14.11.2018 / 13:11

Ахова птушак Бацькаўшчыны анансуе дыстанцыйный курс і прапануе слухачам вывучыць 40 відаў самых распаўсюджаных птушак гарадоў Беларусі.

Дыстанцыйны курс “Птушкі горада” распрацаваны для тых, хто хоча далучыцца да бёрдвочынгу — назірання за птушкамі.

— Калі чалавек упершыню чуе пра бёрдвочынг як хобі, першая рэакцыя — «нее, я ж не ведаю птушак!». Але бёрдвочарамі не нараджаюцца, а здольнасць заўважаць і адрозніваць розныя віды птушак прыходзіць з досведам. Прасцей за ўсё пачаць з тых, хто лётае вакол па дарозе дадому, на працу ці вучобу, — і наш курс у гэтым дапаможа, бо ён уключае птушак, якія сустракаюцца амаль у любым горадзе. Трохі тэорыі, праверка ведаў з дапамогай тэстаў і практыка ў час штодзённай прагулкі — простыя крокі насустрач птушкам! Важнае папярэджанне: будзьце асцярожныя, назіранні за птушкамі захопліваюць і зацягваюць! — тлумачыць Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ.

Курс бясплатны, каб яго прайсці, трэба толькі зарэгістравацца па спасылцы. Ён складаецца з чатырох модуляў: «Ля вады», «Ля дома», «У парку», «Зімой». Гэтыя модулі можна праходзіць у любым парадку. Калі ўсе яны пройдзеныя, адкрываецца доступ да фінальнага тэсту. Здаўшы яго паспяхова, ты атрымаеш іменны электронны сертыфікат, які можна раздрукаваць самастойна.

Дыстанцыйны курс па асновах бёрдвочынгу – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость