14.05.2016 / 18:05

Каменнае ўзбярэжжа Нёмана зараз актыўна чысцяць ад кустоўя ды дзёрну. Пасля доўгіх год запусцення узбярэжжа Нёмана нарэшце набывае выгляд, які яму надаў яшчэ перад ІІ Сусветнай вайной Юзаф Ядкоўскі. Як апынулася, фактычна паўсюдна - ад «Карчмы ў прычала» і амаль да Новага маста - пад слоем дзёрну ды кустоўя хаваецца каменнае пакрыццё берага са сходамі праз кожныя 50 метраў.

«Бульвар паўстаў у першай палове 1930-х гг., - распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч.Ён ад пачатку меў некалькі функцый. Трэба было даць месца адпачынку для гродзенцаў і абараніць Замкавую гару ад спаўзання ў Нёман. Бульвар разам з «лесвіцай закаханых» стаў візітоўкай Гродна.

Публіцыст Юзаф Мацкевіч у лютым 1936 г. пісаў у віленскім «Слове», што гродзенцы ганарацца сваёй наберажнай і такой не мае нават Вільня. Бульвар і сёння выконвае свае функцыі. Яго аднаўленне з пункту гледжання эстэтыкі лічу цалкам мэтазгодным і апраўданым».

Цікава, што ініцыятыву па ачышчэнні берага пачалі прыкладна год таму самі мясцовыя жыхары, пачысціўшы невялічкі адрэзак у 20 метраў насупраць свайго дома. Як бачым, на добрую справу нарэшце адгукнуліся і камунальнікі.

Праблемаў, праўда, дагэтуль застаецца багата. Гэта і непрыхаваныя трубы ў раёне Каложы, з якіх сцёкі выцякаюць наўпрост у Нёман, пакідаючы адпаведны пах, і дзікія зарасці хмызняку, якія пазаставаліся сям-там, і масляныя плямы ўперамешку з брудам, якія ўтвараюцца ў невялічкіх бухтачках каля берага.

Разам з тым, калі справа будзе даведзеная да канца, гродзенцы атрымаюць новую, а дакладней «добра забытую старую» візітоўку горада. Каменная наберажная са сходамі амаль дакладна стане не толькі ўлюбёным месцам для закаханых парачак, але і дзяжурным пунктам для вясельных фатографаў.

 

 

Автор:
Фотограф:
Васіль Малчанаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость