14.02.2025 / 11:02

У ноч з чацвярга на пятніцу беспілотнік атакаваў Чарнобыльскую АЭС. У выніку быў прабіты абарончы саркафаг над разбураным рэактарам.

Фота афіцыйных уладаў Украіны
Фота афіцыйных уладаў Украіны

Аб здарэнні на ЧАЭС паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Цяпер радыяцыйны фон не падвышаўся, і за гэтым увесь час сочаць. Па першых ацэнках, пашкоджанні хованкі істотныя», – паведаміў Зяленскі.

«Гэтае сховішча Украіна будавала разам з іншымі краінамі Еўропы і свету, разам з Амерыкай – з усімі, хто хоча сапраўднай бяспекі для людзей. Адзіная дзяржава ў свеце, якая можа атакаваць такія аб’екты, акупаваць тэрыторыю атамных станцый і весці баявыя дзеянні, наогул не лічачыся з наступствамі, – гэта сённяшняя Расія. І гэта тэрарыстычная пагроза ўсяму свету», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі апублікаваў відэа выбуху ў раёне ЧАЭС, а таксама пажар і наступствы пападання беспілотніка.

Фота афіцыйных уладаў Украіны
Фота афіцыйных уладаў Украіны

Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак таксама паказаў фатаграфіі выбуху і пажару на станцыі. Ён паабяцаў падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адкрываецца сёння, перадаць ЗША «шмат інфармацыі аб удары Расіі па ЧАЭС, аб тым, як яны (РФ) запускаюць пастаянна дроны праз Чарнобыльскую зону».

Узровень радыяцыі на ЧАЭС па стане на 11.20 14 лютага. Скрыншот - www.saveecobot.com
Узровень радыяцыі на ЧАЭС па стане на 11.20 14 лютага. Скрыншот - www.saveecobot.com

UPD.

Пажар на ЧАЭС пракаментавалі ў МАГАТЭ. Яе прадстаўнікі ў той час як раз знаходзіліся на станцыі.

«У ноч з 13 на 14 лютага, каля 01:50, група МАГАТЭ на Чарнобыльскай АЭС пачула выбух з боку новага бяспечнага канфайнмента, які абараняе рэшткі рэактара 4-га энергаблока былой Чарнобыльскай АЭС, што прывяло да пажару. Ім паведамілі, што БПЛА урэзаўся ў дах НБК.

Супрацоўнікі пажарнай аховы і транспарт адрэагавалі на працягу некалькіх хвілін. На гэты момант няма ніякіх прыкмет парушэння ўнутранай абалонкі НБК.

Узровень радыяцыі ўнутры і звонку застаецца нармальным і стабільным. Аб ахвярах не паведамляецца. МАГАТЭ працягвае сачыць за сітуацыяй», – гаворыцца ў паведамленні агенцыі.

Фота - Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны
Фота - Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны

UPD.

Крэмль пракаментаваў удар беспілотніка па Чарнобыльскай АЭС

 «Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра чарговую правакацыю, падтасоўку. Гэта менавіта тое, чым любіць і часам не грэбуе займацца кіеўскі рэжым», - сказаў на брыфінгу для прэсы прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў

«Ведаю адно: не можа быць і гаворкі, каб наносіліся ўдары па нейкіх аб'ектах атамнай інфраструктуры, інфраструктуры ядзернай энергетыкі. Таму любыя сцвярджэнні, што гэта было так, яны не адпавядаюць рэчаіснасці», – сказаў Пяскоў.

Фота - Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны
Фота - Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны

UPD.

Тым часам былы кіраўнік фонду «Сховішча» Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сайман Эванс заявіў Бі-бі-сі, што знешнія ўдары, у тым ліку беспілотнікамі, патэнцыйна могуць прывесці да сур'ёзных пашкоджанняў новага купала ЧАЭС і ўцечкі радыяцыі.

«Ён быў распрацаваны такім чынам, каб быць вельмі надзейным для такіх падзей, як экстрэмальныя ўмовы надвор'я, але ён не вытрымае ракетнага ўдару. Ён прызначаны для захоўвання рэшткаў старога разбуранага рэактара і забеспячэння магчымасці доўгатэрміновага вываду з эксплуатацыі, але не для абароны ад знешніх атак», - сказаў эксперт.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость