Быццам няма неабходнасці адначасова працаваць у розных напрамках, а трэба вызначыць паслядоўнасць: бліжэйшы год мы займаемся вось гэтым, а да таго дойдзем потым. Чаму? Бо нам так хочацца.
Вось праўда, я ні разу не чула грунтоўнай аргументацыі, чаму мусіць быць канкрэтна такі, а не іншы парадак вырашэння глабальных праблем. І мне гэтая лінейнасць падаецца проста штучна створанай – мы як грамадства можам і мусім працаваць у розных напрамках адначасова, бо так хутчэй дасягнем жаданых вынікаў, і яны будуць больш устойлівымі.
Гэта ж вельмі простая ідэя – чым больш у нас зонаў умоўнай стабільнасці, тым лепей. І так, я ведаю, што за 30 гадоў лукашызму слова «стабільнасць» стала дужа раздражняць, але я маю на ўвазе стабільнасць здаровага чалавека, а не тое, пра што марыць дыктатар.
Калі мы клапоцімся толькі пра суверэнітэт дзяржавы, а астатняе пакідаем на потым, наша сувярэнная дзяржава можа быць жудасным месцам сама па сабе.
А калі мы адначасова з барацьбой пра суверэнітэт працуем над тым, каб гэтая дзяржава мела план па пераадоленні наступстваў кліматычнага крызісу, каб у ёй шанаваліся правы чалавека, каб не было карупцыі і развівалася інклюзія, нам у гэтай дзяржаве ў выніку будзе куды прыемней жыць.
Цяпер, у час поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, ёсць вялікая спакуса сказаць, што пра клімат і навакольнае асяроддзе мы паклапацімся неяк потым. Але гэта так не працуе.
Вайна мусіць быць не адмазкай ад працы ў гэтым напрамку, а яшчэ адным аргументам за тое, чаму гэтая праца такая важная і тэрміновая.
Бо інакш цалкам вызваленая ад акупантаў Украіна будзе проста пустым полем, напоўненым мінамі і парэшткамі зброі, людзей і жывёлаў.
Акурат акупанты добра разумеюць важнасць экалагічнага складніку для развіцця краіны, і таму перыядычна ўчыняюць ва Украіне акты экацыду, а заадно пагражаюць усё новымі экалагічнымі катастрофамі.
Яны бяруць пад кантроль аб’екты, якія маюць крытычнае значэнне для навакольнага асяроддзя, і ведаюць, што гэта будзе рабіць украінскія войскі больш асцярожнымі ў сваіх дзеяннях. Яшчэ ўлетку 2023 Украіна расследавала больш за 200 вайсковых злачынстваў супраць навакольнага асяроддзя і 15 выпадкаў экацыду.
Год таму была зруйнаваная дамба на Кахоўскай ГЭС, якая прывяла да смерці тысяч жывёлаў, невядомай колькасці людзей і забруджвання вялізных тэрыторый. Безліч гектараў зямлі, якія мелі сельскагаспадарчае прызначэнне, страцілі гэтую сваю функцыю на нявызначаны час. Імаверна, некаторыя рэдкія віды жывёлаў і раслін былі знішчаны цалкам.
Амаль траціна ўсёй плошчы Украіны застаецца небяспечнай праз міны і снарады, якія не разарваліся.
Гэта значыць і непасрэдную небяспеку для жыцця і здароўя людзей, але таксама і тое, што шмат якія з гэтых земляў не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, што ў сваю чаргу вядзе да эканамічных праблем і няўстойлівай сітуацыі з некаторымі прадуктамі харчавання.
«Праз замінаванне ці наяўнасць у землях сельскагаспадарчага прызначэння небяспечных прадметаў іх немагчыма засеяць. Напрыклад, азімых культур засеялі [на гэты год] ўсяго на плошчы 4,5 мільёнаў гектараў, хоць летась гэтыя культуры высеялі на 7,7 мільёнах гектараў. Гэта наўпрост уплывае на харчовую стабільнасць краіны», – падкрэслівае старшыня Камітэта па пытаннях аграрнай і зямельнай палітыкі Украіны Аляксандр Гайду.
У Беларусі, на шчасце, спектр экалагічных праблем не настолькі шырокі, як ва Украіне. Нашы землі не поўняцца мінамі, нашы лясы не спалены праз бясконцыя абстрэлы, нашы гарады не знішчаны акупантамі фізічна.
Але нам таксама важна ўсвядоміць, што экалогія ў Беларусі мусіць быць адным з прыярытэтаў для дэмакратычных сіл ужо сёння.
Што супраць прадпрыемстваў, якія забруджваюць Беларусь, трэба змагацца ўжо цяпер, а не «потым, калі ўсталюецца дэмакратычны рэжым».
Так, у нас шмат у чым звязаныя рукі, і нашы магчымасці вельмі абмежаваныя, але гэта не значыць, што мы не павінны спрабаваць. Бо ў дэмакратычнай Беларусі нам прынамсі павінна быць, чым дыхаць і што есці.