Менавіта таму на семінар былі запрошаны прадстаўнікі турыстычна арыентаваных устаноў раёна, якія заявілі пра сваю зацікаўленасць на папярэдняй сустрэчы: загадчык сектара па спартыўна-выхаваўчай рабоце і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.М.Шчыпанаў, дырэктары раённых музеяў Ю.С.Зялевіч і Р.С.Жыткоўскі, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны В.У.Зінкевіч, каардынатар адкрытага праекта-кансорцыума «Мясцовая ініцыятыва», намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.І. Ярошка і іншыя, паведамляе карэспандэнт газеты «Раённыя будні» Алена Зялевіч.
Сваімі прафесійнымі навыкамі з удзельнікамі семінара падзяліўся прызнаны замежнымі партнёрамі спецыяліст, які неаднаразова прадстаўляў нашу краіну на турыстычнай біржы ў Лондане, – Віктар Янкавенка. Ён, былы дырэктар Департамента па турызму Міністэрства спорту і турызму, а цяпер дацэнт кафедры бесперапыннай адукацыі ў турызме Інстытута турызму, і вёў семінар.
Пад яго кіраўніцтвам падчас інтэрактыўнай дыскусіі была складзена дакладная класіфікацыя турыстычных рэсурсаў (ад прыродных, гісторыка-культурных, архітэктурных і археалагічных да сэрвіснай базы раёна) у адпаведнасці з іх патэнцыяльнай каштоўнасцю. Вызначаны найбольш рэнтабельныя шляхі ад рэсурсу да турыстычнага прадукту, названы праблемы, якія могуць паўстаць пры рэалізацыі праекта, і спосабы іх вырашэння.
Адной з самых галоўных праблем Віктар Янкавенка назваў псіхалогію нашага грамадства: на жаль, людзі забываюць пра важнасць дадатковых сэрвісных паслуг, якія і вызначаюць канчатковы выбар турыста.
Таксама было адзначана, што ў любой маркетынгавай стратэгіі, незалежна ад напрамку і роду турыстычнай дзейнасці, першае месца павінна займаць рэклама. І гэта прапісная ісціна. Данясенне інфармацыі да мэтавай аўдыторыі ў даступным выглядзе гарантуе павелічэнне прыбытку. Без рэкламы ўсе неабгрунтаваныя выдаткі, хутчэй за ўсё, ператворацца ў страты.
У канцы семінара Віктар Янкавенка азнаёміў аўдыторыю з міжнародным вопытам прыцягнення мясцовай супольнасці да турыстычнага бізнэсу на прыкладзе стварэння так званых зялёных маршрутаў у Германіі, Італіі і Польшчы. Зялёныя маршруты прадугледжваюць актыўныя зносіны турыстаў з мясцовымі жыхарамі, экскурсіі, майстар-класы народных рамёстваў, дэгустацыі страў рэгіянальнай кухні, размяшчэнне і харчаванне на базе аграсядзіб і інш. А наш раён валодае вялікім ландшафтным і культурным патэнцыялам для гэтых мэтаў.