Космас, чэрві і Карл Маркс. Як зрабіць кампост у кватэры?

За вермікампаставаннем будучыня, бо чарвякі – аснова для жыцця, камунікацыі і фармавання базавых каштоўнасцяў.

15.11.2019 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Наста Захарэвіч Фота: Наста Захарэвіч

Як я прыйшла ў офіс і трапіла на касмічны карабель

Размаўляць пра кампост я ішла ў офіс Фаланстэра, а трапіла на касмічны карабель. Адчыняю дзверы, гучна вітаюся – і з капітанскага мосціка адгукаецца Міхаіл Волчак. Я таксама падымаюся на мосцік, я гатова слухаць пра чарвякоў, якія з арганічных адкідаў робяць гумус.

Здзіўлена, што аказалася на караблі, але ну што паробіш. І такое здараецца.

“Мы знаходзімся на капітанскім мосціку касмічнага карабля, ляцім насустрач іншым цывілізацыям і хочам распачаць жыццё на новым месцы, – пачынае свой расповед Міхаіл. Для жыцця патрэбны расліны і кісларод. Для раслін трэба глеба, а каб была добрая глеба, мы пераўтвараем арганічныя парэшткі ў гумус. Гэта будзе пачаткам для раслін, пачаткам жыцця на новай планеце.

Калі мы вырашылі заняцца перапрацоўкай, перад намі паўстала пытанне: хто канкрэтна будзе ставараць новую глебу? Ёсць два варыянты: бактэрыі і чэрві. Умоўна кажучы, другі шлях уключае і першы, таму мы абралі чарвей.

Мы аддаем ім усе арганічныя парэшткі, якія збіраюцца на нашым касмічным караблі, а чэрві пачынаюць ствараць з парэшткаў гумус.

Да нашага карабля часам далучаюцца шатлы, якія прывозяць арганічныя парэшткі. Не ўсе пакуль што маюць тэхналогію перапрацоўкі парэшткаў, так што мы прымаем іх у сябе. Але калі хтосьці гатовы рабіць штосьці новае, мы перадаем ім тэхналогію, і яны самі ўжо ўсім займаюцца. Зараз яшчэ тры іншыя караблі маюць такую тэхналогію і развіваюць яе”.

 

Хто гэтыя людзі і навошта ім чэрві?

“Мы сацыяльныя гікі, і нам цікава даследваць. Спачатку мы даследуем грамадства, а потым яго змяняем. І мы ўбачылі, што гэтая глеба, якую будуць ствараць чарвячкі, паўдзельнічае на грамадства – на нейкую супольнасць, якая вакол нас”, – тлумачыць Міхаіл.

Фаланстэр – гэта каманда сацыяльных гікаў, людзей, якія жадаюць змяніць наша грамадства. Гэта сацыяльныя наватары і эксперыментатары, якія прасоўваюць новыя формы ўзаемадзеяння ўнутры супольнасцяў, дапамагаюць ім сфармавацца і ўзмацніцца.

З дапамогай адкрытых і свабодных лічбавых і гуманітарных тэхналогій яны імкнуцца зрабіць беларусае грамадства больш аўтаномным і дынамічным, актыўна ўключаным у стварэнне законаў і прыняццё рашэнняў. Вынікам дзейнасці сацыяльных гікаў становіцца шырокае выкарыстанне адкрытага свабоднага кода, жалеза, кантэнта, празрыстых падыходаў кіравання і прыняцця рашэнняў, а таксама прынцыпаў адкрытай культуры ў жыцці грамадства.

Міхаіл Волчак

 

 

Чалавек адчужджаецца ад свайго смецця – і гэта па Марксу

Па словах Міхаіла, яго каманда разумее, наколькі розныя функцыі мае вермікампаставанне:

“Гэтая тэхналогія стварае жыццё, але разам з тым дзякуючы ёй узнікаюць і сацыяльныя адносіны. Гэтае пачынанне для нас вельмі важнае – мы вязем не проста груз, які створыць жыццё на новай планеце, а нешта, што створыць той тып стасункаў, які нам важны.

Мы надаем вялікае значэнне адносінам чалавека і прыроды. Тое, што чалавек можа сам ствараць асяродак, – гэта вельмі каштоўныя веды. Глеба дае ежу, бо на ёй вырошчваюць прадукты харчавання. І на новай планеце гэта абавязкова спатрэбіцца, так што адносіны чалавека з глебай мусяць быць максімальна наўпроставыя. Мы бачым, што шмат маладых людзей не ведае, што адкуль бярэцца, а стварэнне вермікампоста – вельмі моцнае злучэнне чалавека з прыродай”.

Усе відэа пра верміферму глядзець тут (22 выпускі ад Фаластэра)

Для каманды важна, каб людзі маглі кіраваць смеццем, бо гэты працэс паляпшае разуменне таго, як арганізавана навакольнае асяроддзе. Гэта трохі спалучана з гісторыяй пра стварэнне ежы, але важна ў тым ліку для таго, каб проста лепш бачыць рэчаіснасць.

“Зараз мы аддаем смецце на аўтсорс, і яго нехта недзе перапрацоўвае, - кажа Міхаіл. Нам, сацыяльным гікам і сацыятэхнікам важна, каб людзі, якія будуць ствараць новыя пасяленні на новай планеце, разумелі, што гэтае кіраванне смеццем павінна пастаянна выхоўвацца.

І гэта актуальна як для вялікіх гарадоў, так і для малых вёсак – сёння смецце становіцца выклікам не толькі мегаполісам, але і невялічкім паселішчам. У вёсках смецце зараз таксама ідзе на аўтсорс. Канечне, там з большым адсодкам адкідаў людзі робяць нешта самастойна, але ўсё адно захоўваецца пэўнае адчужджэнне смецця.

Атрымліваецца, што мы аддаем прадукты сваёй жыццядзейнасці, і далей іх лёс з намі не звязаны. Карл Маркс калісьці пісаў пра адчужэнне прадукта ад стваральніка, а ў нас, умоўна кажучы, існуе адчужэнне смецця ад спажыўца. А гэта вельмі важны аспект, бо ён пазбаўляе нас магчымасці ўбачыць і зразумець увесь экалагічны цыкл – што адкуль бярэцца і ўва што ператвараецца”.

 

Кампаставаць можна нават паперу

Пакуль што на касмічным караблі займаюцца перапрацоўкай арганічных адкідаў, але абяцаюць імкнуцца да таго, каб працаваць і з астатнімі. З паперай крыху працуюць ужо цяпер – яна часткова засвойваецца верміфермай, і гумус ствараецца ў тым ліку з яе.

Асноўная база верміфермы – гэта самі вермікантэйнеры. Але ёсць і дадатковыя рэчы: салома, якая дапамагае чарвям хутчэй памнажацца, газеты для дрэнажа, апілкі для насычэння прасторы кіслародам і ўпітвання вільгаці і лясны пясок для разрыхлення.

Міхаіл расказвае, што шатлы прывозяць на карабель замарожаныя арганічныя парэшткі, і калі іх кідаюць у кантэйнеры, пачынаецца працэс кандэнсацыі, што вядзе да акумулявання вільгаці, так што без дрэнажу не абыйсціся. І газеты цудоўна спраўляюцца з гэтай задачай.

Таксама, аказваецца, чэрві вельмі любяць цэлюлозу, і калі зверху і знізу у кантэйнеры пакласці аркуш паперы ці картону, атрымаецца, што з двух бакоў будзе прыблізна аднолькавы мікраклімат, і гэта дазволіць чарвячкам больш раўнамерна размяркоўвацца па кантэйнеры.

 

Адкіды пераўтвараюцца ў гумус за некалькі тыдняў

І як бы дзіўна гэта ні гучала, але на касмічным караблі пытанне біяразнастайнасці застаецца дужа актуальным:

“Калі у кантэйнеры зашмат вільгаці, з’яўляецца шмат розных мошак. З аднаго боку, гэта добра, бо фактычна гэта біялагічная разнастайнасць. Калі мы будзем культываваць толькі адзін від, гэта будзе спесішызм, так што  мошак трэба проста зразумець, прыняць і палюбіць. Але з іншага боку, для людзей гэта не вельмі звыкла”, – кажа Міхаіл.

У іншым адсеку касмічнага карабля стаяць дзве верміградкі. Цяпер карабль пралятае праз халодную частку сусвету, так што рост раслінаў крыху запаволены. Тут меншае ўздзеянне зорнага цяпла і святла, і гэта ўплывае на рост.

Зараз гэта ўжо трэцяя ітэрацыя градак, і яны амаль цалкам складаюцца з гумусу, перапрацаванага на мясцовай верміферме, а ў першыя дзве ітэрацыі каманда наўпрост у градкі пад грунт закідвала кампост з чарвякамі. Гэта была комплексная сістэма, і аказалася, што на кампосце зеляніна расце проста шыкоўна. Адзінае, з чым эксперымент не надта ўдаўся – гэта шпінат.

“Увогуле, у нас на караблі вельмі цёпла, таму што ў тых вермікантэйнерах, дзе працуюць чарвячкі, адбываецца шмат працэсаў распаду арганікі, – расказвае Міхаіл.

– Раней у нас было чатыры ступені працы верміфермы – прыём адкідаў, кампостны кантэйнер, вермікантэйнер, верміградка. Цяпер мы пакінулі толькі тры ступені, прыбраўшы кампостны кантэйнер. А прыбралі мы яго праз тое, што біялагічнай разнастайнасці было ўжо зашмат, а на касмічным караблі ва ўмовах абмежаванага аб’ёму кіслароду гэта не надта добра. Нам давялося зрэгуляваць біяразнастайнасць, але эфектыўнасць верміфермы ад гэтага не зменшылася – наша задача была прыбраць мошак, а не чарвякоў”.

Але ж і зараз мошак хапае, праўда іх не так шмат, каб яны заміналі людзям. Міхаіл кажа, што на караблі жывуць мошкі розных відаў:

“Ёсць вось адзін від, які нам прывезлі з Маладзечанскага касмічнага карабля – яны вельмі пасіўныя, як беларусы. Мы не ведаем дакладна, як яны называюцца, але добра з імі пасябравалі. Ёсць і іншыя, больш вядомыя віды. Яны знікаюць у пэўны час. Калі мы балансуем загрузку кантэйнераў, яны сыходзяць, і калі на карабель трапляе холад, таксама хутка знікаюць”.

Адзін вялікі вермікантэйнер разлічаны на аб’ём каля 30 літраў. Запаўняецца ён, канечне, не ў адзін заход, але кожная порцыя адкідаў ператвараецца ў гумус (каля 70% гатоўнасці) за 2-3 тыдні ўлетку і 1-1,5 месяца ў халодны перыяд года. Вельмі высокая актыўнасць чарвякоў увесну – яны хутка развіваюцца і вельмі шмат ядуць.

 

Тры пакаленні чарвей

Адначасова ў кантэйнеры павінна быць хоць бы тры пакаленні чарвякоў – коканы, маленькія і вялікія чарвячкі. А ў ідэале варта мець чатыры пакаленні: коканы, зусім маленькія чарвякі, крыху большыя і дарослыя. Калі застаюцца толькі дарослыя, гэта значыць, што варта хутка чакаць скарачэння калоніі, а калі скарачаецца калонія, трэба скарачаць аб’ём парэшткаў для перапрацоўкі.

Першасная калонія на касмічным караблі была пароды Беларускі араты. Гэтыя чарвякі вельмі добрыя для вермікампаставання ў беларускім клімаце - яны актыўна ядуць і памнажаюцца пры тэмпературы ад +3 да +28 градусаў. Наогул, пародаў, якія падыйдуць для вермікампаставання, шмат, і каб вермікампостэр існаваў доўга, а калонія не выраджалася, пароды варта змешваць. У першай калоніі на караблі было менш за 20 чарвякоў, а зараз, павдоле ўскосных падлікаў, іх каля 700-800 (улетку даходзіла да 1000).

Увесну можна займацца мультыплікацыяй – павялічваць аб’ём парэшткаў, павялічваць жылплошчу чарвякоў. Чым большая ў іх жылплошча і чым больш у іх корму, тых хутчэй яны развіваюцца. У каманды няма праблем з тым, каб знайсці для іх корм, а вось з пашырэннем жылплошчы ўсё, канечне, не так проста: “Мы прыйшлі да высновы, што трэба выходзіць за межы нашага касмічнага карабля і ствараць капсулы на новых планетах (кантэйнеры на вуліцы), куды зможам адсяліць частку нашай вялікай калоніі”.

Час пакажа, як будзе далей складвацца лёс касмічнага карабля і верміфермы на ім. Магчыма, каманда і праўда знойдзе прыдатную для засялення планету ці сустрэнецца з цывілізацыяй, якую таксама зацікавіць вермікампаставанне. А можа, для іх адкрыюцца новыя нечаканыя гарызонты.

 

Што мне трэба ведаць, каб зрабіць кампост і верміферму?

Зялёны партал са свайго боку не можа прапанаваць вам месца ў касмічнай экспедыцыі, але мае некалькі парадаў, як арганізаваць вермікампост у звычайным зямным жыцці. Калі вы ўжо задумваліся аб тым, як бы найбольш экалагічна пазбаўляцца ад арганічных адкідаў, але перспектыва рабіць дома кампост вас пужала – гэтыя парады акурат для вас:

  1. Не бойцеся. А калі пазбавіцца страху не атрымліваецца, не дазваляйце яму вас спыніць.

Ну вось што найгоршае можа здарыцца, калі вы паставіце дома вермікампосцер? Максімум, вы зразумееце, што гэтая дзейнасць не для вас і пазбавіцеся ад кантэйнера. У выпадку ж поспеху перавагаў куды больш – вы зможаце кампаставаць сваё смецце і выкарыстоўваць гумус для сваіх раслін альбо аддаваць яго знаёмым, якім ён прыдасца для вырошчвання кветак, зеляніны ці гародніны.

  1. Усталёўвайце вермікампосцер у цёплым памяшканні

Ідэя паставіць кантэйнер на балкон вельмі зразумелая і зусім някепская для цёплай часткі года, але ж на зіму варта пераставіць кампосцер у больш цёплае памяшканне, каб чэрві працягвалі актыўнічаць. Наўрад ці яны памруць ад холаду на балконе, але есці перастануць (амаль) цалкам. Яны могуць увайсці ў стан анабіёзу і перастаць працаваць з вашымі адкідамі.

  1. Сачыце за ўзроўнем вільгаці ў вермікампосцеры

Звычайна ўнізе кантэйнера робяць невялікія дзіркі, каб сцякала ці выпаралася лішняя вільгаць (тады лепш мець падстаўку для перастрахоўкі), але калі такіх дзірак няма, кантролю вільгаці трэба надаць яшчэ большую ўвагу. Для дрэнажа можна выкарыстоўваць паперу і апілкі. Калі вільгаці будзе надта шмат, унізе кантэйнера створыцца анаэробнае асяроддзе (не будзе доступу кіслароду) і з’явіцца непрыемны пах.

  1. Дадавайце дастаткова базавага субстрату

Глеба, пясок, картон, газеты, апилки (не свежыя!) – усё гэта можа быць базавым субстратам, з якім трэба змешваць адкіды. Людзі, дасведчаныя ў кампаставанні, раяць навічкам пачынаць з прапорцыі 70% субстрату і 30% корму (адкідаў) і паступова прыходзіць да прапорцыі 50 на 50%.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 15.11.2019

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.