15.07.2016 / 16:07

Конкурс прэзентацый “Гэта маё чытанне!” праводзіўся Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай г.Гродна па творах беларускіх пісьменнікаў.

Работы ацэньвала журы ў складзе супрацоўнікаў бібліятэкі і гарадзенскіх журналістаў. У журы патрапіла і карэспандэнтка Гродзенскага Зялёнага партала Інга Сакута. Сярод 27 работ, заяўленых на конкурсе, журы абрала пяць лепшых. Першае месца журы аддало прэзентацыі па аповесці Віктара Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”. Аўтар работы Арцём Сарокін, ваеннаслужачы тэрміновай службы.

Якімі крытэрыямі кіравалася журы пры ацэнцы работ і чаму перамог твор на экалагічную тэматыку, дзеліцца Інга Сакута.

- Мы звярталі ўвагу на адпаведнасць работы заяўленай тэме, на ступень раскрыцця тэмы, тэхнічную рэалізацыю працы і складанасць яе выканання, дызайн прэзентацыі, каляровае і гукавое афармленне. Толькі праца Арцёма Сарокіна не выклікала ў журы ніякіх пытанняў і адпавядала ўсім крытэрыям. І мне, безумоўна, прыемна, што гэта твор на экалагічную тэму. Сярод твораў на гэтую тэму таксама былі заяўленыя працы на кнігу С.Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, але яны, на жаль, не адпавядалі заяўленым крытэрыям, таму не сталі прызёрамі. У нейкай ступені твор “52-е февраля”, прэзентацыя на які заняла трэцяе месца, таксама можна аднесці да твораў, звязаных з экалогіяй, прыродай. Героі аповесці сталі закладнікамі ўрагана Хаўер, які абрыныўся на Беларусь ў сакавіку 2013 года.

На другім месцы прэзентацыі па аповесцях В. Быкава “Мёртвым не баліць” і А. Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”.

Трэцяе месца журы прысудзіла работам па творах С. Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча” і А. Жвалеўскага і Я. Пастэрнак “52-е февраля”.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость