмоцый. Як у самалёце: спачатку кіслародную маску на сябе, потым на суседа.

У арганізацыі важна звяртаць увагу на дабрабыт супрацоўнікаў_ц ці валанцёраў_к. Выбудоўваць усе працэсы з іх улікам, па магчымасці. Не так важна адзін раз запрасіць піхолага_гіню ці праслухаць лекцыю пра выгаранне, як забяспечыць празрыстасць у прыняцці рашэнняў, адэкватныя нагрузкі і падтрымку ў калектыве.

Псіхолагаў_гінь ці псіхатэрапеўтаў_ак баяцца не варта. Калі чалавек бачыць, што недастаткова адпачынку, і ён/яна зноў і зноў патрапляе ў сітуацыю моцнага стрэса і стомленасці, няма сілаў спраўляцца... Магчыма трэба штосьці змяняць у жыцці. Тут могуць дапамагчы спецыялісты. Толькі трэба выбіраць прафесіяналаў.

– Што вы, Юля, можаце параіць людзям, калі яны адчуваюць, што пачынаюць здавацца?

– Памятайце, вы – унікальны і бясконца каштоўны чалавек, незалежна ад таго, колькі праектаў вы на сябе ўзялі. Дайце сабе права адпачынку і на аднаўленне. Асабліва, калі з гэтым складана.

З практычных меркаванняў, памятайце, што гэта марафон, а не спрынт, і сілы трэба разлічыць. Такім чынам мы зможам зрабіць больш!

Больш падрабязную інфармацыю, а таксама карысныя рэсурсы можна знайсці ў  аднайменнай суполцы ініцыятывы ў Facebook “Актывізм знутры”.
Автор:
Фотограф:
з Facebook Юліі Маклюк, dosug.md
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость