Сярод падапечных “Гродзенскага дзіцячага хоспіса” ёсць дзеці без глытальнага рэфлексу. Іх жыццё цалкам залежыць ад спецыяльных прыстасаванняў, якія каштуюць немалых грошай. Дабрачынная імпрэза ў галерэі “У майстра” мела на мэце сабраць для іх сродкі.
Маленькія гарадзенскія галерэі – геніі функцыянальнасці. З-за мізэрнай колькасці крэатыўных прастор у горадзе яны навучыліся па-майстэрску падладжвацца пад фармат любога мерапрыемства.
Фуршэт з шампанскім, клапатлівы персанал, вечаровыя сукенкі ды строі запрошаных гасцей, квартэт “Гарадзенскай капэлы” – атмасфера ўрачыстасці і саліднасці не горш чым у дарагім рэстаране. Агульную карціну дапоўніла шыкоўнае вядзенне вядомага актора і аўкцыяніста Аляксандра Енджэеўскага.
Галерэя “У майстра” выставіла на дабрачынны аўкцыён 11 карцін. Афорты Івана Русачака, мініяцюры Валянціны Шобы, халсты Валера Стратовіча, Вацлава Спорскага, Сяргей Уткіна, Вацлава Рамашка, Аляксандра Васілевіча вокамгненна пайшлі з малатка.
- 2 200! – раздаецца голас элегантнай спадарыны.
- 2 300! Я новую спальню раблю! – яе перабівае вокліч з іншага кута залы.
- 2 500! – упэўнена пастанаўляе імпазантны мужчына.
- Два з паловай мільёны! Раз! 2 500! Два! 2 500! Тры! Прададзена! – рэзюмуе Аляксандр Енджэеўскі.
Карціна за карцінай пад апладысменты прысутных адправілася да новых уладальнікаў. Дарэчы, апошні лот – “Сопат Мола” Стратовіча – за 2 мільёны рублёў купіла дырэктар “Гродзенскага дзіцячага хоспіса” Вольга Шульга.
Падапечныя арганізацыі разам са сваімі бацькамі зрабілі невялікія лялькі. Іх атрымалі абсалютна ўсе госці, якія набылі квіток бяспройгрышнай латарэі. Топавы фатограф Яўген Бузук па просьбе хоспіса зняў партрэты мам і хворых дзяцей. Здымкі на вечар упрыгожылі сцены галерэі. Далей дырэктарка арганізацыі плануе выстаўляць фота ў розных гарадзенскіх установах.
У дабрачынным аўкцыёне ўдзельнічаў яшчэ адзін партнёр – рэстаран “Хані Кабані”. Паводле словаў суўладальніка Дзмітрыя Смятаніна, яны не задумваючыся адгукнуліся на прапанову галерэі, бо разумеюць важнасць дапамогі для сямей з хворымі дзецьмі.
Прадпрымальна-мастацкай талакой удалося сабраць 13 370 000 рублёў. Гэта больш за палову ад неабходнай сумы на інгалятары і партатыўныя электраадсосы. Вольга Шульга кажа, што прыстасаванні трапяць сваім адрасатам ужо ў пачатку наступнага месяца. Дарэчы, у хоспісе мяркуюць запрасіць на гэтую падзею журналістаў, каб усе ахвярадаўцы маглі затым самі ўбачыць плён сваёй дабрачыннасці.
На першы сэнсарны пакой у Гродне ўжо сабрана 42 мільёны