Нядаўна студэнткі секцыі прынялі ўдзел у акцыі экалагічнага таварыства "Зялёная Сетка" – "Тыдзень без пластыку". Арганізатары акцыі не пакінулі гэта без увагі і падарылі кожнай ільняныя сумкі.
Ці ёсць жыццё без пластыка чытайце ў каментарах слухачак УЗВ ніжэй:
Людміла Прыгожаева:
- Пачуўшы на занятках інфармацыю пра розныя віды ўпакоўкі і даведаўшыся пра шкоду пластыка, была моцна здзіўленая і вырашыла падтрымаць акцыю. Раней набывала малако і кефір у пластыкавай бутэльцы, але цяпер стараюся набываць іх у кардонных пачках.
Тым больш у пластыку многія прадукты з доўгім тэрмінам захоўвання, і я пачала сумнявацца ў іх карысці для здароўя. У краму на гэтым тыдні ўжо хадзіла з торбай і адмаўлялася ад пакетаў на касе. Лічу, трэба развіваць такія акцыі і падтрымліваць іх.
Вольга Зарэцкая:
- Такія мерапрыемствы прымушаюць задумацца пра тое, што мы робім. Калі ўсвядоміш высокую мэту, прыемна сябе ў чымсьці абмежаваць, цікава знайсці падобны прадукт у папяровай упакоўцы. На працягу тыдня прыйшлося сябе крыху абмяжоўваць. Печыва доўга і ўпарта выбірала па ўпакоўцы, а не хапала першае, якое трапіла ў пакетах. Купіла малако ў кардоне. На ўсялякі выпадак не купляла яйкі, але акцыя скончылася – прыйдзецца купіць.
Надзея Іванюковіч: - Пакеты на касе я ніколі не бяру, хаджу са сваім, а на гэтым тыдні хадзіла ўжо і з ільняной сумачкай. Рэдка купляю лішняе, пластыкавыя бутэлькі дома толькі з-пад сланечнікавага алею. Слоічкі ад смятаны і ёгурта збіраюцца асобна, бо ў двары 4 розных кантэйнера, якімі мы карыстаемся.
Ганна-Галіна Гапоненка:
- Паасобны збор смецця – справа добрая, трэба за яго брацца сур’ёзна. Пластык я складаю асобна і адношу ў спецыяльны кантэйнер. Пакуль незразумела, што рабіць з харчовымі адыходамі. А напоі ў бутэльках – гадасць, не купляю.
Ніна Шывардалкіна: Ваду з крана адстойваю ў гліняным збанку, таму ваду ў пластыку не бяру. Тыдзень прайшоў непрыкметна і ні ад чаго не давялося адмаўляцца дадаткова, бо мала карыстаюся пластыкам.
Ірэна Ротнава:
- На колькі магчыма я і раней адмаўлялася ад пластыку. Вяду здаровы лад жыцця, таму многіх прадуктаў, якія купляюць іншыя, я не купляю. Толькі хлеб прыходзіцца купляць ва ўпакоўцы, бо цяпер без ўпакоўкі яго практычна няма. А ў краму хаджу са сваім пакетам.