Першы з іх, праўда, аказаўся не прылётным. Ён перазімаваў у сараі пенсіянеркі ў вёсцы Пракопавічы. Аб'ектыў фатографа злавіў яго ў той момант, калі птушка чысцілася пасля дажджу, паведамляе каментатар на сайце Птушкі штодня (гл. фота). А ўжо ў суботу і нядзелю буслы былі каля вёскі Багушоўка.
Высветлілася, што цяпер досыць цяжка вызначыць, дзе менавіта зімуюць нашы буслы.
– Раней усе буслы з Еўропы ляцелі зімаваць у Афрыку – Паўночную або (нашы, напрыклад) у Паўднёвую, – патлумачыў арнітолаг Дзмітры Вінчэўскі. – Але пасля таго, як частка буслоў навучылася харчавацца на звалках, яны пачалі заставацца ў паўднёва-заходняй Еўропе – у Партугаліі, Іспаніі. Калі звалкі пачалі закрываць (пасля прыняцця закону аб тым, што звалкі не могуць быць адкрытыя), буслы з зімоўкай перамясціліся ў Паўночную Афрыку. Таму дзе зімавалі першыя прыляцелыя ў Беларусь буслы і адкуль яны прыляцелі, адназначна сказаць цяжка. З-за таго, што зімы сталі нашмат цяплейшымі, чым былі раней, буслы могуць нават заставацца ў Беларусі.
Самыя першыя буслы пачынаюць прылятаць у пачатку сакавіка. З'яўленне буслоў у Беларусі ў гэтым годзе ўкладваецца ў звычайныя для гэтай падзеі тэрміны.