Калі Соня Хаванава Супекава ўпершыню адчула пах мядзведзя, у лесе было ненатуральна ціха. У паўднёвай Славакіі быў сезон гону казуль, і пагоркі пад Карпатамі поўніліся турыстамі, якія каталіся на роварах і збіралі грыбы.
Калегі-паляўнічыя, якія сутыкнуліся з мядзведзямі, сказалі Супекавай, што ім было настолькі страшна, што яны не маглі падняць стрэльбы.
Седзячы са сваім бацькам, паляўнічым гадоў 80, які забіў некалькі мядзведзяў, яна апынулася ў падобным стане страху – у гэтай паездцы яна збіралася забіваць аленяў і не хацела нечакана наляцець на мядзведзя.
«Страх прасякнуў мяне... пах пранік у самыя косткі», – кажа Супекава, заснавальніца Клуба славацкіх жанчын-паляўнічых. Але мядзведзь так і не з’явіўся. На наступную раніцу бацька і дачка ўбачылі яго памёт. «Мы ўздыхнулі з палёгкай толькі ў машыне».
У Еўропе бурыя мядзведзі з’яўляюцца ахоўным відам. Але яны – разам з ваўкамі і рысямі – усё часцей перасякаюцца з фермерамі, супрацоўнікамі лясной гаспадаркі і паляўнічымі, такімі як Супекава.
Апетыт да забойства буйных драпежнікаў рэзка ўзрос, паколькі папуляцыі ваўкоў і мядзведзяў выраслі, некалькі нападаў мядзведзяў трапілі ў загалоўкі, а палітыкі ўзяліся за законы, якія вярнулі іх (мядзведзяў) з мяжы вымірання.
Швецыя выдала дазвол на забойства 486 сваіх бурых мядзведзяў, прыкладна 20 %, у гэтым паляўнічым сезоне, які доўжыцца да сярэдзіны кастрычніка. У 2023 годзе ў краіне была забітая рэкордная колькасць рысяў і ваўкоў.
Дэпутаты парламента Румыніі ў ліпені прагаласавалі за падвоенне квоты на паляванне з 220 бурых мядзведзяў да 481. У Славакіі, дзе нядаўна быў зняты на відэа мядзведзь, які лютаваў у вёсцы, заканадаўцы ў чэрвені прагаласавалі за дазвол палявання паблізу вёсак пры пэўных умовах.
У ліпені Еўрапейскі суд прызнаў нядаўнія выбракоўкі ваўкоў у Аўстрыі і Іспаніі незаконнымі. Раней у гэтым годзе Швейцарыя таксама сутыкнулася з юрыдычнымі праблемамі праз сваю прапанову забіць 70 % папуляцыі ваўкоў.
Дэбаты вакол адстрэлу ахоўных відаў выклікалі такую лютасць сярод фермераў, паляўнічых і ахоўнікаў прыроды, што дайшлі да самых высокіх бюракратаў у Брусэлі. Еўрапейская камісія, поні чыёй прэзідэнткі Урсулы фон дэр Ляен два гады таму быў забіты ваўком, дамагаецца паніжэння статусу аховы жывёл.
«Воўк ужо не жывёла з двума вушамі, чатырма нагамі і адным хвастом; гэта палітычная тэма», – кажа Луіджы Бойтані, заолаг з Рымскага ўніверсітэта Сапіенца і старшыня Еўрапейскай ініцыятывы буйных драпежнікаў.
«Існуе вялікая палярызацыя. Калі казаць пра ваўкоў і мядзведзяў, то свет не шэры, а чорна-белы».
Ваўкоў знішчалі на большай частцы Еўропы ў 19-м і 20-м стагоддзях, але яны пачалі аднаўляцца ў 1970-х гадах, калі людзі перасяляліся з вёсак у гарады, а пазней урады абаранялі жывёл і асяроддзе іх пражывання. Падобныя змены адбыліся з бурымі мядзведзямі і рысямі – прыродаахоўнікі перасялілі іх у рэгіёны, у якіх яны раней былі знішчаны.
Зараз на кантыненце жыве шэсць відаў буйных драпежнікаў, і ЕС забараняе іх забіваць, за некаторымі выключэннямі – напрыклад, калі яны ўяўляюць небяспеку для насельніцтва. Знаходзячыся на вяршыні харчовага ланцуга, гэтыя жывёлы дапамагаюць экасістэмам развівацца, рэгулюючы папуляцыі ахвяр. Ёсць таксама некаторыя доказы таго, што яны могуць абмежаваць распаўсюджванне хваробаў.
Але маштаб і хуткасць іх вяртання – мяркуецца, што ў Еўропе больш за 20 тысяч ваўкоў і 17 тысяч мядзведзяў – усё часцей прыводзяць да канфліктаў з людзьмі. Лобі фермераў і паляўнічых настойвалі на тым, каб паменшыць колькасць перашкод, неабходных для іх забойства, паколькі драпежнікі пашырылі сваю тэрыторыю і нападалі на людзей і свойскіх жывёл.
