Збор і сартаванне пластыкавых закрутак адбываецца ў межах агульнанацыянальнай акцыі „Новае жыццё ў абмен на закруткі”. Дырэктар арт-прасторы „Каўчэг” Яўген Болсун, дзе збіраюць і сартуюць закруткі, гаворыць, што кожны тыдзень яны адпраўляюць больш за 70 кг пластыка:
– Стала больш рэкламы, больш людзей пачало адгукацца на сартыроўку і працэс пайшоў хутчэй. Ужо больш закрутак адпраўляецца ў Менск на перапрацоўку. Гэтыя грошы, якія мы атрымліваем ад перапрацоўкі, яны ўжо ідуць нашым падапечным.
Мы купілі інвалідныя вазкі дзецям з ДЦП. Ёсць у нас аўта-валанцёры, якія нам таксама вельмі патрэбныя. Яны на вагу золата, бо перавозяць закруткі сартаваныя, яны перавозяць з крамаў нам сюды. Вельмі не хапае часамі транспарту.
Валанцёрка Крысціна прыйшла ў арт-прастору “Каўчэг”, дзе ўтварылася найбуйнейшая пляцоўка для збору вечак у Гомелі, каб дапамагаць сартаваць пластык:
– Мне спадабалася ідэя сарціроўкі закрутак. Вельмі файна, што ў нас у каўчэгу гэта робяць. Я вырашыла дапамагчы гэтаму працэсу паскорыцца. Больш клапачуся пра экалогію і пра тое, каб не проста выкідаць закруткі, а рацыянальна іх выкарыстоўваць. Прасцей за ўсё здаць іх на завод, атрымаць за іх нейкія грошы і аддаць гэтыя грошы хворым людзям, чым проста іх выкінуць.
У Беларусі налічваецца больш за 500 тысячаў дарослых і дзяцей з інваліднасцю. Атрыманыя ад перапрацоўкі пластыкавых закрутках грошы ідуць на набыццё медыкаментаў і медабсталявання.
Паводле інфармацыі суполкі “Новае жыццё ў абмен на закруткі”, у Беларусі штогод на сметніках збіраецца больш за 4 тысячы тон пластыкавых вечак. Іх кошт складае 800 тысячаў долараў. Гэтыя грошы могуць пайсці на дапамогу інвалідам, якіх налічваецца больш за 500 тысячаў.