15.07.2021 / 11:07

Надзвычай сумная гісторыя.

Кот Макс

 

Жахлівая гісторыя адбылася ў мінулую пятніцу ў вёсцы Холма ля Фаніпаля пад Мінскам. Увечары хтосьці стрэліў з арбалета ў ката мясцовай жыхаркі, які сядзеў на слупку ля брамкі. Кот са стралой у грудзях здолеў зайсці ў хату, але, нягледзячы на ветэрынарную дапамогу ў клініцы, выратаваць яго не атрымалася.

Макса — так звалі небараку, — Іна з мужам у сакавіку 2016 года ўзялі ў дабрачынным аб’яднанні «Зоошанс», якое дапамагае беспрытульным жывёлам знайсці гаспадароў. Іна прыгадвае, што Макс быў вельмі ўтульны кот, ад яго сыходзіла нейкае супакаенне. Ён вельмі любіў сядзець на тым самым слупку ля брамкі і назіраць за вуліцай.

Той самы слуп, дзе любіў сядзець Макс
Той самы слуп, дзе любіў сядзець Макс
Макс
Макс

 

Каму ён мог перашкодзіць — уявіць цяжка. Ніхто з суседзяў ніколі не выказваў ніякіх прэтэнзій. Насамрэч, якія могуць быць пытанні? Сядзіць сабе кот на слупку — і сядзіць, нікому не перашкаджае. Але хтосьці ўбачыў у ім мішэнь... Хто можа стаць наступнай? Чыйсьці сабака ці нават дзіцё, альбо сталы чалавек? Гэтае пытанне вельмі непакоіць Іну.

У мясцовым чаце жыхары мяркуюць, што да гэтага злачынства можа мець дачыненне кіроўца квадрацыкла, які, паводле іх слоў, «нарабіў шуму ў вёсцы на выхадных».

Таксама Іна чула шум, падобны да гуку квадрацыкла: ужо пасля здарэння нехта спыніўся ля брамкі і літаральна хвіліну хадзіў побач, нібыта штосьці шукаючы (магчыма, тую самую стралу). Выйсці паглядзець Іна пабаялася, бо яе муж знаходзіцца за межамі Беларусі, а яна жыве адна з двумя непаўналетнімі дочкамі.

Пасля візіту да ветэрынара Іна звярнулася ў Фаніпальскае аддзяленне міліцыі і напісала зварот з патрабаваннем знайсці і пакараць зламысніка ў адпаведнасці з законам. Участковы інспектар прыняў зварот і паабяцаў разабрацца. Вельмі спадзяёмся, што так і будзе — у Фаніпалі і наваколле не вельмі шмат квадрацыклаў ды ўладальнікаў арбалетаў. Іна прыгадвае, што неяк у весцы было падобнае здарэнне — хтосьці парэзаў нажом сабаку. Тады міліцыя нікога не знайшла.

Гэтым разам па факце забойства ката распачата крымінальная справа. Спадзяёмся, што вінаваты будзе знойдзены і пакараны.

Іншая котка Іны, Тыгра, таксама сумуе без свайго сябра і паплечніка па гульнях. Яна з’явілся ў сям’і ўвосені мінулага года: кацянё прыкладна трох месяцаў невядома як апынулася ў двары дома. Калі здарылася гісторыя з Максам, Тыгра вельмі перапужалася, а зараз баіцца выходзіць на двор.

Тыгра
Тыгра

Цяжка перажывае страту 15-гадовая Дзіяна, дачка Іны, — яна была побач увесь час, калі Макса вазілі ў клініку і ў апошнія яго гадзіны дома. Іна кажа, што дачка ў стрэсе, плача, прыгадваючы ката, ён пастаянна ёй сніцца.  

"Новы час" будзе сачыць за гэтай гісторыяй.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з сямейнага архіва гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость