Спачатку гэтую вытворчасць у межах мадэрнізацыі меркавалася размясціць наўпрост у абласным цэнтры на існаваўшай вытворчай пляцоўцы «Гомельдрэва». Але, улічваючы актыўныя пратэсты гомельскай грамадскасці, будаўнічую пляцоўку перацягнулі пад Рэчыцу. Дакладней – практычна ў саму Рэчыцу, бо жылыя кварталы знаходзяцца ў некалькіх сотнях метраў ад карпусоў завода, які вакол атачае сасновы лес.
І вось менавіта сасновыя бары і пачалі першымі рэагаваць на суседства з прамысловым аб’ектам, у вытворчасці якога выкарыстоўваюцца фармальдэгіды, сінтэтычныя смолы, гарачая пара ды шмат чаго іншага.
Завод МДФ у Рэчыцы запрацаваў у сярэдзіне 2015 года. І за гэты час ужо прынёс нямала відавочнай шкоды навакольнай прыродзе. Летась дрэваапрацоўшчыкі злілі наўпрост на грунт за свой паркан каналізацыйныя сцёкі, якія, сабраўшыся ў невялічкай нізінцы, зарослай сярэднеўзроставым алешнікам, выклікалі засыханне альхі. Мясцовы лясгас вымушаны быў правесці суцэльную санітарную высечку пашкоджанага альховага насаджэння, а раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыцягнула тады да адказнасці некаторых работнікаў завода.
Сёлета ж, паводле сцвярджэння крыніцы ў Рэчыцкім лясніцтве, некалькі разоў таксама ажыццяўляўся скід з тэрыторыі завода каналізацыйных водаў, якія не спраўляецца транспартаваць каналізацыйны калектар. Для іх перапампоўвання ў лес за агароджу завода выкарыстоўваецца звычайны пажарны аўтамабіль і рукаўныя лініі, якія выводзяцца ў лес. Пры гэтым ахоўнікі лесу заплюшчваюць вочы на парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства, таму што, як сцвярджаюць радавыя супрацоўнікі лясной аховы, кіраўніцтва лясгаса не хоча псаваць адносіны з кіраўніцтвам завода МДФ і аб’яднання «Гомельдрэў», якія з’яўляюцца аднымі з буйных спажыўцоў прадукцыі лясгаса – нарыхтаванай драўніны. Выканаць жа падрабязны хімічны аналіз выкідваемых вод каштуе нямалых грошай.
Не выключана, што паслабленне дрэвастояў выклікана і ўплывам нейкіх забруджвальнікаў, якія выкідаюцца ў паветра. Прынамсі, калі зірнуць на карту пашкоджаных сёлета саснякоў, то відавочна праглядаецца адзін – паўднёва-заходні вектар, нібыта ў гэтым накірунку адбыўся нейкі выкід, які і выклікаў засыханне сасны.
Як вядома, сасна – гэта адзін з найбольш эфектыўных ачышчальнікаў паветра ад шкодных рэчываў. У той жа час само гэтае дрэва з’яўляецца вельмі няўстойлівым да шкоднага ўздзеяння фактараў асяроддзя.
Зараз па ўсёй Гомельшчыне адзначаецца засыханне сасновых насаджэнняў: то там, то там невялікімі лапікамі бачныя засохлыя саснякі.
– Ужо некалькі тысяч кубічных метраў адведзена пад суцэльныя санітарныя высечкі, – сцвярджае галоўны ляснічы Рэчыцкага даследчага лясгаса Максім Белы. – Нельга з упэўненасцю сказаць, што засыханне саснякоў каля завода МДФ выклікана менавіта ўплывам дзейнасці завода. Магчыма прычына засыхання сасны тут такая ж, як і ў іншых месцах. Але дакладная прычына пакуль не высветлена, над ёй працуюць навукоўцы і практыкі, і версій некалькі, асноўная з якіх – змена гідрарэжыму з-за анамальна сухіх умоваў надвор’я.
У той жа час, варта зазначыць, што лясныя масівы вакол завода МДФ, засыханне якіх цяпер адбываецца, знаходзяцца на даволі вільготнай сугліністай глебе і наўрад ці адчувалі настолькі фатальны дэфіцыт вільгаці, каб пачаць з гэтае прычыны так масава гінуць. Можа, усё ж прычыну тут варта шукаць не ў пацяпленні, а ў нечым іншым?
Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук Уладзімір Усеня лічыць, што неабходна правесці дасканалае вывучэнне магчымых чыннікаў, якія выклікаюць масавае засыханне саснякоў каля Рэчыцы.
– Без натурнага агляду нічога сказаць нельга. Зараз у Гомельскай вобласці адбываецца так званае караеднае засыханне сасны. Паслабленыя працяглай засухай насаджэнні пашкоджваюцца такім насякомым-шкоднікам, як верхавінавы караед, і гэта выклікае іх гібель. Некалькі год таму па ўсёй Беларусі такая ж праблема была з елкавымі насаджэннямі, якія масава паражаліся караедам-друкаром. Я думаю, што ў бліжэйшы час нашыя навукоўцы наведаюць Рэчыцу, агледзяць пашкоджаныя масівы, і тады можна будзе нешта казаць больш пэўна.
Гомельскі зялёны партал яшчэ звернецца да вынікаў абследавання, якое маюць намер выканаць навукоўцы Інстытута лесу. Але ж, варта адзначыць, што тыя ж караеды паражаюць толькі паслабленыя насаджэнні. А вось прычыны паслаблення цалкам могуць палягаць і ў шкодным уплыве прамысловых выкідаў.