14.11.2014 / 11:11

Што за Канвенцыя, чаму большая частка ртутнага забруджання ў нас ад суседзяў і каму ва ўрадзе гэта цікава, расказвае Яўген Лабанаў.

Беларусь – адна са 128 краін, якія падпісалі Канвенцыю

Магчыма, да 2030 году ў Беларусі цалкам знікне вытворчасць і выкарыстанне ртутных градуснікаў, энегразберагальных лямпачак з ртуццю і іншых прыладаў, дзе яна выкарыстоўваецца. Гэта адбудзецца, калі Беларусь ратыфікуе Канвенцыю ООН па ртуці (Канвенцыю Мінамата), якую яна падпісала 23 верасня 2014 года. Падпісанне актыўна падтрымлівалі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Дакумент мусіць уступіць у сілу ў 2016 годзе, калі будзе ратыфікаваная мінімум 50 краінамі. Да ратыфікацыя зараз ідзе падрыхтоўка. Гэта - першая ў гісторыі Канвенцыя ААН, прысвечаная канкрэтнаму цяжкаму металу.

Вельмі прыемна, што Беларусь – адна са 128 краін, якія падпісалі Канвенцыю. Так краіна падцвердзіла, што праблема ртуці для яе важная, і што намерваецца ратыфікаваць дакумент, які мае вялікае значэнне для нашай хімічнай бяспекі”, - мяркуе Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў і сябра кіруючага камітэта Міжнароднай сеткі па ліквідацыі ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (IPEN).

800 кг ртуці ў падарунак

Агулам ртуць утрымліваецца ў энергазахоўвальных лямпах, вымяральных прыладах для шырокага дыяпазону тэмператур, градусніках і прамысловых вымяральніках тэмпературы, прамысловых выкідах і выкідах хатніх гаспадарак, дзе ацяпляюць вуглём. Таксама вельмі шмат ртуці ў радыётэхнічнай прамысловасці.

Па дадзеных Мінпрыроды за 2008 год, гадавая плынь выпадзення ртуці на тэрыторыі Беларусі склала 965 кілаграмаў.

Каля 80% ртутнага забруджання, паводле даследаванняў праграм ААН па наваколлю, спараджае не сама Беларусь, а “вугальныя” суседзі – Расія, Польшча, Украіна. Там вугаль выкарыстоўваецца як паліва для атрымання электрычнасці. Ртуць, якая ў складзе, пры спальванні на ТЭЦ трапляе ў атмасферу, а праз трансмежны перанос - да нас. Астатняя частка - гэта нацыянальныя крыніцы.

Цікава, што ў краінах, якія развіваюцца, адна з найбольш шырокіх сфер выкарыстання ртуці – дробнатанажная здабыча золата. Яно аддзяляецца за кошт выкарыстання амальгамы, і на Філіпінах ці Малайзіі гэта асноўная крыніца паступлення рэчыва ў наваколле.

Мы нашмат бліжэй да Еўрасаюзу, чым астатнія краіны СНД”

Беларусь, на думку Яўгена Лабанава, зараз займае вельмі актыўную пазіцыю ў галіне хімічнай бяспекі і дэманструе лідарства на пост-савецкай прасторы:

“Па стану сістэмы рэгулявання і прыярытэтаў у галіне хімічных рэчываў мы нашмат бліжэй да Еўрасаюзу, чым астатнія краіны СНД”, - мяркуе ён.

Напрыклад, у межах Еўразійскага саюзу ў нас вялізная розніца з Казахстанам: у іх па сутнасці ніводнага цэнтра, які б мог ладзіць якасныя даследаванні па ўтрыманню хімічных рэчываў у таварах, а ў нас захавалася савецкая база, плюс ёсць добрая лабараторная база ў галіне гігіены і эпідэміялогіі, маніторынгу хімічных рэчываў і ў галіне заканадаўства.

Цяпер дзякуючы падпісанню Канвенцыі ў Беларусі з’явіўся доступ да фінансаў Глабальнага экалагічнага фонду на праекты, звязаныя з імплементацыяй Канвенцыі.

“Нягледзячы на тое, што ў нас шмат чаго зроблена, усё адно яшчэ трэба шмат”, - мяркуе Яўген. І не толькі нам: Канвенцыя – адзіны спосаб зменшыць тыя 83% паступлення да нас ртуці праз рэгуляцыю выкідаў на міжнародным узроўні.

Каб паспяхова імплементаваць Канвенцыю, патрэбная не асобная праца дзяржаўных органаў, прамысловасці, навукоўцаў ці грамадскіх арганізацый, а іх эфектыўная супраца.

Автор:
Фотограф:
meta-torg.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость