Пра выбар жыццёвага шляху
Ігар Шаруха нарадзіўся ў Полацку ў 1968-м годзе. Напэўна, у полацкай школе № 10, дзе ён атрымаў пачатковую адукацыю, любоў да Беларусі лунала ў паветры: там жа вучыўся перакладчык Лявон Баршчэўскі. З дзяцінства Ігару Шаруху запомніўся падручнік па прыродазнаўстве Пятра Лярскага.
“Канечне, імя аўтара я высветліў ужо пазней, дзеці не цікавяцца і не памятаюць, хто піша падручнікі, – кажа географ. – Але так ці інакш тая кніга мне вельмі спадабалася. Матэрыял быў выкладзены цікава, і мая першая настаўніца выдатна па ім выкладала”. Забягаючы наперад, паведамім, што праз шмат гадоў Пётр Лярскі яшчэ раз адыграў вялікую ролю на прафесійным шляху Ігара Шарухі, запрасіўшы малодшага калегу выкладаць у Магілёў.
Сярэднюю адукацыю Ігар Шаруха атрымаў у полацкай школе №8. “Там працавалі вельмі моцныя выкладчыкі, патрыёты сваёй краіны, адданыя прафесіі, – кажа географ. – Асабліва хочацца ўзгадаць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Кізіну Ядзвігу Альфаўну”.
У 1985-м годзе Ігар Мікалаевіч паступіў на геаграфічны факультэт БДУ ў Мінск. Прычыну свайго выбару тлумачыць так:
“Полацк – не толькі горад вялікай культуры, горад Ефрасінні Полацкай. У нас было шмат вайсковых частак, і ў маёй бабулі ў прыватным сектары часта кватэравалі вайскоўцы родам з усяго СССР. Расказвалі пра службу, вандроўкі. Я, маленькі хлопчык, слухаючы іх расповеды, таксама хацеў вандраваць. Да таго ж бацька ў мяне кіроўца, ездзіў на вялікія адлегласці. Улетку браў мяне з сабой. Меў добрую памяць, расказваў пра назвы населеных пунктаў, іх адметнасці”.
Спачатку суразмоўца паступаў у Сувораўскую вучэльню, потым у Ленінградскую вучэльню супрацьпаветранай абароны, але ў выніку апынуўся на геаграфічным факультэце. Усё жыццё займаецца сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй, культурнай геаграфіяй. Цікавіўся таксама краязнаўствам, хаця давялося выкладаць і тапаграфію, і картаграфію, і методыку выкладання геаграфіі.
Пра геаграфію
– Імануіл Кант, географ па адукацыі, падзяляў геаграфію на фізічную і культурную, – расказвае Ігар Шаруха. – Зараз, вядома, шмат розных падыходаў, толькі вызначэнняў культуры існуе больш за 1500. Але варта разумець, што дзікіх, некранутых дзейнасцю чалавека ландшафтаў на Зямлі амаль не засталося, нават у Антарктыдзе. Ёсць культурны ландшафт – ёсць культурная геаграфія. А ландшафт гучыць, ён не можа быць “нямым”. Таму можна казаць пра геаграфію гукаў, пахаў, колераў… Вельмі шмат накірункаў.
Усе аб’екты культурнага ландшафту маюць назвы: азёры, лясы, рэкі, маленькія ўрочышчы… Чым больш асвоены краявід, тым больш шчыльная сетка гэтых назваў. Напрыклад, у Швецыі на 450 тысяч км2 зафіксавана 12 мільёнаў назваў, бо там складаны рэльеф і добрая вывучанасць, уважлівыя адносіны да назваў (тапонімы – нацыянальнае багацце любой цывілізаванай краіны).
“Дарэчы, у нас на Віцебшчыне таксама вельмі вялікая колькасць тапонімаў”, – зазначае Ігар Мікалаевіч.
Там шмат населеных пунктаў, папросту “заціснутых” рознымі ўрочышчамі, амаль што хутары. А на Палессі, наадварот, – вялікія вёскі, мала назваў. Там вялікія палі між балотамі, і гэта поле можа карміць цэлую вёску. Калі ўзяць даведнік “Населеныя пункты Рэспублікі Беларусь”, то тамы па Віцебшчыне і Міншчыне– самыя тоўстыя. На Гродзеншчыне вёсак таксама шмат, хаця гэта самая маленькая вобласць у краіне.
У Беларусі 23–24 тысячы назваў населеных пунктаў. Большасць – гэта вёскі, і яны знікаюць. Яшчэ ў нас больш за 20 тысяч назваў рэк і ручаёў, 11 тысяч азёр, якія маюць назву.
“Ёсць азёры Безназоўнае, Безыменнае – але ж гэта таксама назвы. Вельмі мала жывуць назвы мікратапонімаў”, – тлумачыць географ. Напрыклад, быў лес, у ім – балацінкі. Іх асушылі, лес высеклі. Стала поле. Калі ёсць мясцовае насельніцтва, то яны яшчэ могуць назваць поле па частках таго лесу. Але сёння ў Беларусі ўжо амаль 80 % людзей жывуць у гарадах, мы ўрбанізаваная краіна, сельскіх населеных пунктаў становіцца ўсё менш і менш. У нас узбуйняюцца сельскагаспадарчыя аб’екты, палі, і знікаюць мясцовыя назвы.
“Дрэнна, калі знікае населены пункт. Але добра, каб яго назва засталася за вуліцай ці мікрараёнам, які паўстае на яго месцы (як, напрыклад, Малінаўка ў Мінску), альбо за нейкімі палямі, гаспадаркамі... Галоўнае, каб назва не сцёрлася. Але, на жаль, не заўсёды так атрымліваецца”, – гаворыць Ігар Мікалаевіч.
Ён разважае пра паходжанне. На Магілёўшчыне ёсць назвы ўсіх відаў, якія сустракаюцца ў Беларусі, у тым ліку кельцкія, германскія (асабліва ўздоўж Дняпра, слд ад вандровак нарманаў), фіна-ўгорскія, балцкія, славянскія і нават даіндаеўрапейскія (напрыклад, Днепр). Кельцкі, германскі, фіна-ўгорскі корань з цягам часу мог трансфармаваўся на славянскі манер, і вырашальнымі для класіфікацыі становяцца фарманты (часткі слова акрамя корня – рэд.), як і ў прозвішчах. Цюркізм можа даваць рускае прозвішча: Багатыроў, Султанаў, Гумілёў, Мурзаеў.
Пра беларускую мову, біялагічную разнастайнасць і ўстойлівасць
Родная мова захапляе суразмоўцу не менш, чым геаграфія. Ён слухаў “Песняроў” і Данчыка. У студэнцкія гады быў у беларускамоўнай тусоўцы на геафаку БДУ, сябраваў з філфакаўцамі, у т.л. з Міхасём Скоблам, Славамірам Адамовічам.
“Нас падтрымліваў Уладзімір Арлоў, беларускамоўныя геафакаўцы выпускалі насценгазету “Капялюш”. У 1989-м годзе пашчасціла на пероне сустракаць Данчыка, калі ён прыязджаў з канцэртам у Мінск, а потым кантактаваць з ім на кватэры паэта Ніла Гілевіча. Выкладчыкі геафаку таксама пераходзілі на беларускую мову, хадзілі з намі на мітынгі, – кажа Ігар Шаруха.
– Я пачаў гутарыць па-беларуску яшчэ ў войску, у Малдове. Па уставе, з начальствам, – па-руску, а між сабой мы, хлопцы з Беларусі, паглядзеўшы на саслужыўцаў з іншых частак СССР, сталі размаўляць па-беларуску. І адразу стала неяк больш узаемапавагі”.
Калі на пачатку службы здараліся і бойкі, то пад канец усе пасябравалі, рабілі разам усялякія КВЗ (клуб вясёлых і знаходлівых).
“Культурная разнастайнасць падвышае ўстойлівасць калектыву, як і разнастайнасць культурнага ландшафту заўсёды ўстойлівая, і біяразнастайнасць, – лічыць Ігар Мікалаевіч.
– У грамадстве, дзе ёсць розныя погляды, розныя бакі, заўсёды будзе адзінства ў выніку. А заклік “давайце будзем адзінымі” – наадварот, прывядзе да сепаратызму”.
Пра навуковую кар’еру і звальненне
Ігар Шаруха пасля ўніверсітэту працаваў у школе ў Віцебску. У 1993-м годзе Пётр Лярскі запрасіў яго ў Магілёўскі педінстытут, які пазней стаў універсітэтам. Такім чынам, географ тут ужо 28 гадоў, і частку курсаў чытаў па-беларуску, падкрэслівае ён. Спачатку працаваў на педагагічным факультэце. У 1995-м адкрылася спецыяльнасць “Геаграфія”, дзе і выкладаў да апошняга часу.
Абараніў кандыдацкую дысертацыю, выдаў тры манаграфіі, каля 60 дапаможнікаў, шэраг даведнікаў, навукова-метадычнай літаратуры. Вось толькі некаторыя назвы яго прац: “Фізічная геаграфія Магілёўскай вобласці”, “Нашы знакамітыя землякі: географы і геолагі – ураджэнцы Магілёўскай вобласці”, “Методыка выкладання геаграфіі”, “Агульнае землезнаўства”, “Геапалітыка і сучасная палітычная карціна свету”, “Фізічная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі”, “Сучасныя праблемы ўстойлівага развіцця”, “Край у цэнтры Еўропы. Геаграфічна-статыстычны слоўнік”, “Радзімазнаўства”, “Прафесары і выкладчыкі геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. 1934–1978”, “Пачатковая прыродазнаўча-геаграфічная адукацыя на Беларусі”.
Пэўны час Ігар Шаруха быў загадчыкам кафедры геаграфіі, дэканам факультэта прыродазнаўства. Пасля зліцця з факультэтам матэматыкі загадваў кафедрай прыродазнаўства, у якую ператварыўся былы факультэт. Гэта адна з найбуйнейшых кафедр ва ўсім універсітэце. З 2016-га працаваў прафесарам кафедры прыродазнаўства, на гэтай жа пасадзе Ігар Мікалаевіч быў у жніўні 2020-га.
"Так склаліся мае сямейныя абставіны, – распавядае географ, – што летась я ў пратэстным руху амаль не ўдзельнічаў.
Увосень памёр мой сын (перад сваім 31-м днём нараджэння). Я нават допісаў у сацсетках не рабіў. Хіба нешта лайкаў. Калегі жартуюць, што мяне звольнілі за лайкі. Так яно і ёсць. Пазіцыю маю папросту ведалі, я так разумею, што гэта замова, бо падстаў ніякіх не было.
Увосень на Савеце ўніверсітэта мяне перавыбралі на пасаду прафесара, але толькі на адзін год. А ў траўні ва ўніверсітэце прайшла атэстацыя, дзе я паказаў, што за пяць месяцаў 2021-га зрабіў столькі, колькі ўніверсітэцкі прафесар павінен зрабіць для справаздачы за тры гады. Але ўсё роўна вырашылі, што я “поўнасцю не адпавядаю пасадзе” (гэта цытата) і трэба мяне звольніць па артыкуле 142.4 Кодэкса аб працы. Спачатку вырашылі, што я павінны сысці 9-га чэрвеня, але застаюся амаль да канца ліпеня, пакуль здам дакументы па студэнцкіх практыках. Я лічу, што гэта беспадстаўна.
Падстава можа быць толькі адна, як я мяркую, – кіраўніцтва вырашыла ліквідаваць спецыяльнасць “Геаграфія”. Ва ўніверсітэце застаецца толькі тры географы: кандыдат навук пенсійнага веку і двое старшых выкладчыкаў. Але маё сэрца застаецца з універсітэтам.
Адначасова з географам Ігарам Шарухам у Магілёўскім педагагічным універсітэце атэстацыю не прайшлі яшчэ два беларускамоўныя выкладчыкі: гісторык, прафесар Аляксандр Агееў, і філолаг, дацэнт Віталь Еўмянькоў.