15.06.2020 / 12:06

Да 19 чэрвеня можна паставіць подпіс за будучага кандыдата ў прэзідэнты. Самыя актыўныя ўжо далі некалькі інтэрв’ю і правялі сустрэчы з грамадзянамі. Зялёны партал паглядзеў, якія ў палітыкаў планы наконт экалогіі, аднаўляльнай энергетыкі і шкодных вытворчасцей.

На фота - адзін з кандыдатаў у кандыдаты, Юрый Губарэвіч з руху "За свабоду"

 

Цапкала: “Будаўніцтва АЭС – гэта памылка, і я не ведаю пакуль, як яе выправіць”

Валерый Цапкала шмат выказваўся і ў інтэрв’ю, і ў сваіх сацсетках супраць АЭС і за аднаўляльныя крыніцы энергіі.

У інтэрв’ю інтэрнэт-парталу Delfi  ён падлічыў, што было б больш эфектыўна:

“Трэба было ісці шляхам развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі, у якіх у Беларусі ёсць рэсурсы. Гэта сонечная, ветраэнергетыка і пабудаваная на спальванні адходаў ад перапрацоўцы драўніны.

У канцы канцоў гэта мадэрнізацыя ўжо існуючых цеплаэлектрастанцый, паколькі зачастую мы карыстаемся абсталяваннем, катламі, вырабленым у часы СССР.

Сама па сабе мадэрнізацыя, якая б падняла каэфіцыент карыснага дзеяння існуючых ЦЭС, магла б амаль у два разы павялічыць выпрацоўку электраэнергіі ў Беларусі. Мы чамусьці робім стаўку на энергаёмістыя, матэрыялаёмістыя вытворчасці, не маючы ўласнай энергіі і матэрыялаў. У нас няма ні каменнай, ні жалезнай руды, якая патрабуе шмат энергіі для перапрацоўкі.

Што датычыцца атамнай электрастанцыі, то ў Беларусі няма такіх тэхналогій. Гэта азначае, што мы вымушаны іх імпартаваць, як і сыравіну, паколькі ўрану і магчымасці яго захавання ў нас таксама няма.

Што рабіць з атамнай электрастанцыяй, я пакуль не ўяўляю.

Наколькі я ведаю, праблемы не толькі ў тым, каб вырабіць гэту электраэнергію, але і ў тым, каб яе назапашваць, захоўваць і перадаваць спажыўцу. У любым выпадку складана сказаць, як канкрэтна абыходзіцца з ёю менавіта зараз.

Зараз я не маю дастаткова інфармацыі ў адносінах таго, як і куды збіраюцца транспартаваць гэту электраэнергію, якім чынам яе будуць назапашваць. У любым выпадку яе цана не будзе нізкай, паколькі мы павінны аддаваць 10 мільярдаў долараў за імпартныя тэхналогіі і расплочвацца за ўран, якога ў нас няма”.

 

“Мой бацька адпрацаваў на заводзе і памёр ад раку лёгкіх”

На youtube-канале «Кто, если не он? Выборы в Беларуси 2020» таксама апублікавалі адказ Валерыя Цапкалы на гэту тэму. Палітык спасылаецца на свайго добрага знаёмага – фізіка Жарэса Алфёрава, які прагназаваў рост сонечнай энергетыкі ў свеце. Валерый Цапкала мяркуе:

“Сонечную электраэнергію сёння можна дабываць не толькі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе шмат сонца. Сёння пры павышэнні эфектыўнасці тэхналогій атрымання электраэнергіі, я думаю, што асноўны шлях развіцця – аднаўляльныя крыніцы энергіі. Атамная энергія ўсё-такі да іх не адносіцца. Мы развіваем кірунак, дзе ў нас няма ні тэхналогій, ні сыравіны. Трэба абапірацца на тыя рэсурсы, якія ёсць у Беларусі. І сёння вельмі шмат магчымасцей для развіцця энергетыкі”.

На сустрэчы з жыхарамі Брэста 1 чэрвеня, вядома ж, зайшла размова пра адыёзны акумулятарны завод, піша партал Tut.by.

“Гэта для мяне асабістае. Мой бацька ўсё жыццё адпрацаваў на заводзе. Ён дыхаў аміякам і іншымі гадасцямі. Выйшаў на пенсію і праз тры гады памёр ад раку лёгкіх. Здароўе – гэта аснова асноў”, – падкрэсліў Валерый Цапкала.

Ён лічыць, што ўсе шкодныя вытворчасці трэба вынесці ў асаблівую прамысловую зону, воддаль ад населеных пунктаў.

“Хоча там інвестар будаваць калі ласка, будуй. Але ў горадзе не павінна быць ні лішніх пахаў, ні вібрацый, ні шкодных выкідаў у ваду ці паветра. Горад гэта месца, дзе мы жывём, дзе павінны быць спартыўныя пляцоўкі, паркі і бізнес: банкі, кампаніі, прадпрыемствы, рэстараны, медыцынскія цэнтра тое, што ніяк негатыўна не ўплывае на здароўе”, – адзначыў патэнцыйны кандыдат.

 

“Беларусь – не памыйніца, Беларусь – не смеццевая звалка”

Фота - babariko.by
Фота - babariko.by

Віктар Бабарыка таксама актыўна каментуе пытанне наконт акумулятарнага завода ў Брэсце.

“Я вельмі паважаю ініцыятыўную групу, якая пратэстуе супраць завода, таму што вы робіце гэта не першы год. І ваша мужнасць, ваша прынцыповасць насамрэч выклікаюць вялікую павагу”, – прыводзяць словы палітыка Naviny.by.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта падкрэсліў:

“Беларусь не памыйніца, Беларусь не смеццевая звалка. У Беларусі няма велізарных тэрыторый, на якіх можна было б рабіць брудную вытворчасць. Наша Беларусь краіна вялікая, але не настолькі вялікая і працяглая, каб можна было б знайсці кавалачак, які можна было б забрудзіць”.

Віктар Бабарыка звярнуў увагу, што перш за эканоміку мусяць быць людзі:

“Я ўпэўнены: нікому не патлумачылі, навошта вам і нам, беларусам, вось гэты завод. Можа, ёсць нейкая неверагодная патрэба. Меркаванне людзей абавязкова трэба ўлічваць перад тым, як ёсць “меркаванне” эканомікі. І калі гэта “меркаванне” эканомікі ўсё-такі важнае, людзей трэба ўпэўніваць”.

На яго думку, пратэст не быў бы такім масавым, калі б завод знаходзіўся не ў межах горада і быў бы жорсткі кантроль за выкідамі. Віктар Бабарыка папрасіў актывістаў дакладна сфармуляваць сваю пазіцыю. Калі яму адказалі, што завод павінен быць закрыты, ён адзначыў:

“Тады жорсткае “не”. Я пачуў”.

Фота - Ганна Валынец
Фота - Ганна Валынец

На сустрэчы з грамадзянамі Гомеля карэспандэнт сайта flagshtok.info задаў пытанне наконт сельскагаспадарчых тэрыторый, якія былі забруджаны падчас аварыі на ЧАЭС, але паступова аб’яўляюцца чыстымі і вяртаюцца ў работу.

“Мне падаецца, трэба запрасіць незалежных экспертаў, якія ацэняць магчымасць тэрыторый да развіцця сельскай гаспадаркі, – адказаў Бабарыка.

– Мы вельмі часта насамрэч страхі ствараем самі. Я ўпэўнены, што сітуацыя ў Беларусі нават зараз не такая, як нам падаецца ў галовах.

Віктар Бабарыка пра ачышчэнне земляў пасля ЧАЭС: “У нашых галовах мы думаем страшней”.

Каб даведацца сапраўдную сітуацыю, давайце запросім экспертаў і разам з нашымі службамі скажам сабе праўду. Тое, чаго не хапае, – гэта праўды. І другое, сыходзячы з гэтай праўды, пабудуем сістэму асваення гэтых зямель. Я не вельмі разумею, навошта мы гэта робім, бо, мне падаецца, зямлі ў Беларусі дастаткова і іншай, якую можна было б асвойваць. Іншая справа, што трэба думаць пра людзей, пра тое, чым іх займаць”.

Пазіцыя па АЭС таксама была агучана палітыкам. Віктар Бабарыка назваў тры праблемы, звязаных з атамнай станцыяй ў Астраўцы, піша Радыё Свабода.

  • Першая – АЭС “нам не патрэбна з пункту гледжання ўнутранага спажывання электраэнергіі, і, мяркуючы па ўсім, ніхто ў нас не збіраецца ірвацца яе купляць”.
  • Другая – “гэта яе бяспека як унутры краіны, так і для яе суседзяў”.
  • Трэцяя – “мы вінаватыя за яе ўжо 10 млрд долараў. Ужо вінаватыя, нават без адкрыцця і закрыцця”.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта лічыць, што ёсць некалькі шляхоў вырашэння гэтых праблем. Але самы аптымальны – стварыць міжнародную камісію, якая дапаможа абраць самае рацыянальнае выйсце.

 

Лукашэнка і АЭС: Беларусь навучыцца ў Венгрыі

Фота - БелТА
Фота - БелТА

Дзеючы прэзідэнт не раз выказваўся па ўсіх пытаннях, звязаных з экалогіяй. Мы прывядзём апошнія яго словы па двух тэмах, якія найбольш абмяркоўваюцца. На пачатку чэрвеня тэма ядзернай энергетыкі гучала на перамовах Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам.

“Беларускі бок не дапусціць, каб хтосьці звонку спрабаваў уплываць на нашу энергетычную палітыку.

Разам з тым мы гарантуем, што гэтая палітыка заўсёды будзе арыентавана на максімальную бяспеку, адкрытасць і празрыстасць”, – перадае словы прэзідэнта “Звязда”.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што беларускі бок гатовы прыняць экспертаў МАГАТЭ, ЕС, іншых міжнародных структур, каб яны пераканаліся ў тым, што атамная электрастанцыя ў Астраўцы не пагражае ні самім беларусам, ні нашым суседзям.

Падчас візіту Віктара Орбана паміж Міністэрствам энергетыкі Беларусі і Апаратам прэм’ер-міністра Венгрыі ў галіне электраэнергетыкі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Дакумент замацоўвае узаемную зацікаўленасць Беларусі і Венгрыі ў супрацоўніцтве ў ядзерна-энергетычнай сферы і накіраваны на развіццё кантактаў паміж арганізацыямі, дзейнасць якіх звязана з будаўніцтвам аб’ектаў атамнай энергетыкі і інфраструктуры.

Акрамя таго, плануецца абмен вопытам у сферы эксплуатацыі атамных электрастанцый, захоўвання і захаранення радыеактыўных адходаў. Мемарандум прадугледжвае розныя формы ўзаемадзеяння, у тым ліку стварэнне сумесных прадпрыемстваў для ўдзелу ў інвестыцыйных праектах у галіне электраэнергетыкі. Бакі таксама дамовіліся развіваць партнёрства па пытаннях аказання тэхнічнай падтрымкі і абмену спецыялістамі.

 

“Толькі людзі будуць вырашаць, якім будзе гэты завод”

Наконт акумулятарнага заводу прэзідэнт асабіста апошні раз выказваўся ў верасні, падчас святкавання юбілею горада Брэста:

“Доўгі час мы пераправяралі ўсю інфармацыю, якая да мяне патрапіла, бо, ведаеце, знянацку махаць мячом або коп’і кідаць – гэта непрымальна.

Пра завод АКБ ў Брэсце: “…знянацку махаць мячом або коп’і кідаць – гэта непрымальна”.

Калі я пераправерыў інфармацыю, то ўбачыў, што людзі тут у асноўным тыя, хто перажывае за экалогію, за сваё жыццё, за жыццё дзяцей, яны маюць рацыю.

І я ўбачыў там правапарушэнні і з боку дзяржаўных служачых асобных, ну і з боку асобных дзялкоў, якія паабяцалі, увогуле, пабудаваць патрэбны нам аб’ект”.

Як піша “Звязда”, дзеючы прэзідэнт паведаміў, што некаторыя асобы, якія, магчыма, маюць дачыненне да парушэнняў пры будаўніцтве акумулятарнага завода, знаходзяцца ва ўцёках, але яны абавязкова будуць знойдзеныя і адкажуць перад законам.

“Аб’ект павінен быць выключна экалагічна чыстым, абавязкова, калі мы яго будзем уводзіць, з экспертызай мясцовага насельніцтва. Толькі людзі будуць вырашаць, якім будзе гэты завод”, – падкрэсліў дзеючы прэзідэнт.

Таксама ён запэўніў: “Хачу супакоіць людзей: сённяшняя ўлада і не з такімі праблемамі разбіралася, і гэту мы вырашым так, як трэба брэстаўчанам.

Былога ўладальніка заводу Віктара Лемяшэўскага мінулым летам затрымлівалі і абвінавацілі паводле артыкулаў 430 і 431 КК Беларусі – даванне і атрыманне хабару.

У канцы траўня з’явілася навіна, што акумулятарны завод прадалі. Цяпер  85% кампаніі належыць намесніку дырэктара кампаніі «Сем узгоркаў Бел» і ўдзельніку хакейных спаборніцтвах з удзелам каманды прэзідэнта Сяргею Кагановічу. 15% – трэнеру хакейнай каманды Лукашэнкі  і генеральнаму дырэктару хакейнага “Дынама-Мінск” Дзмітрыю Баскаву.

 

Канапацкая: “Людзі выдатна разумеюць, хто перад кім нясе адказнасць”

Фота - Белсат
Фота - Белсат

Ганна Канапацкая апошнім часам не падымала экалагічныя пытанні, але падчас сваёй дэпутацкай дзейнасці ў 2018-м наведвала Брэст і рабіла акцэнт на працы мясцовай улады:

“Гэта як раз пытанне адказнасці дэпутатаў: ці яны адказныя перад людзьмі, якія маглі б іх выбіраць, калі б у нас былі выбары. Ці яна адказныя перад уладай, якая іх выбрала. Я не магу казаць за іншых, але пісьменныя людзі выдатна разумеюць, хто перад кім нясе адказнасць.

У гэтай сітуацыі яны перш за ўсё павінны мець на ўвазе інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. Калі гэтыя інтарэсы парушаны, калі ёсць парушэнні экалагічнага, эканамічнага заканадаўства, значыць,

нам патрэбны незалежны суд, які па законе бы гэта разглядзеў”.

Як паведамляе “Брестская газета”, Ганна Канапацкая таксама выступала за тое, каб прыпыніць будаўніцтва, калі ёсць вялікая колькасць экалагічных парушэнняў. За год да гэтага яна таксама выступала супраць будаўніцтва АЭС і называла яе “мінай запаволенага дзеяння”:

“Мы дагэтуль расхлёбваем наступствы Чарнобыля, на гэта сыходзяць вялікія грошы. Мне падаецца, што неабходна зрабіць усе магчымыя дзеянні для таго, каб будаўніцтва АЭС было прыпыненае”.

 

Кавалькова: “Рэстаранаў у нас куча, а заказнікаў – не”

Фота - 1reg.by
Фота - 1reg.by

Вольга Кавалькова таксама выступала супраць будаўніцтва АЭС, у тым ліку праз крэдыт ад Расіі.

“БелАЭС не павінна адкрывацца і не павінна працаваць”, – заявіла яна ў інтэрв’ю «Белорусскому партизану».

На пытанне The Village пра забудовы, якія раздражняюць многіх мінчан, яна адказала так:

“Да “Табакерак” я стаўлюся абсалютна адмоўна.

Пытанні, звязаныя з рэстаранам “Лебядзіны”, жылым комплексам “Мінск-Мір” і іншымі, дзе размова ідзе пра прыватную ўласнасць, павінны вырашацца ў прававым полі.

Калі ёсць парушэнні пры вылучэнні зямельных участкаў і будаўніцтве, то вінаватыя павінны несці адказнасць згодна з заканадаўствам. На тэрыторыях прыродаахоўных зон будаваць нельга. Рэстаранаў у нас куча, а заказнікаў – не”.

 

Губарэвіч: “Няма дакладнай інфармацыі па выкідах з гэтых прадпрыемстваў”

Юрый Губарэвіч вырашыў заявіць пра сваю пазіцыю антыпікетам насупраць БелАЭС.

“Будаўніцтва і эксплуатацыя АЭС – гэта небяспека, пагроза экалогіі і эканоміцы”, – заявіў ён. Падчас сваёй кампаніі прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду робіць стаўку на інфармацыйныя пікеты, прысвечаныя мясцовым і нацыянальным праблемам.

Так, адзін з пікетаў быў праведзены ў Бярозаўцы, дзе жыхары хвалююцца з-за верагоднасці пабудовы экалагічна-шкоднага прадпрыемства – другога цэха шклаваты.

На думку Юрыя Губарэвіча, “улады абсалютна не ўлічваюць меркаванне мясцовых жыхароў і грамадства па ўсёй Беларусі.

Няма празрыстасці, няма дакладнай інфармацыі па выкідах з гэтых прадпрыемстваў, няма ўпэўненасці, што АЭС будзе працаваць належным чынам”.

Ініцыятыўная група па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Юрыя Губарэвіча збіралася таксама і каля заводу акумулятарных батарэй у Брэсце.

Пакуль кандыдаты выказваюцца пра АЭС, мясцовыя жыхары робяць сувеніры. Фота - goridphoto
Пакуль кандыдаты выказваюцца пра АЭС, мясцовыя жыхары робяць сувеніры. Фота - goridphoto

 

Ціханоўскія і Астравец

Муж Святланы Ціханоўскай рабіў выпускі ў сваім блогу і пра Астравец, і пра актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, а таксама пра праблемы іншых малых і буйных гарадоў.

 

Казлоў прапануе адкласці запуск АЭС і вырашыць праблемы з ёй

Мікалай Казлоў у палітыцы не першы год. Летась ён падпісваў “Пазіцыю дэмакратычных сілаў Беларусі па Астравецкай АЭС”.

У ёй прадстаўнікі розных партый звярталіся з прызывам адкласці запуск станцыі, пакуль не будуць вырашаны ўсе праблемы.

У дакуменце ў тым ліку адзначаецца павелічэнне антрапагеннай нагрузкі на асоба ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі, якія знаходзяцца побач са станцыяй, уплыў на чырвонакніжнікаў, у тым ліку на ласосевыя віды, якія могуць знікнуць з-за павышэння тэмпературы ў Віліі. Акрамя таго, адзначаецца верагоднасць нерацыянальнага і неустойлівага выкарыстання водных рэсурсаў ракі, што будзе ствараць дадатковыя кліматычныя рызыкі. А таксама непакой выклікаюць штатныя выкіды радыёнуклідаў, якія павысяць радыяцыйную нагрузку на прыроду і людзей.

Прэтэндэнт на найвышэйшы пост таксама ўдзельнічаў у акцыях супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.

 

Аб чым кажуць астатнія кандыдаты?

Яны праводзяць кампанію не так гучна, але некаторым з іх таксама ёсць, што сказаць наконт пытанняў экалогіі і наваколля.

 

Ганцэвіч: Трэба, каб бізнэс быў упэўнены, што яго не знішчаць праз памылку ў бухгалтэрыі

Юрый Ганцэвіч пяты год займаецца фермерствам і меў вядомую аграсядзібу на вадзе. Летась ён быў кандыдатам у дэпутаты. За гады працы ў агратурызме і сельскай гаспадарцы ў яго накапілася шмат пытанняў да мясцовых чыноўнікаў у гэтых кірунках.

У інтэрв’ю Еўрарадыё ён адзначыў, што трэба шчыльна падысці да падтрымкі агратурызма, каб гэта было не толькі на паперы, а сапраўды працавала:

“Нашай краіне трэба развіваць малы і сярэдні бізнес. Адкуль нафту качаць, я пакуль не ведаю. Але трэба змяніць некаторыя законы, звязаныя з аховай прыроды. Як толькі пачынаеш рабіць бізнес, збіраеш усе неабходныя дакументы, укладваеш грошы, а потым прыходзіць ахова прыроды і кажа, што нельга пасці кароў на лузе, бо гэта прыродаахоўная зона. Трэба, каб кожны фермер быў упэўнены ў тым, што з-за нейкай памылкі ў бухгалтэрыі дзяржава не зможа гэты бізнес у яго адняць”.

Калі на вышэйшы дзяржаўны пост Юрый Ганцэвіч не пройдзе, у яго ёсць вялікія планы на гаспадарку.

“У мяне усталяваны 28 камер, якія будуць паказваць ўсё у прамых эфірах. Хочам зрабіць такі праект, каб агратурысты прыязджалі спрабаваць на сабе вясковы быт, а іншыя ацэньвалі б, як у іх гэта атрымліваецца. Тыпу “Дом-2”, але з сельскагаспадарчымі жывёламі”, – перадае словы фермера Наша Ніва.

Фота - Ганна Валынец
Фота - Ганна Валынец

 

Чэрачэнь лічыць, што стварыць ферму мусіць быць проста

Сяргей Чэрачэнь ужо вывесіў на сваім сайце папярэднюю праграму.

У ёй ён адзначыў, што нам неабходна прыняць закон аб абароне жывёл, абапіраючыся на вопыт еўрапейскіх краін і прапановы зоаабаронцаў.

Таксама ён выступае за тое, каб заканадаўчы забяспечыць магчымасць работнікам аграрных прадпрыемстваў удзельнічаць у прыватызацыі і ствараць уласныя прыватныя фермерскія гаспадаркі на максімальна простых умовах. І ў выніку замест неэфектыўных калгасаў зрабіць паспяховыя фермерскія гаспадаркі.

 

Таболіч не выказваўся пра экалогію

Алесь Таболіч пазіцыяніруе сабе як кандыдат ад беларускай культуры, таму разлічвае на падтрымку беларускамоўных грамадзян і творчай інтэлігенцыі. Яго выказванняў наконт экалагічных праблем мы не знайшлі. Пры гэтым прэтэндэнт кажа, што “у сённяшняй сітуацыі з эпідэміяй, а таксама з улікам таго, што за мной не стаяць ніякія структуры, а рашэнне балатавацца было спантанным, сабраць 100 тысяч подпісаў па ўсіх правілах і патрабаваннях Цэнтрвыбаркама немагчыма”.

Каб паглядзець, колькі чалавек гатовыя за яго аддаць галасы, ён запусціў альтэрнатыўны нефармальны збор подпісаў праз Google форму.

 

Дзмітрыеў таксама, але заклікае ўсіх аб'яднацца

Андрэй Дзмітрыеў пакуль што таксама не выказваўся наконт экалагічных праблем. Зараз на сваёй старонцы ў Facebook ён заклікае “усіх кандыдатаў, акрамя аднаго” аб’яднацца і накіраваць грамадзян ва ўчастковыя камісіі дзеля празрыстага падліку галасоў.

 

Кісель аб тым, што прэзідэнт - разумны чалавек (знялася з выбараў 15.06)

Наталля Кісель тлумачыць сваю невялікую актыўнасць, у прыватнасці неўдзел у пікетах, эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Тым не менш, яна дае інтэрв’ю. Так у размове з карэспандэнтам Белсат яна адзначыла, што ёсць пэўныя пытанні ў галіне малога бізнесу, якія яна плануе ў будучым агучыць у сваёй перадвыбарчай праграме. Таксама без канкрэтыкі яна, як прадстаўніца Асацыяцыі грузаперавозчыкаў,  заявіла, што ёсць моманты, калі іх не чуюць міністэрствы і ведамствы. Але па некаторых пунктах Наталля Кісель цалкам згодна з меркаваннем дзеяючага прэзідэнта.

“Мы з вамі павінны пагадзіцца: як бы мы ні адносіліся да Аляксандра Рыгоравіча, сумнявацца ў тым, што ён разумнейшы чалавек, немагчыма”, – адзначыла патэнцыйная кандыдатка.

 

Няпомнячшых раіць сядзець дома і хоча адмяніць "рабскія" дэкрэты

Уладзімір Няпомняшчых хутчэй наадварот прызывае галасаваць “нехаджэннем нікуды”. Ён кажа: “Сядзіце дома, тым больш зараз эпідэмія”.

Як “кандыдат пратэсту” ён збіраецца абмяніць усе ўказы і дэкрэты, якія “робяць беларускі народ рабамі”.

Фота - Ганна Валынец
Фота - Ганна Валынец

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость