Па дадзеных МНС вобласці за мінулыя суткі былі ліквідаваныя 8 лясных (1,9 га) пажараў, 14 тарфяных (3,865 га) і 20 узгаранняў травы ды хмызнякоў (18,12 га). Працягвае гарэць лес у Хойнікскім (каля 60 га) і Лельчыцкім раёне (два ўзгаранні плошчаю каля 5 га кожны).
МНС вобласці прыкладае ўсе намаганні для аператыўнага змагання з агнём. У Хойніцкім нават задзейнічаная авіяцыя - два верталёты Мі-2 і адзін Мі-26 здзейснілі ўжо 75 скідаў вады. Агульны налёт экіпажаў складае больш за 12 гадзін.
Насцярожанасць эколагаў выклікана тым фактам, што ў Хойніцкім раёне часткова месціцца Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, тэрыторыя якога моцна пацярпела ў выніку аварыі на ЧАЭС. Ці падвысіцца праз пажары радыяцыйны фон на дадзены момант невядома, але МНС вядзе маніторынг сітуацыі. Тым часам дым ад пажараў ужо дасягнуў Гомеля.