15.05.2020 / 12:05

Спрэчкі наконт таго,  як людзі будучыні будуць дзяліць тэрыторыі зямлі і таго, што знаходзіцца ў касмічнай прастор ўзнікаюць ужо даўно, але і да таго няпростую сітуацыю могуць ускладніць кліматычныя змяненні. Куды ісці жыхарам Маршалавых астравоў, калі іх затопіць? Якія правы на іншыя тэрыторыі будуць мець кліматычныя бежанцы? І як чалавецтва будзе дзяліць іншыя касмічныя міры, які будуць прыгоднымі для жыцця?

Падчас анлайн-лекцыі “Заселеныя прасторы: як людзі будуць дзяліць зямлю, акіян і космас”, арганізаванай ECLAB, юрыстка-міжнародніца і магістр права Кацярына Кузняцова разважала над гэтымі ды іншымі пытаннямі. А Зялёны партал запісаў канспект дыскусіі.

 

 

Зямля

Сучасная сістэма дзяржаў і прадстаўленняў граніц – даволі маладая гісторыя. Яе адлічваюць з 1648 года, калі быў заключаны Вестфальскі мір, які азначаў канец Трыццацігадовай вайны. Тады ў феадальнай Еўропе ўпершыню ўладары зямель з’ехаліся як роўныя.

І гэтая роўнасць грунтавалася не на матэрыяльным дабрабыце, а на прынцыпе, што кожны – кіраўнік сваёй тэрыторыі. Разуменне суверэнітэту, як вельмі спецыфічнай характарыстыкі палітычнай суполкі, пры якой яна незалежна ў знешніх справах і вярхоўна ва ўнутраных, фарміруе ўсё наша сучаснае ўяўленне пра ўзаемадзеянне дзяржаў. На практыцы кожны гэта адчувае, калі бярэ візу – дазвол іншага суверэна, каб уехаць на яго зямлю.

Базавая ідэя сёння заключаецца ў тым, што няма дзяржавы без зямлі. Пакуль што гэта падаецца натуральным. Але ёсць загвоздка.

“Малыя астраўныя дзяржавы сёння ставяць пытанне рубам у сілу павышэння тэмпературы і ўзроўню акіяна, змянення клімату. Ёсць ненулявыя шанцы, што ўся тэрыторыя гэтых малых астраўных дзяржаў знікне. І стане пытанне, як тады паступаць з цэлымі народамі, членамі ААН, у якіх проста перастала існаваць тэрыторыя іх дзяржавы? І добрага адказу пакуль на гэта няма”, – тлумачыць экспертка.

З пункту погляду буйных дзяржаў, 50 тысяч людзей на востраве – гэта няшмат, гэта насельніцтва раённага горада. Іх можна было б назваць кліматычнымі бежанцамі, і Еўропа б іх прыняла. Але сёння ітак вельмі шмат бежанцаў, і гэтыя людзі папросту не будуць заўважнымі паміж іншымі.

“Пытанне ў тым, што яны не хочуць растварацца. У іх была свая дзяржава, а клімат змяняецца не з-за іх, а ў выніку дзейнасці развітых дзяржаў. Яны як раз пакутуюць з-за таго, што іншыя дзяржавы драпежніцкі абыходзяцца з планетай Зямля. У іх няма рэсурсаў паўплываць на палітыку, няма рэсурсаў змяніць сітуацыю. Але яны хочуць захавацца, як палітычная супольнасць. Пытанне дзе і як. Ці будзе гатова міжнародная суполка сумеснымі намаганнямі знайсці ім нейкі кавалак зямлі, як гэта было, напрыклад, з праектам Ізраіль?” – пытае Кацярына Кузняцова.

Любая зямля, якая не належыць ніякай дзяржаве, разглядаецца як нічыйная. Хто першы яе адкрые, той можа аб’явіць яе сваёй.  Але сёння практычна няма такіх зямель.

Яшчэ некалькі легальных спосабаў набыць тэрыторыю – купіць яе ці атрымаць у падарунак. Заваёўваць нічога нельга з 1945 года.

Самая вялікая з захаваных нічыйных зямель на нашай планеце – Антарктыда. Адкрылі яе прадстаўнікі Расійскай Імперыі на пачатку ХІХ стагоддзя. Але кантынент аказаўся не дужа сяброўскім, таму асвойвалі яго не вельмі актыўна. Тым не менш, экспедыцыі ад розных дзяржаў апісвалі і адкрывалі новыя кавалачкі зямлі, і з’явіўся шэраг праў і прэтэнзій на тэрыторыю, якія часткова перакрыжоўваюцца.

Актыўна засяляць Антарктыду не дазваляе клімат. У 1959 годзе дзяржавы, якія збіраліся яе дзяліць, заключылі дагавор, у якім замарозілі ўсе тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Яны дамовіліся на роўных умовах даследаваць Антарктыку. Гэта стала цікавым прыкладам самаабмежавання дзеля навуковага інтарэсу.

І сёння мы можам бачыць, колькі важных вынікаў нам дало супрацоўніцтва дзяржаў за ўвесь час існавання дагавору: у Антарктыдзе не могуць размяшчацца войскі, ядзерная зброя, а таксама працуе базавы прынцып свабоды навуковых даследаванняў. Такім чынам Антарктыка застаецца вялікай лабараторыяй. Але ж праз трыццаць год усё можа змяніцца.

Паступова стала зразумела, што там, на поўдні, ёсць вуглевадароды і рэдказямельныя металы. У канцы 1980-х была спроба прыняць дагавор, які б дазволіў раскопваць Антарктыду і эксплуатаваць яе. Гэта прывяло да шырокамаштабнага міжнароднага руху ў яе абарону, бо камерцыйная эксплуатацыя рэсурсаў – прамы шлях да экалагічнай дэградацыі.

Ва ўмовах Антарктыкі гэта было б катастрафічна. Ціск “зялёных” дапамог у 1991 годзе заключыць дадатковы Пратакол аб ахове навакольнага асяроддзя, які забараніў правядзенне геолагаразведачных работ у Антарктыдзе для забеспячэння экалагічнай бяспекі і пераўтварэння яе ў прыродны запаведнік. Гэты пратакол наступны раз плануюць пераглядзець у 2048 годзе.

“Калі казаць пра перспектывы буйнога перадзелу зямель на планеце, то гэта тое, што можа выглядаць небяспечным. Да 2048 года запасы разведанай нафты і газу дакладна паменшацца. Нават цяперашняе рэзкае падзенне і адмоўныя цэны на нафту не кажуць пра тое, што ўся эканоміка перабудавалася і не мае патрэбы ў вуглевадародах. Тэхналогіі будуць развівацца, і 2048 год пачынае выглядаць вельмі небяспечным з-за магчымасці спрабаваць дзяліць Антарктыку”, – непакоіцца юрыстка.

Зараз там трымаюць свае базы больш за 40 дзяржаў. З 2007 года такую мае і Беларусь.

Паколькі Антарктыда – міжнародная прастора, кожную станцыю можна разглядаць, як карабель. Адпаведна на кожнай станцыі дзейнічае закон той краіны, дзе яна зарэгістравана. То-бок, напрыклад, калі там будзе здзейснена злачынства, то злачынцу будуць судзіць па законам краіны, да якой станцыя адносіцца.

Але есць выключэнне: інспектары, якія правяраюць базы, абараняюцца законам сваёй роднай краіны. Гэта з’яўляецца формай іх аховы.

 

Акіян

Магчымасць караблёў вольна плаваць пад сваім сцягам – таксама ідэя адносна новага часу. На старых мапах акіян быў падзелены. У асноўным ён  належаў Іспаніі і Партугаліі – дзяржавам, якія першыя пачалі яго даследаваць.

У 1609 годзе Гуга Гроцый, адзін з заснавальнікаў міжнароднага права, напісаў трактат “Mare Liberum” (“Свабоднае мора”). Ён тады працаваў наёмным юрыст-консультам галандскай кампаніі і адстойваў прыватныя інтарэсы, але ідэя свабоды перасоўвання па морах дажыла і дагэтуль.

Сучасная Канвенцыя марского права шмат у чым базуецца на тых думках. Сярод асноўных магчымасцей – свабода суднаходства (любая дзяржава можа плаваць у адкрытым акіяне), свабода палётаў над сусветным акіянам, свабода пракладвання падводных кабеляў і трубаправодаў, свабода ўзводзіць штучныя востравы і ўстаноўкі, свабода рыбалоўства, свабода навуковых даследаванняў і іншае. Любое судна мае сцяг. Беларускі карабель таксама можа свабодна плаваць па акіяну, нягледзячы на тое, што мы не маем выхаду да мора. І на нашым караблі будуць дзейнічаць беларускія законы.

Выкарыстоўваць сусветны акіян могуць усе, а прысвойваць не можа ніхто. Гэта як паркоўка побач з пад’ездам: хто прыехаў і паставіў машыну – таго і месца. Але, калі аўто з’ехала і месца занялі, вы не можаце настойваць на тым, што яно ваша. Уся тэрыторыя – агульная прастора і яе дабротамі карыстаюцца ўсе.

З-за таго што акіян агульны, узнікае таксама шэраг праблема. У тым ліку пераэксплуатацыі рыбных рэсурсаў. Усе дзяржавы маюць права рыбачыць і разумеюць, што гіпатэтычна, калі яны перастараюцца, папуляцыя рыбы можа загінуць. Але чаму нехта першы павінен самаабмяжоўвацца і вылоўліваць менш рыбы? Хай гэта робіць сусед.

Атрымліваецца трагедыя агульнага вычарпанага рэсурсу. Пакуль што дзяржавы ўмеюць дамаўляцца ў гэтым кірунку: яны ўсталявалі пэўныя правілы, якія рэгулююць у тым ліку аб’ёмы вылаву.

Доўгі час акіян быў вялікай звалкай, але дзяржавы паспрабавалі гэта асэнсаваць і стварыць шэраг дагавораў, якія абмяжоўваюць або забараняюць пэўную дзейнасць.

“Пытанне экалагічнай абароны прывяло да таго, што дзяржавы сёння пачынаюць больш пільна глядзець на краіны “зручнага сцяга”, з-за таго, што адбылося некалькі экалагічных катастроф. Як у сітуацыі з нафтавай платформай Deepwater Horizon у 2010-м, калі высветлілася, што яна была зарэгістравана пад сцягам Маршалавых астравоў. А гэтая дзяржава, шчыра кажучы, была ні сном ні духам аб ёй. Яны проста збіралі свае невялікія грошы за ўключэнне ў рэестр пад сваім сцягам, рабілі свой маленькі бізнес на суверэнітэце”, – адзначае спецыялістка. 

"Зручны сцяг” – гэта і ёсць гандаль суверэнітэтам. Пасля гэтага выпадку дзяржавы сталі больш адказна глядзець, пад чыім сцягам ходзіць судна. Ёсць спецыяльныя інспекцыі, якія робяць тэхагляд, правяраюць захаванне працоўных правоў членаў экіпажу і іншае.

Вельмі цікавая спроба “хакнуць” знутры сістэму суверэнных дзяржаў была зроблена Княствам Сілэнд. Яны фактычна заснавалі сваю дзяржаву ў 1967 годзе на закінутай платформе ў моры. Гэты прэтэндэнт меў важныя тэарэтычныя вынікі.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць легальна штучна нарошчваць тэрыторыю. У жыхароў Нідэрландаў ёсць прыказка: бог стварыў чалавека, а Галандыю зрабілі галандцы.

Больш за 50 % тэрыторыі краіны – гэта вынік працы дамбаў і штучных збудаванняў, якія адсоўвалі мора і асушалі яго дно. Зараз, калі вы стаіце сярод цюльпанаў, палёў і млыноў, можна ўбачыць знак: вы знаходзіцеся на некалькі метраў ніжэй за ўзровень мора.

Асэнсаваць гэта цяжка. Атрымліваецца, калі дамбу прарве ці ў выніку змянення клімату, узровень акіяну падыміцца, то ўсю гэту прыгажосць затопіць.

Раён марскога дна таксама належыць усім, і яго можна эксплуатаваць. Гэта няпроста, бо ціск на глыбіні вельмі сур’ёзны. Лягчэй пабудаваць касмічны апарат, чым механізм для працы на дне акіяна. Не жарт, што на дне Марыянскай упадзіны было значна менш людзей, чым на Месяцы. Але няма такіх перашкодаў, якія б спынілі бізнес.

“Да 2025 года прагназуюць пачатак запуску пэўных камерцыйных праектаў па здабычы рэсурсаў марскога дна. Тут эколагі б’юць трывогу, бо, па-першае, гэта ўсё мала вывучаныя экасістэмы. Як на іх адлюструецца буйнамаштабная камерцыйная здабыча, не зразумела. Прававы рэжым, які спрабавалі засунуць у Канвенцыю ААН па марскому праву 1982 года, праваліўся намаганнямі ЗША і іншых развітых дзяржаў. Менавіта пад лозунгам, што акіян належыць усім, і мы хочам яго выкарыстоўваць, а не дадаткова абмяжоўваць. І вось тут разрыў паміж беднымі і багатымі краінамі становіцца яшчэ больш паказальным. Ёсць толькі адна дзяржава, якая развіваецца і заявіла пра свае планы аб глыбакаводным свідраванні, – гэта Індыя. Але ў асноўным гэты спакуслівы кавалак дастанецца развітым краінам, у якіх будзе тэхналогія”, – падсумоўвае экспертка.

На думку Кацярыны Кузняцовай, абмежаванняў у плане экалогіі недастаткова, па меншай меры ў дачыненні да глыбакаводнага свідравання. Але наўрадці гэтыя правілы ў хуткім часе будуць перагледжаны.

Канвенцыю 1982-га пісалі на працягу дзесяці гадоў. А потым яшчэ да 1994 году, калі яна ўступіла ў сілу, шукалі кампраміс з развітымі дзяржавамі (у першую чаргу з ЗША) у пытанні, як захаваць экалагічную ахову марскога дна, інтарэсы самых бедных дзяржаў і ў той жа час дапусціць эксплуатацыю рэсурсаў.

Тым не менш, ЗША дагэтуль канвенцыю не падпісалі. Як кажа юрыстка, зараз трэба чакаць толькі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ЗША і тады, магчыма, з’явяцца перспектывы далучэння краіны да гэтай канвенцыі. 

 

Космас

Вельмі свежая прастора, якую пачынаюць разглядаць, як рэсурс. Як толькі ў 1957 годзе стала зразумела, што чалавек атрымаў тэхнічную магчымасць выйсці ў космас, усе пагадзіліся, што касмічную прастору нельга дзяліць. У многім з-за таго, што палёт – рух па акружнасці і перасячэнне тэрыторый шматлікіх дзяржаў.

У выніку ў 1967 годзе з’явіўся Дагавор аб космасе. Ім замацаваны міжнародны характар касмічнай прасторы. Як і з акіянам, выкарыстоўваць космас могуць усе, але прысвойваць – ніхто. Космас прыладзілі не толькі пад навуковыя вопыты. Сувязь, тэле- і радыёвяшчанне, навігатары GPS – гэта ўсё блізка да нашага наземнага жыцця.

Цікавы момант звязаны з геастацыянарнай арбітай – гэта акружнасць, якая знаходзіцца ў плоскасці экватара на адлегласці прыкладна 36 000 км ад Зямлі. Спадарожнік, які там знаходзіцца, круціцца такім чынам, што вісіць над адным і тым жа месцам. І гэта вельмі зручна з пункту погляду наладкі.

Калі вы мелі справу са спадарожнікавымі талеркамі, то вас, пэўна, нервавала паведамленне “ідзе пошук спадарожніка”. Калі спадарожнік размяшчаецца на геастацыянарнай арбіце, яго не трэба шукаць – ён заўсёды ў адным пункце небасхілу. Аднак даўжыня гэтай велізарнай акружнасці канчатковая – і колькасць спадарожнікаў, якія там могуць размесціцца, таксама.

