Што, калі і дзе збіраць
Збіраць можна карані, наземную частку - лісце, галінкі, пупышкі, кветкі.
Усе зёлкі маюць свой час нарыхтоўкі у залежнасці ад таго, якую частку расліны мы хочам сабраць. Карані збіраюць восенню і вясной у любое надвор’е, бо пасля іх ўсё роўна трэба мыць.
Наземную частку зёлак мыць нельга, таму збіраць яе трэба толькі ў сухое надвор’е і ў перыяд цвіцення. Выключэнне складае палын, бо ў перыяд цвіцення ён ўтрымлівае шмат алкалоідаў.
Лісце дрэў збіраюць летам, пупышкі – у Беларусі звычайна толькі сасны і бярозы - у пачатку вясны. Каб нарваць дастатковую колькасць бярозавых пупышак, трэба зразаць галіны, таму бярозавыя пупышкі лепш купляць у аптэцы.
Амялу – паразіт, які расце на дрэвах, таксама прасцей купіць у аптэцы, бо на дрэвах яе цяжка дастаць.
Рэкамендуецца збіраць зёлкі за горадам у радыусе двух кіламетраў ад дарог і аднаго кіламетра ад сельскагаспадарчых палеткаў.
Як сушыць зёлкі ва ўмовах горада
Раней, ва ўмовах вёскі, зёлкі сушылі ў печы або пад страхою. У горадзе зрабіць гэта таксама рэальна. Карані можна сушыць у духоўцы, папярэдне парэзаўшы іх на кавалкі. Некаторыя карані можна абсмажваць на патэльні. Выключэнне складае корань валяр’яну. Яго трэба сушыць у ценю, каб ён сох вельмі павольна. Калі корань высушыць хутка, ён будзе смярдзець, таму ў аптэцы яго набываць няварта.
Прыкметы высушанага кораня – цвёрды, ламаецца ў руках, не гнецца. Выключэнне - корань пырніку, які за кошт сваіх прыродных уласцівасцей застаецца гнуткім.
Наземныя часткі раслін трэба сушыць у ценю, каб на іх не траплялі прамыя сонечныя промні. Выключэнне складае мята. Ідэальна, калі акно ў кватэры выходзіць на поўнач. У іншым выпадку трэба выбраць пакой, куды сонца трапляе мінімальна. Удзень закрыць акно фіранкамі. На сцяне ў пакоі нацягнуць вяроўку і чапляць на яе зёлкі па адным каліве. Калі чапляць пуком, то можа з’явіцца цвіль. Верас і піжму можна сушыць пукамі.
Галоўны паказчык правільна высушаных зёлак – натуральны колер. Калі ён змяніўся, зёлкі страцілі свае ўласцівасці.
Нельга сушыць зёлкі на газетах, бо тыпаграфская фарба ўтрымлівае шкодныя металы - кадмій і медзь. Раскладаць зёлкі на драўляным стале таксама нельга, бо з’явіцца цвіль. Для сушкі трэба абіраць чыстую паперу, тканіну або марлю.
Зёлкі з моцным пахам, эфірамаслічныя, такія як святаяннік, палын змеявідны, мяту, мелісу можна сушыць тоўстым слоем 10-15 см. Можна не варушыць.
У дзьмухаўцоў і падбелу (мать-и-мачеха) перад сушкай трэба адрэзаць чаранкі, інакш расліна будзе гніць. У дзьмухаўца і дзівасіла трэба зняць кветкі, інакш, пакуль яны будуць сохнуць, дадуць насенне.
Формы выкарыстання зёлак
Самая распаўсюджаная форма – настой. Бывае халодным, гарачым, пячным. Халодны гатуецца са свежых зёлак, якія заліваюцца халоднай вадой і настойваюцца гадзіну. Такім чынам настойваюць мяту і мелісу і выкарыстоўваюць такі настой часцей за ўсё для прыгатавання ліманадаў, рэдка для лячэння.
Гарачы настой. Сухія або свежыя зёлкі заліваюцца кіпнем і настойваюцца 20 хвілін.
Пячны настой. Зёлкі кладуцца ў тэрмас і заліваюцца гарачай вадой, не кіпнем.
Адвар – зёлкі варацца да выпарвання 1/3 аб’ёму або настойваюцца больш за 20 хвілін. Адвар часцей выкарыстоўваецца для каранёў, а таксама для сцёблаў брусніц і талакнянкі.
Настойка. Для яе звычайна выкарыстоўваюць 70% спірт, але можна і гарэлку. (Алесь Спіцын раіў не браць для гэтых мэтаў смалявіцкую і гомельскую гарэлку). Можна выкарыстоўваць алейны настой. Напрыклад з часнаку, які выкарыстоўваецца пры прафілактыцы запалення сасудаў. Можна выкарыстоўваць у якасці запраўкі для салатак і прыправы для супоў.
Таксама з зёлак можна рабіць разнастайныя пластыры: мазь на аснове жывіцы, каніфолі.
Цікавыя факты пра самыя папулярныя зёлкі
Корань валяр’яну валодае не седатыўным эфектам, а бадзёрыць.
Вельмі хутка спыняюць кроў серпарэзнік (тысячелистник) і крапіва.
Аналагам фенхелю ў Беларусі з’яўляецца белы доннік.
Аер (аир) і некаторыя яглы (лішайнікі) з’яўляюцца натуральным прыродным антыбіётыкам. У часы захопніцкіх набегаў татары абавязкова вазілі з сабой корань аеру для дэзінфекцыі вады з незнаёмай крыніцы.
У Беларусі сустракаецца ажно чатыры віды палыну: вузкалісты (не валодае лекавымі ўласцівасцямі), звычайны (чарнобыльскі), змяіны, або тархун, і горкі. Самымі моцнымі лекавымі ўласцівасцямі валодае горкі. Ён стымулюе выдзяленне страўнікавага соку і выкарыстоўваецца ў якасці мукалітыку пры ларынгіце, бранхіце, пнеўманіі. Раней ім труцілі коней праціўніка. Звычайны (чарнобыльскі) палын выкарыстоўваецца пры гастрытах з павышанай кіслотнасцю. Можна заварваць у якасці гарбаты на вечар. Ён паляпшае сон, здымае стрэс. Для гарбаты збіраюць зялёныя макушкі, перад цвіценнем.
Корань пырніку можна дадаваць у аўсяны суп. Ён надае сілы, асабліва пасля аперацый або пры цяжкай фізічнай працы. Кідаць корань лепш адначасова з мясам – акурат паспее ўварыцца (2 ст.л. на літар вады). Такой жа ўласцівасцю валодае і медуніца, але яна забароненая для збору.
Добра здымае трывожнасць і стрэс збор з верасу, пустырніку і валяр’яну, а таксама ягады ядлоўцу (можжевельника), завараныя ў заварніку (10 штук на заварнік).
Крынічнік лекавы (вероника лекарственная) дапамагае зацягваць гнойныя раны і змагаецца з грыбковымі захворваннямі.
Алесь Спіцын параіў заўсёды мець у хатняй аптэчцы сардэчныя каплі для тых, хто пакутуе ад высокага ціску, а таксама настойку з кветак дзьмухаўца, якая лечыць галаўны боль, запоры, з’яўляецца добрым сродкам для прафілактыкі прастуды. Калі вы аддаяце перавагу натуральным лекам, спецыяліст раіць не прапусціць зараз цвіценне гусялапкі (манжэткі). Можна яшчэ паспець на збор лісця суніц, пакуль яны не далі ягады. У канцы чэрвеня будзе цвісці скрыпень (иван-чай).