У снежні 2019 года Еўрапейскі саюз прыняў маштабную стратэгію экалагічнага развіцця – Еўрапейскае зялёнае пагадненне (European Green Deal). Як жыццё вялікіх ідэй распачынаецца на мясцовым узроўні, абмеркавалі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі Кліматычнага альянсу «Лакалізацыя Еўрапейскага зялёнага пагаднення».
Зялёнае пагадненне – гэта план па фарміраванні вугляродна-нейтральнай прасторы ў краінах ЕС да 2050 года. Ён прадугледжвае стварэнне чыстай «кругавой» эканомікі і ахоплівае ўсе сектары: транспарт, энергетыку, сельскую гаспадарку, будаўніцтва і розныя галіны прамысловасці.
Паводле праведзенага ў 2021 годзе апытання «Еўрабарометар», 96 % усіх еўрапейцаў зрабілі хаця б адно дзеянне, каб адрэагаваць на змяненне клімату, 93 % перакананы, што змяненне клімату – сур’ёзная праблема. Мінімум 30 % факусуюць сваю ўвагу на пытаннях, звязаных з харчаваннем.
Паўстае задача не толькі інфармаваць людзей пра экалагічныя праблемы і іх наступствы. Важна даваць зразумелыя і дзейсныя інструменты, як чалавек у сваёй сям’і, мясцовай супольнасці можна наладзіць жыццё ў стылі «экафрэндлі».
Ніжэй прывядзем некалькі прыкладаў, як муніцыпалітэты ў еўрапейскіх гарадах робяць кліматычную палітыку ЕС заўважнай для звычайных жыхароў.
Кліматычны альянс – буйнейшая гарадская сетка, якая аб’ядноўвае каля 1800 еўрапейскіх гарадоў
Вена супраць энергетычнай беднасці
Герберт Рытэр, намеснік кіраўніка аддзела энергетычнага планавання горада Вена, дзеліцца пазітыўным вопытам аўстрыйскай сталіцы адносна разумнага выкарыстання і аплаты энергарэсурсаў.
Энергетычная беднасць фарміруецца на аснове трох фактараў – нізкі даход, высокія рахункі за электрычнасць і нізкая цеплаэфектыўнасць.
Праект па індывідуалізаваным падыходзе па прадухіленні энергетычнай беднасці існуе ў Вене з 2014 года. Каля 200 венскіх сем’яў атрымліваюць бясплатную кансультацыю штогод.
Мэтавай аўдыторыяй з’яўляюцца людзі з нізкім даходам або мінімальнай пенсіяй, якія не могуць аплочваць рахункі за спажыванне электраэнергіі.
Спецыяліст, выдзелены мясцовай адміністрацыяй, выязджае па месцы жыхарства канкрэтнай сям’і і працуе ў розных напрамках:
- аналізуе спосабы спажывання энергіі (ацяпленне і электрычнасць);
- падрабязна разбірае і тлумачыць рахункі за спажыванне электраэнергіі;
- аглядае жытло і выяўляе патэнцыйныя спосабы для ашчаджэння энергіі;
- дае парады і лайфхакі гаспадарам дома (адносна ацяплення, вентыляцыі, функцыянавання прыбораў);
- заахвочвае маленькімі бонусамі (ушчыльняльнікі для аконнага шкла, насадкі для эканоміі вады, святладыёдныя лямпы і г.д.)
- выяўляе магчымыя меры па зберажэнні энергіі, якія патрабуюць інвестыцый. Гарадскія ж улады прапануюць субсідыі на ажыццяўленне гэтых мер.
Таксама ў межах праекта прадугледжана фінансаванне на тое, каб своечасова абслугоўваць абсталяванне і праводзіць неабходныя работы па, напрыклад, ізаляцыі вокнаў.
Паводле Герберта Рытэра, патэнцыял эканоміі ў выніку такіх мер складае да 600 кВт/гадз на адну сям’ю. Лічбы ў рахунках змяншаюцца.
Смачна есці ў бельгійскім горадзе Гент
Гарадская адміністрацыя горада Гент зацвердзіла ўжо трэці «Кліматычны план». У дакуменце на 2020–2025 гг. адзначана, што неабходна «набіраць абароты» і прадпрымаць структурныя захады на шляху да кліматычнай нейтральнасці.
У якасці пазітыўнага вопыту намеснік мэра горада Гент Цінэ Хейсэ дзеліцца крэатыўнымі ідэямі, якія прыжыліся сярод мясцовых і пазітыўна ўплываюць на харчовыя звычкі.
Гент імкнецца быць лідарам у развіцці і ўкараненні лакальнай устойлівай харчовай стратэгіі, распрацаванай у горадзе яшчэ ў 2013 годзе. Сярод яе ключавых характарыстык – зразумелы і кароткі харчовы ланцуг; больш устойлівыя вытворчасць і спажыванне ежы; больш моцная сацыяльная каштоўнасць ініцыятыў, звязаных з харчаваннем; змяншэнне колькасці харчовых адходаў; аптымальная перапрацоўка харчовых адходаў як сыравіннага матэрыялу.
За гэтыя гады было запушчана безліч праектаў, якія дапамагаюць зрабіць харчовую сістэму ўстойлівай.
Папулярным у Генце стаў рух «выратавальнікаў ежы».
Паводле статыстыкі, трэць ежы прападае дарэмна. Каб змяніць сітуацыю, у бельгійcкім горадзе ўзнікла лагістычная платформа для рэдыстрыбуцыі збыткоўнай ежы. У працэсе задзейнічаны 110 сацыяльных арганізацый.
Пра вынікі праекта за апошнія да гады красамоўна кажуць лічбы:
- 1 мільён кілаграмаў «лішняй» ежы для 40 тысяч чалавек, якія знаходзяцца ў бедным становішчы;
- сярод «выратаванай» ежы 68 % скаладае свежая садавіна і гародніна
- выкід вуглякіслага газу скарочаны на 2 419 тон;
- 25 чалавек працаўладкаваны.
Мясцовыя рэстараны Гента далучаюцца да ініцыятывы Restorestje. Наведвальнікам прапануецца бясплатная скрынка, каб забраць рэшткі замоўленай ежы з сабой. Установы выкарыстоўваюць спецыяльныя наклейкі «Папытайце пра свой Restorestje тут». Гараджанам трансліруецца ідэя «Выкідваць ежу – ганьба».
На працягу 10 год у Генце практыкуюцца «вегетарыянскія чацвяргі».
Па чацвяргах навучэнцы гарадскіх школ Гента ядуць вегетарыянскія стравы, акцэнт робіцца на сезонных прадуктах. Цінэ Хейсэ бачыць эфект ад такой традыцыі: назіраюцца змены ў паводзінах цэлых сем’яў, школьны досвед уплывае на пакупкі, якія жыхары робяць у супермаркетах.
Гарадская адміністрацыя падтрымала запуск інавацыйнай кааператыўнай платформы кароткаланцужковага харчавання Vanier. Вэб-рэсурс звязвае аб’екты грамадскага харчавання з вытворцамі Гента.
Таксама працуе так званы інтэрактыўны форум Gent en Garde. Наведаць сайт запрашаюцца ўсе жыхары Гента, якія выступаюць за «смачную, мясцовую і экалагічна чыстую ежу». З 2019 года там, напрыклад, створаны інтэрактыўны спіс усіх фруктовых дрэў Гента, абазначаны месцы, куды можна прыйсці і бясплатна атрымаць адзін фрукт.
У трэндзе і агароды. Іх ствараюць пры школах і ў гарадской прасторы.
Фінансавая падтрымка для лакальных ідэй
Алена Вішнар Маліноўска, кіраўнік аддзела па адаптацыі да кліматычных змяненняў, рабоце з гарадамі і міжнародным супрацоўніцтве Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пытаннях клімата, адзначае: «Маштабнасць Зялёнага пагаднення патрэбна пацвярджаць фінансава. Грошы як інструмент рэалізацыі ініцыятыў павінны быць даступнымі мясцовым супольнасцям».
У якасці аднаго з актуальных прыкладаў фінансавай падтрымкі Алена Вішнар Маліноўска згадвае PSF (Policy Support Facility, Сродак для падтрымкі палітыкі), які будзе запушчаны 7 кастрычніка падчас цырымоніі Пагаднення мэраў.
Гарадскія адміністрацыі ў любой краіне Еўрапейскага саюза, у якіх недастаткова рэсурсаў, змогуць звярнуцца па фінансавую падтрымку. Такім чынам Еўрапейская камісія стымулюе мясцовыя ўлады рухацца «ад планавання да дзеяння».