“Парадаксальным чынам у велізарнай касмічнай прасторы ўзнікае абмежаваны рэсурс, – звяртае ўвагу Кацярына Кузняцова. – І зноў мы бачым, што гэты разрыў паміж беднымі і багатымі краінамі прыводзіць да таго, што ўсе найбольш зручныя пазіцыі займаюцца тымі, хто тэхналагічна больш прасунуты. Калі ўмоўны Эквадор, які знаходзіцца на экватары, дарасце да запуску свайго спадарожніка, цалкам магчыма, што пункт над яго тэрыторыяй ужо будзе заняты амерыканскім, расійскім ці іншым спадарожнікам. Дзейнічае прынцып “Хто першы ўстаў – таго і тапкі”.

Такая сітуацыя зноў нараджае цэлы шэраг спроб найменш развітых дзяржаў гандляваць суверэнітэтам. Напрыклад, Тонга падавала заяўкі на запуск спадарожнікаў. Хоць усе спецыялісты разумелі, што ім да гэтага далёка, адмовіць у спадарожнікавай пазіцыі не маглі. А пасля краіна прадавала гэтыя месцы камерцыйным арганізацыям, напрыклад, амерыканскім.

У ЗША бізнесаў, якім трэба выводзіць свае спадарожнікі, вельмі шмат. Там вялікая чарга жадаючых. У выніку з-за такого прэцэдэнту былі зменены правілы і скарочаны час, у які спадарожнік фактычна павінен быць запушчаны. Такі падыход мінімізуе магчымасць продажу спадарожнікавай пазіцыі.

Дамова аб космасе забараняе распаўсюджванне суверэнітэту па-за межы Зямлі, таму Месяц, Марс і іншыя планеты не могуць камусьці належыць. Нават у прыватным парадку.

Калі, напрыклад, Ілан Маск першым ступіць на паверхню Марса, ён усё адно не зможа яго набыць. Для гэтага няма законных рамак. Тым не менш на іншых планетах можа існаваць прыватная ўласнасць. Як то “Месяцаход-2”, які зараз належыць Рычарду Гэрыяту і находзіцца на Месяцы.

Але космас – гэта яшчэ і небяспека для зямлян. Аб’екты з арбіты могуць з-за пазаштатнай сітуацыі ўпасць на Зямлю. Самы буйны інцыдэнт здарыўся з савецкім спадарожнікам “Космас-954”, які ў 1978 годзе зваліўся на Канаду. Гэты спадарожнік меў радыёактыўныя элементы, якія былі раскіданыя на тэрыторыі прыкладна 124 000 квадратных кіламетраў.

Савецкі Саюз выплаціў Канадзе грошы за шкоду ў дачынення да матэрыяльных аб’ектаў, але не прызнаваў, што ядзернае забруджванне, якое было нанесена, таксама павінна быць кампенсаваным.

Пытанні, якія датычацца бяспекі, становяцца ўсё больш актуальнымі. За гісторыю касмічных палётаў было запушчана 9453 касмічных аб’екта. Вядома ж, частка з іх уляцела на іншыя планеты, але многія засталіся кружыць над намі.

Кампанія Ілана Маска са сваім праектам Starlink летась падала заяўку на запуск больш за 30 000 дадатковых спадарожнікаў на нізкія арбіты.  У суме з папярэднімі праектамі гэта пачынае выглядаць небяспечна. Што з імі будзе, калі тэрмін службы скончыцца?

У хуткім часе можа з’явіцца абалонка са смецця, праз якую павінны будуць пралятаць усе іншыя  касмічныя караблі і лятальныя аб’екты. Калі гэтыя спадарожнікі будуць падаць, ці змогуць яны цалкам згарэць у атмасферы? Зноў атрымліваецца сітуацыя, калі ёсць агульны рэсурс, які могуць выкарыстоўваць усе, але наколькі доўга ён будзе даступным, залежыць ад разумнасці калектыву. Перспектывы, як мы будзем выкарыстоўваць касмічную прастору, даволі складаныя.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость