16.01.2023 / 08:01

Калі кажуць аб былых прамысловых гарадах, якія шукаюць сваё новае аблічча, то ў першую чаргу згадваюць амерыканскі Дэтройт.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У нашай краіне таксама шмат падобных мясцін, хоць і меншых па памеры і маштабе пазнавальнасці: звычайна гэта монагарады, у якіх зачынілася вядучае прадпрыемства. Бліжэй за Амерыку да нас – польская Лодзь, чый вопыт рэбрэндынгу можа прыдацца ў новай Беларусі.

 

З гісторыі Лодзі

Лодзь – цэнтр ваяводства (аналаг беларускай вобласці) на паўднёвы захад ад Варшавы. Да сталіцы ехаць гадзіну цягніком. Цяпер у Лодзі жыве каля 668 тысяч чалавек. Найбольшым насельніцтва горада было ў 1988 г. (854 тысяч) – не такі драматычны спад, як у Дэтройце (у 1950 г. 1,8 мільёнаў, у 2020 г. утрая менш), але ўсё ж значны.

Пасля дэмантацыі прасавецкага рэжыму ў Польшчы зачынілі некаторыя прадпрыемствы, у тым ліку большасць лодзкіх тэкстыльных фабрык. А на іх працавала значная частка жыхароў горада. Затое цяпер кожны дзясяты ладзянін – студэнт (часта прыезжы), а ў будынках былых фабрык па ўсім горадзе чаго толькі няма: гандлёвыя цэнтры, кавярні, культурніцкія прасторы, жылыя кварталы…

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У 1820 г. быў падпісаны дакумент аб наданні Лодзі статусу асяродка ткацкай і суконнай прамысловасці Каралеўства Польскага (фармальна незалежнае дзяржаўнае ўтварэнне, фактычна падпарадкаванае Расійскай імперыі). Тады ў населеным пункце было ўсяго 800 жыхароў.

Пасля будаўніцтва фабрык у Лодзь з’язджаюцца прафесійныя ткачы і нізкакваліфікаваныя рабочыя. Горад імкліва расце. Паўстае яго новая частка, дзе віруе жыццё. Гістарычны цэнтр (старая рынкавая плошча) паступова страчвае сваё значэнне.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У 1830-х гг. «Белая фабрыка» Людвіка Геера была найбольшым прамысловым прадпрыемствам ва ўсім Каралеўстве Польскім. З 1959 г. тут месціцца музейны комплекс.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Можна даведацца, як выглядала гэта тэкстыльнае прадпрыемства ў розны час.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Каля будынка фабрыкі дзейнічае музей драўлянай архітэктуры. Інтэр’еры дамкоў паказваюць побыт рабочых у XIX-ХХ ст.ст.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Заходзячы, нібы заспяваеш жытло, толькі што пакінутае гаспадарамі: вось хтосьці лускаў арэшкі, а тут ціснуў часнык.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Сукенкі гаспадыні дасталі з шафы, а дзеці не прыбралі падручнікі, робячы хатняе заданне.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У экспазіцыі, прысвечанай эпосе Польскай народнай рэспублікі, можна пабачыць нават лядоўню Minsk і бутэльку Савецкага шампанскага.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У музей перанесены таксама драўляны касцёл, летняя віла заможнага гараджаніна і трамвайная станцыя.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Фабрыкі Карла Шэйблера разам з дамкамі для рабочых і палацамі гаспадара ў сярэдзіне ХІХ ст. займалі 500 гектараў (на той час – 14 % тэрыторыі Лодзі). Гэта быў фактычна горад у горадзе са сваімі крамамі, школай, тэатрам, бібліятэкай, электрастанцыяй, рамеснымі майстэрнямі.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Сёння частка прамысловых будынкаў перароблена ў жылыя комплексы з развітай інфраструктурай.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Дамкі для рабочых (квартал Ксенжы млын) ператварыліся ў элітнае жытло і аб'екты інфраструктуры.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Частка будынкаў прамысловай імперыі Шэйблера занятая лодзкай спецыяльнай эканамічнай зонай, а частка яшчэ чакае рэвіталізацыі.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Лодзь імкліва развівалася ў другой палове ХІХ ст. Гэтаму спрыяла скасаванне мытных плацяжоў між Каралеўствам Польскім і Расійскай імперыяй, вызваленне прыгонных сялян і наплыў іх у прамысловыя гарады. У 1865 г. праз Лодзь прайшла чыгунка Варшава-Вена.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