Праз тыдзень пасля таго, як Супекава знайшла сляды мядзведзя ў лесе, яна распавядае: «Сын фермера сустрэў мядзведзя на лясной дарозе, калі збіраў грыбы ў месцы ўсяго каля 2 км адсюль. На шчасце, мядзведзь уцёк».
У сакавіку міжнародную ўвагу прыцягнулі кадры з мядзведзем, які скача па вуліцах невялікага славацкага гарадка. У выніку ягоных дзеянняў было паранена пяць чалавек.
Прыцягнула ўвагу і смерць беларускага турыста, які напярэдадні загінуў, ратуючыся ад мядзведзя.
Пасля нападаў у краіне змянілася заканадаўства, і цяпер службы бяспекі Славакіі могуць адстрэльваць бурых мядзведзяў, якія знаходзяцца на адлегласці ў паўкіламетра ад населенага пункта.
Праз некалькі месяцаў пасля апісаных падзей у Румыніі смерць 19-гадовага турыста ад лап мядзведзя прывяла да таго, што прэм’ер-міністр склікаў заканадаўцаў пасля летніх канікул на экстранную сесію, на якой яны прагаласавалі за забойства большай колькасці мядзведзяў.
Крытыкі кажуць, што кожная смерць – гэта трагедыя, але рэакцыя апынулася празмернай.
У Румыніі, дзе жыве больш за ўсё бурых мядзведзяў у Еўропе, за 20 гадоў жывёлы забілі 26 чалавек і паранілі 276, паведамляе Міністэрства навакольнага асяроддзя. Даныя Еўрастата паказваюць, што матацыклы за гэты ж час забілі 45 тысяч чалавек.
Культурныя асацыяцыі з’яўляюцца праблемай для ваўка, якога доўгі час малявалі ў казках як злыдня. Гельмут Даман-Тамке, прэзідэнт Нямецкай паляўнічай асацыяцыі і палітык з правацэнтрысцкай партыі Хрысціянскіх дэмакратаў, кажа, што пагроза нападу ваўкоў на авечак «быццам пададзена на талерцы» для ўльтраправых, таму што яна даходзіць да людзей на эмацыйным узроўні.
«Гэтае пытанне з’яўляецца запальнай сілай у руках папулістаў».
Даследаванне нямецкіх муніцыпалітэтаў у 2022 годзе паказала, што напады ваўкоў на свойскую жывёлу прадказваюць падтрымку ультраправых. Пасля ўліку такіх фактараў, як іміграцыя і працоўныя месцы, даследчыкі выявілі, што напады ваўкоў павышалі рэйтынг ультраправых на муніцыпальных выбарах ад аднаго да двух працэнтных пунктаў.
«Дадзеныя сведчаць аб тым, што напады ваўкоў з’яўляюцца адным з патэнцыйных фактараў радыкалізацыі выбараў», – пішуць аўтары.
Экалагічныя актывісты задаюцца пытаннем, ці дапаможа агульная палітыка знішчэння жывёл у значнай ступені пазбегнуць канфліктаў з людзьмі, і заклікаюць прыняць меры па прасоўванні мірнага суіснавання, якія вар’іруюцца ад платоў і ахоўных сабак да інфармацыйных кампаній для турыстаў.
Навукоўцы пакуль не занепакоеныя папуляцыяй ваўкоў на ўсім кантыненце, але папярэджваюць, што забойства ваўкоў у краінах з невялікай папуляцыяй можа апынуцца катастрофай. Яны кажуць, што буйнамаштабная выбракоўка можа паставіць папуляцыі гэтых драпежнікаў ніжэй за ўзровень выжывання.
Адбракоўка можа нават павялічыць драпежніцтва жывёлы, бо зграі разбіваюцца, і адзінокія ўразлівыя ваўкі адпраўляюцца на фермы паляваць. Такі ж эфект таксама быў зафіксаваны ў выпадку з пумамі і каётамі.
Сіпрыян Гал з румынскага аддзялення Greenpeace сказаў, што агульнаеўрапейская тэндэнцыя паслаблення абароны буйных драпежнікаў – гэта «крок назад», які нібыта вяртае нас у часы, калі людзі адчувалі моцную канкурэнцыю з дзікай прыродай.
«Еўрапейскія ўрады пад уплывам дамінуючай папулісцкай рыторыкі і магутных паляўнічых і сельскагаспадарчых лобі, здаецца, выбіраюць рашэнні, заснаваныя на страху і хуткай эканамічнай аддачы», – кажа ён. «У пэўным сэнсе гэта зваротная рэакцыя на амбіцыйную зялёную палітыку апошніх гадоў, і клапан для тых, хто ўсё яшчэ спрабуе справіцца з кліматычнай рэальнасцю, з якой мы сутыкаемся».