Сажайте деревья, а не журналистов

Фотавыстава "Лексіка Палесся" адчыніцца 17 снежня ў Мінску

Адкрыццё выставы пройдзе 17 снежня ў 18.30, ва ўнутраным дворыку культ. цэнтра «Корпус», Мінск, пр-т Машэрава, 9к8. Выстава пройдзе ў фармаце open-air і працягнецца да 31 снежня. Уваход вольны. Дворык працуе з 10:00 да 21.00 штодзённа.

Фота - Павел Лычкоўскі

 

На якой мове звяртаецца Палессе?

Грамадскія арганізацыі «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ад асобы кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» запрашаюць вас наведаць фотавыставу «Лексіка Палесся».

Фотапраект «Лексіка Палесся» прысвечаны ўнікальнай прыроднай каштоўнасці беларускага рэгіёна і яго культурнай самабытнасці.

Фота - Сяргей Шляга

«Лексіка Палесся» — гэта дыялог паміж прыродай і чалавекам. Фотапраект уяўляе сабой экспазіцыю прац беларускіх фатографаў, закаханых у прыгажосць роднай зямлі. Ён падзелены на тры тэматычныя часткі, кожная з якіх дазволіць гледачу пабачыць Палессе як натхняльную сваёй прыгажосцю каштоўную тэрыторыю з багатай біяразнастайнасцю; як цэнтр этнаграфічнай і гісторыка-культурнай спадчыны; як самабытны свет, які знікае ў выніку ўмяшальніцтва чалавека.

Фота - Марына Бацюкова

— Мы натхніліся на стварэнне гэтай выставы ў 2017 годзе, калі толькі пачыналі працаваць у рэгіёне Палесся. Чым больш мы даведваліся аб экалагічных праблемах звязаных з асушваннем балот, планамі па будаўніцтву воднага шляху Е40, знішчэнню пойменных дуброў; сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, тым больш адкрывалі для сябе дзіўную частку Беларусі, якая можа стаць візітнай карткай нашай краіны.

Гэтая выстава — спроба прыўнесці ў сталіцу часцінку Палесся, яе ўнікальны пейзаж, пераплецены з бытам і традыцыямі палешукоў. Мы закранаем не толькі станоўчыя моманты, але таксама паказваем далікатнасць гэтага рэгіёну, які вось ужо 50 гадоў знаходзіцца пад моцным антрапагенным уздзеяннем. Унікальнасць выставы яшчэ і ў тым, што акрамя прыгожых фатаграфій 21 аўтара, мы прапануем кожнаму гледачу дакрануцца да дыялекту аднаго з рэгіёнаў Палесся.

Частку тэкстаў выставы нам дапамаглі перакласці палешукі.

Фота - Дар'я Сапранецкая

Сярод фатаграфій вы ўбачыце даволі вядомыя імёны фатографаў, але ёсць працы мясцовых жыхароў. Для нас важна паказаць, як яны адчуваюць сваю малую радзіму, дзе нарадзіліся і жывуць да гэтага часу, — дзеліцца сваімі ўражаннямі адзін з куратараў выставы, Чыкалаў Канстанцін, старшыня ГА «Багна».

Фота - Віктар Малышчыц

Выстава арганізаваная грамадскай арганізацыяй «Багна» ад асобы кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» («Save Polesia») ў межах праекта «Устойлівае развіццё экалагічнага патэнцыяла дзікай прыроды ў Прыпяцкім і Палескім рэгіёнах» пры фінансавай падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Zoologische Gesellschaft Frankfurt).


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 15.12.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.