У 10 беларускіх ды 9 украінскіх школах працуюць школьныя экалагічныя клубы. Яны аб’ядноўваюць амаль дзве сотні вучняў і настаўнікаў.
Удзельнікі сочаць за станам малых рэк Прыпяці ў абодвух раёнах, робяць гідрахімічны аналіз вады ды прыбіраюць берагі ад смецця. У лістападзе і снежні хлопцы і дзяўчаты з розных вёсак ездзілі адзін да аднаго, каб аналізаваць ваду ды прыбіраць берагі разам. Гэта адбываецца ў межах праекта Трансгранічныя водныя інспектары, што сафінансуецца Еўрапейскім саюзам.
Мы правялі мінулую суботу з юнымі “воднымі інспектарамі” з беларускага Пагост-Загарадскага ды ўкраінскіх Ветлаў. У гэты раз дзяцей перад маніторынгавым візітам дзяцей чакаў сюрпрыз - сумесная трэніроўка з юніёрскай камандай мінскага футбольнага клуба Луч.
Пасля трэніроўкі юныя “водныя інспектары” з Беларусі і Украіны паехалі ў Пагост-Загарадскі, каб разам зрабіць аналіз вады з мясцовай ракі Бобрык і калодзежа. Па дарозе запыталі ў хлопцаў і дзяўчат, чаму яны захапляюцца экалогіяй і сочаць за мясцовымі рэкамі.
Вось што думае Аліна Мартынюк, школьніца з Ветлаў: “Я ўдзельнічаю ў праекце, бо лічу, што калі мяняцца будзеш ты, то астатнія падцягнуцца. Мне вельмі цікава сачыць за станам рэк, я даведалася больш пра ўласцівасці вады ды завяла новых сяброў і сябровак у Беларусі. Рэкі аб’ядноўваюць нас, кожны і кожная перадае свой досвед і разам мы можам дасягнуць большага.”
У Пагосце-Загарадскім з дапамогай кампактных хімічных лабараторый дзеці вызначылі, колькі вада ўтрымлівае кіслароду ды яе кіслотнасць. Таксама шукалі нітраты, нітрыты, фасфаты ды амоній. У выніку высветлілася, што з вадой з мясцовай ракі ўсё добра. А калі вызначыцца, што пэўныя паказчыкі ў вадзе перавышаюць норму? Тады настаўнік можа перадаць гэтую інфармацыю ў мясцовую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Сваім уражаннем ад удзелу ў праекце дзеліцца Людміла Саланевіч, настаўніца Пагост-Загарадскай СШ і кіраўніца школьнага экалагічнага клуба: “Дзеці сталі больш актыўнымі - цікавяцца, калі будзе наступны занятак, што будзе яшчэ цікавага. Таксама добра, што дзеля адной справы аб’ядналіся дзеці з двух краін. Так можна паглядзець на праблемы малых рэк з двух бакоў.”
Трансгранічныя візіты скончыліся завершыліся. Але юныя “водныя інспектары” працягваюць сачыць за рэкамі, азёрамі і калодзежамі ў межах лакальных кампаній па маніторынгу вады і ачыстцы берагоў. Рэзультаты вымярэнняў у хуткім часе можна будзе паглядзець на адмысловым сайце https://www.pry5.org.