На пачатку ХХ ст. разбудоўваецца сетка чыгунак, Лодзь набывае непасрэднае злучэнне з нямецкімі гарадамі. З 1850 г. да Другой сусветнай вайны Лодзь была другім па памеры горадам Польшчы пасля Варшавы. Падчас вайны насельніцтва горада скарацілася з 670 да 300 тысяч чалавек (забітыя габрэі, частка палякаў выселена немцамі; пасля вайны мясцовыя немцы з’ехалі ў Германію).

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У другой палове ХХ ст. прамысловыя прадпрыемствы Лодзі ўвесь час мадэрнізуюцца. Аднак з прыходам капіталізму аказваецца, што яны неканкурэнтаздольныя на еўрапейскім рынку.

У канцы 80-х – пачатку 90-х г.г. ХХ ст. большасць тэкстыльных фабрык зачыняецца. Іх работнікі застаюцца беспрацоўнымі, а будынкі — пустымі.

 

Рэвіталізацыя: Лодзь у пошуках новых сэнсаў

Цяпер у Лодзі няшмат дзейсных тэкстыльных прадпрыемстваў. Вялікае значэнне для гаспадаркі горада маюць новыя тэхналогіі, лагістыка, выраб побытавай тэхнікі. Працуе ўніверсітэт, які шмат робіць для прыцягнення студэнтаў-замежнікаў. Тут вучацца і беларусы. Паводле перапісу 2021 г., Лодзь — чацверты па колькасці насельніцтва горад Польшчы (пасля Варшавы, Кракава і Вроцлава).

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Замест прамысловага горада Лодзь піярыцца як інавацыйны і крэатыўны асяродак з адсылкай да прамысловага мінулага. Прамысловая самаідэнтыфікацыя ладзян не знікае, а суіснуе паралельна з новым укладам.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Вялікую ролю ў фармаванні вобраза горада адыгрывае сучаснае мастацтва: дзейнічаюць шматлікія галерэі, некалькі музеяў. У Лодзі захоўваюцца арыгіналы прац Марка Шагала. Горад мае ўласную кінашколу, бадай, найлепшую ў Польшчы: яе скончылі Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі і Раман Паланскі.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

На дамах паўстаюць муралы, па іх нават створаны асобны турыстычны маршрут.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Сярод самых вядомых муралаў — выявы з чоўнам, сімвалам горада, і з Ведзьмаком, персанажам раманаў польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, а потым фільма, серыяла і кампутарных гульняў.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Сэрца Лодзі — вуліца Пётркоўская, большая частка якой — пешаходная. Дамы тут жылыя. На першых паверхах дзейнічаюць шматлікія кавярні, крамы, галерэі… Жыццё сапраўды віруе. У сезон тут шмат вулічных музыкаў.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У горадзе працуе пракат ровараў і электрасамакатаў. Запраўкі для іх — на сонечных акумулятарах.

Комплекс OFF Piotrkowska Center у будынках тэкстыльнай фабрыкі Францішка Раміша (1889 г.)
Комплекс OFF Piotrkowska Center у будынках тэкстыльнай фабрыкі Францішка Раміша (1889 г.)

У Лодзі шмат закінутых будынкаў, нават уздоўж галоўнай вуліцы. Прамысловыя комплексы ў ХІХ ст. змяшчалі выпадкова, не было як такога горадабудаўнічага плана. Цяпер іх паступова рэвіталізуюць, але частку індустрыяльных карпусоў у пачатку ХХІ ст. разбурылі.

Былыя прамысловыя аб’екты набываюць новыя функцыі, а часам і назвы. У экспазіцыі Музея тэкстыльнай прамысловасці можна прачытаць: «Рэвіталізацыя ў Лодзі рушыла на поўных парах, як калісьці прамысловасць. Сёння ўжо не ўсе ведаюць, што такое Monopol Spirytusowy альбо Poltex, але Monopolis ці Manufaktura — гучыць знаёма».

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Высокія коміны, якія раней асацыяваліся з прамысловай магутнасцю горада і з багаццем уладароў фабрык, сёння пазначаюць арт-кластары. «Сутнасць польскага ўзору — у падтрымцы камерцыйнымі ўстановамі культурных феноменаў. Гэта той выпадак, калі грошы, укладзеныя адной кампаніяй, пачынаюць прыцягваць у горад дадатковае фінансаванне з розных крыніц, якое накіроўваецца на іншыя тамтэйшыя праекты.

У выніку, горад паступова змяняе сваё аблічча і культурнае напаўненне» — зрабіла выснову журналістка газеты «Культура» Анастасія Панкратава пасля наведвання Лодзі ў 2017 г.

Прыгледземся да некаторых рэвіталізаваных прамысловых аб’ектаў Лодзі.

 

Гандлёва-забаўляльны комплекс Manufaktura

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Фабрычны квартал, дзе выраблялі баваўняныя тканіны, належаў Ізраілю Пазнанскаму. З 1871 г. да канца пазамінулага стагоддзя прадпрымальнік забудаваў плошчу ў 30 гектараў.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Потым фабрыка некалькі разоў мяняла гаспадароў. Пасля Другой сусветнай, як і іншыя прадпрыемствы, была нацыяналізаваная. У 1970-х заводу баваўнянай прамысловасці была нададзеная гандлёвая назва Poltex.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У 1991 г. прадпрыемства збанкрутавала з прычыны страты ўсходніх рынкаў.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Французскія інвестары рэвіталізавалі тэрыторыю, і ў 2006 г. адчыніўся гандлёва-забаўляльны комплекс Manufaktura.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Тут 13 гістарычных будынкаў і сучасны гандлёвы цэнтр. Акрамя крамаў, кавярняў, забаўляльных пляцовак дзейнічаюць фітнэс-цэнтры, гатэль, паркінг, банк, аўтацэнтр.

У самой «Мануфактуры» і палацах каля яе месціцца некалькі музеяў.

 

ЕС1 — былая электрастанцыя

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Ад чыгуначнай станцыі «Лодзь Фабрычная» бачна комплекс будынкаў першай гарадской электрастанцыі, ператворанай у комплекс «ЕС1 — горад культуры». Усходні блок электрастанцыі пабудаваны ў 1907 г., а заходні — у міжваенны перыяд. У якасці цеплаэнергацэнтралі яна працавала да пачатку ХХІ ст.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Рэвіталізаваны комплекс адкрыўся ў 2018 г. Цяпер тут месціцца планетарый, Цэнтр навукі і тэхнікі, Нацыянальны цэнтр кінакультуры, канферэнц-залы.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Захаваная частка старых механізмаў электрастанцыі, кафля на сценах і падлозе.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

На пляцоўы ў сярэдзіне комплекса працуюць зоны адпачынку і фудкорт.

 

Квартал Fuzja

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Тэрыторыя сённяшняга квартала Fuzja належала прамыслоўцу Шэйблеру, пра якога ўжо згадвалася вышэй. Дамінанта квартала — сэцэсійная электрастанцыя 1910 г. з высокім комінам і вокнамі-вітражамі. Тры з чатырох яе фасадаў — арыгінальныя. Унутры плануецца адкрыць мастацка-канферэнцыйны цэнтр.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Вакол былой электрастанцыі — гістарычныя і сучасныя будынкі (аднак, з перавагай першых). Новыя жылыя дамы суседнічаюць са старымі будынкамі ў дварах.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

У дварах — мінімалістычнае добраўпарадкаванне. Для азелянення выкарыстоўваюцца травы часцей за кветкі.

Фота - Зялёны партал
Фота - Зялёны партал

Шпацыр па Лодзі прымушае задумацца над патэнцыялам беларускіх прамысловых аб’ектаў. У Мінску ён часткова выкарыстоўваецца, а ў абласных гарадах, не кажучы пра меншыя населеныя пункты, аб праектах рэвіталізацыі індустрыяльнай архітэктуры пакуль не чуваць.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость