Дапусцім, вы ўжо знайшлі спосаб зрабіць так, каб ваш хатні пакет з пакетамі не рос у геаметрычнай прагрэсіі, запомнілі, што можна, і што нельга выкідаць у кантэйнер для шкла, замянілі ўсе лямпачкі ў кватэры на энергазберагальныя, і дабраліся са сваім энтузіязмам да офіса. Яго таксама трэба зрабіць экалагічным! Давайце разбярэмся, што можна зрабіць, каб працоўнае месца “ўстала на зялёныя рэйкі”, і каб вам для гэтага не прыйшлося ўчыняць рэвалюцыю. Ну, хібы што зусім невялікую.
Сарціроўка смецця
Першы крок банальны, але трэба ж з чагосьці пачынаць. І сарціраваць смецце ў офісе на практыцы аказваецца крыху больш складана, чым дома. Па-першае, трэба неяк угаварыць людзей, каб яны не выкідалі ўсё ў сметніцу пад працоўным сталом, а не ленаваліся лішні раз устаць і прайсціся некалькі метраў да ўсеагульных кантэйнераў. Па-другое, неабходна арганізаваць гэтыя самыя кантэйнеры. У залежнасці ад колькасці вольнага месца ў памяшканні, колькасці людзей, якія будуць карыстацца сметніцамі, і тыпу кантэйнераў побач з будынкам, дзе размешчаны ваш офіс, можна распрацаваць розныя сістэмы сарціроўкі смецця.
Першая сістэма – гэта базавая сарціроўка “палігон-перапрацоўка”. Яна больш простая і добра пасуе там, дзе побач з будынкамі ёсць кантэйнеры для змяшаных адкідаў. (напрыклад, кантэйнеры нямецкай кампаніі Mann “шкло-папера-метал”). У такіх выпадках сметніцы непасрэдна пад працоўнымі сталамі могуць быць для таго смецця, якое пойдзе на перапрацоўку, і адна асобная сметніца ў памяшканні будзе для арганічных і іншых адкідаў, якія нельга перапрацаваць, і якія ў выніку адправяцца на палігон цвёрдых побытавых адкідаў.
Другая сістэма – гэта больш дробная сарціроўка “палігон-папера-пластык” (часам дадаюцца групы “шкло” і “метал”). Такі падыход патрабуе больш высокага ўзроўню экалагічнай свядомасці людзей, якія будуць працаваць у офісе, але ўвесці яго ўжыццё не так складана, як можа падацца. Трэба проста знайсці месца для трох кантэйнераў. Таксама трэба заматываваць людзей выкідаць смецце правільна, а гэта часта выклікае больш цяжкасцяў, чым фізічная арганізацыя прасторы.
Але мы верым, што ў вас атрымаецца данесці да калег і каляжанак важнасць сарціроўкі смецця. Раскажыце ім пра тое, што калі б Францыск Скарына выкінуў пластыкавы пакет, дык расклаўся б ён толькі зараз (пакет, не Скарына). Калі гэта іх не ўразіць, пакажыце фатаздымкі птушак, якія пакутуюць ад выкінутага проста так пластыку.
Памяншэнне папяровага следу
Не ўжывайце паперу там, дзе можна абысціся без яе. Перастаньце замаўляць блокі паперы для запісаў і ўжывайце замест гэтага так званыя чарнавікі – аркушы, на якіх з аднаго боку штосьці ўжо надрукавана. Раздрукоўвайце столькі копій дакументаў, колькі вам на самой справе спатрэбіцца. Пры магчымасці памяншайце шрыфт тэксту, змяншайце памер палёў.
Галоўнае – знайсці баланс. Калі вы выставіце сёмы памер шрыфту і так раздрукуеце працоўныя інструкцыі для падначаленых, наўрад ці гэта будзе апраўдана. Але калі падрыхтаваць для канферэнцыі трэба 40 копій нейкага дакумента, не варта друкаваць 50 з думкай “а раптам штосьці здарыцца!”. Не здарыцца нічога такога, пасля чаго вас уратуюць лішнія 10 копій.
Вялізны лес вы так, канечне, не выратуеце, аднак нават маленькая карысць – гэта карысць.
Адмова ад аднаразовага посуду
Калі ў офісе стаіць кулер альбо проста бутыль для пітнай вады, і яны не разлічаныя на тое, што карыстацца імі будуць кліенты і кліенткі, не ўсталёўвайце побач вежу з аднаразовых стаканаў. Людзі, якія працуюць у офісе, у большасці выпадкаў маюць там уласныя керамічныя альбо шкляныя кубкі, з якіх можна цудоўна піць не толькі каву ці гарбату, а таксама і звычайную ваду з кулера.
Калі ў вас ёсць магчымасць арганізаваць у офісе кухню, абавязкова зрабіце гэта і вылучыце асобную зону для захоўвання чыстага посуду. Чым больш ў людзей будзе магчымасці карыстацца звыклым посудам, тым менш будзе спакуса лішні раз скарыстацца аднаразовым кантэйнерам для ежы. І ўвогуле, наяўнасць звычайнага посуду моцна змяняе атмасферу: знікае адчуванне, што абед – гэта такі хуткі перакус у паходных умовах.
Скарачэнне колькасці прома-матэрыялаў
Культура безадказнага спажывання прывяла да таго, што офісы часам нагадваюць склад прома-прадукцыі: карпаратыўныя асадкі, блокі паперы для запісаў, нататнікі, календары насценныя, настольныя і кішэнныя, паштоўкі, падстаўкі пад кубкі, пакеты… Ці праўда вам столькі ўсёго трэба? Кажаце, паліграфія адмовілася рабіць маленькі тыраж асадак, і таму вы замовілі сто штук на офіс, у якім працуе сем чалавек? Калі яны нарэшце скончацца, а бізнэс да таго часу не закрыецца, проста набудзьце зручныя асадкі ў бліжэйшай краме канцтавараў.
Глядзіце на рэчы рэалістычна. Калі вы не плануеце раздаваць буклеты на канферэнцыі альбо проста на вуліцы, а хочаце дэманстраваць іх кліентам, якія прыедуць на перамовы, значыцца, вам не патрэбная тысяча гэтых буклетаў. Нават калі ў тыпаграфіі была акцыя, і тысяча каштавала ўсяго на 10% даражэй, чым сто. Гэта не эканомія, а лішняе спажыванне, і карысці ад яго няма аніякай.
Змяненне ламп і агульная эканомія электраэнергіі
Замяніце ўсе лампы на светадыёдныя. Калі не думаць на два крокі наперад, дык можа падацца, што такія лампы – неразумныя дадатковыя траты бюджэту. Але працуюць яны значна больш гадзін, чым іх менш сучасныя аналагі, і ўжываюць электраэнергіі значна меней. Так што, калі рахунак за лампы выкліча ў вас негатыўныя эмоцыі, новыя рахункі за электрычнасць дужа парадуюць.
Як бы банальна гэта ні гучала, але не забывайце выключаць святло. Асабліва ў прыбіральнях. І максімальна выкарыстоўвайце натуральнае святло – прыбярыце вялікія расліны з падваконня, па магчымасці цалкам адкрывайце жалюзі (калі яны ёсць). І зноўку ж: знайдзіце найлепшы для сябе баланс паміж экалагічнасцю і зручнасцю. Не варта псаваць сабе зрок і працаваць у паўцемры, абы зэканоміць электраэнергію. Шкодзіць свайму здароўю – гэта таксама неэкалагічна.
Падбор нетаксічных сродкаў для прыборкі
Гэты пункт, бадай, самы просты з усяго спісу, бо для яго выкарыстання трэба адзін раз і назаўжды падабраць тыя гелі, спрэі, парашкі і іншыя патрэбныя сродкі, якія будуць адпавядаць пэўным экалагічным нормам.
Агульныя рэкамендацыі даволі простыя:
- Чым больш у складзе прадукту натуральных кампанентаў, тым лепей
- Хлору і фасфатаў не мусіць быць увогуле
- Варта абіраць гіпаалергенныя мыючыя сродкі (калі алергіі няма ў вас асабіста, яна можа быць у людзей, з якімі вы працуеце)
Асабліва адказна трэба абіраць сродкі для мыцця посуду – надта танныя прадукты часта кепска змываюцца, і ў выніку ўсе гэтыя рэчывы аказваюцца ў ежы. Лепей набыць больш дарагі, але якасны гель, чым замяняць каштоўных кадраў, калі яны атруцяцца.
У цэлым, якасныя сродкі далёка не заўжды маюць завоблачныя кошты. І зусім неабавязкова падбіраць прадукты з маркіроўкамі кшталту “эка” – даволі часта яны каштуюць заўважна больш, чым прадукты з аналагічным зместам, але без такой маркетынгавай улоўкі.
Заахвочванне навакольных
А гэта – самы складаны пункт нашага спіса. Нават ідэальна прадуманае экалагічнае асяроддзе можа не спрацаваць па адной простай прычыне – абыякавасць людзей, якія ў ім функцыянуюць. Тых, хто лянуецца выкінуць пластыкавую бутэльку ў патрэбную сметніцу, і тых, хто прынцыпова раздрукоўвае ўсе дакументы ў некалькіх экземплярах на ўсялякі выпадак. Тых, хто назло навакольным карыстаецца аднаразавым посудам, і тых, хто ніяк не можа запомніць, што святло ў прыбіральні пасля сябе трэба выключаць.
Уплываць на свядомасць людзей можна па-рознаму. Як паказвае практыка, аўтарытарныя метады распаўсюду экалагічнага стылю паводзінаў працуюць не надта эфектыўна. Па-першае, людзі не пачынаюць верыць у тое, што робяць пад прымусам. Па-другое, абавязкова знойдуцца асобы, якія пачнуць паводзіць сябе падкрэслена неакалагічна проста назло. А вось ветлівыя, паважлівыя, смешныя спосабы ўплыву – дужа эфектыўныя. Пакажыце сваім калегам і каляжанкам сацыяльныя ролікі – і смешныя, і сумныя. Хтосьці захоча асацыяваць сябе з мілым енотам, які правільна выкідае смецце, а на кагосьці паўплываюць непрыгожыя відовішчы тых наступстваў, якія маюць для навакольнага асяроддзя нашыя дзеянні.
Галоўнае – каб вы самі верылі ў тое, што кажаце і робіце!