Шлях

Ахова прыроды ў аб’ектыве World Press Photo

Самы прэстыжны штогадовы конкурс фатаграфіі падвёў свае вынікі. Як заўсёды, журы адабрала моцныя гісторыі, якія чытаюцца за кожным здымкам. Пандэмія, катастрофы і наступствы змянення клімату – Зялёны партал паглядзеў, якія фота занялі прызавыя месцы ў рубрыцы пра наваколле.

Пітная вада і змяненне клімату

Трэцяя месца ў намінацыі Environment, адзіночнае фота, заняў здымак фатографа-дакументаліста  Ка Ма Асада.

Жанчына збірае дажджавую ваду з тканіны ў вёсцы Калабогі, Бангладэш. Людзі, якія жывуць у рэгіёне Сундарбан цярпяць ад недахопу вады ў засушлівы сезон з-за павышэння салёнасці грунтавых вод і ракі Сатхіра.  А гэта ў сваю чаргу адбываецца з-за павышэння ўзроўня мора. Дамы ў такіх вёсках, як Калабогі, стаяць на стаўбах, каб пазбегнуць частых навадненняў падчас прыліву.

У справаздачы Сусветнага банка за 2016 год напісана, што кліматычны крызіс прадстаўляе шэраг пагроз для Сундарбана, уключаючы павышэнне ўзроўня мора, частату і інтэнсіўнасць штормаў. Спадарожнікі заўважылі, што ў некаторых частках рэгіёну ўзровень мора павышаецца на 200 метраў у год.

Акадэмічныя даследаванні паказваюць: каля 20 мільёнаў людзей, якія жывуць уздоўж узбярэжжа Бангладэш, пакутуюць ад салёнасці пітной вады. Больш за палову ўзбярэжных раёнаў цярпяць ад засалення, якое зніжае прадукцыйнасць глебы і рост расліннасці, пагаршае навакольнае асяроддзе і адлюстроўваецца на жыцці і даходах людзей. Рысавыя палі і ворныя землі пераўтвараюцца ў крэветачныя фермы, што яшчэ больш садзейнічае засаленню грунтавых вод і дэградацыі глебы.

 

Вычарпанне прыродных рэсурсаў

Другое месца ў гэтай намінацыі заняла палова гары з будысцкім храмам у Хпаканце, М’янма. Іншая яе частка была выразана машынамі для здабычы нефрыту. Кадр зрабіў мясцовы фатограф Кхун Лат.

Хпакант – месца, дзе знаходзіцца самы вялікі ў свеце нефрытавы руднік. Ён з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком жадэіту – найбольш каштоўнага з двух відаў нефрыту. Запыт з Кітая, дзе нефрыт з’яўляецца папулярным сімвалам статусу, падсілкоўвае індустрыю.

Арганізацыя Global Witness паведамляе, што аб’ём гандлю нефрытам у М’янме толькі ў 2014 годзе склаў $31 мільярд – каля паловы ВУП краіны. Гэты сектар кантралюецца сеткамі ваеннай эліты, наркабаронаў і кланавых кампаній.

Урад Нацыянальнай лігі дэмакратыі абяцаў рашыць праблемы ў гэтай галіне, але прагрэс ідзе павольна. Кампаніі не выконваюць патрабаванні ўраду па правядзенні ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Чыноўнікі быццам бы не могуць правесці гэтую ацэнку.

Знішчэнне навакольнага асяроддзя з-за горных работ уключае ў сябе поўную страту расліннасці, дэградацыю сельскагаспадарчых угоддзяў, адкладанне асадку ў рэках. У асноўным гэта вынік неналежных метадаў здабычы карысных выкапняў.

У Хпаканце застаюцца пытанні з незаконна высокімі кучамі горных адходаў, велізарнымі закінутымі горнымі кар’ерамі і кампаніямі, якія не здольныя стабілізаваць глыбокія раскопкі. З-за частых апоўзняў гінуць людзі. Адзін з іх прайшоў пасля праліўных дажджоў у ліпені 2020 і забраў жыццё не менш за сотню чалавек.

 

Пандэмія на першым месцы

Марскі леў гуляе з медыцынскай маскай ў моры бліз Каліфорніі, ЗША. Фота зняў падводны фатограф Ральф Пэйс.

З-за каранціну, які быў уведзены ў штаце, прыгожыя прыродныя мясціны паблізу гарадоў сталі папулярны сярод вандроўцаў. Ва многіх краінах насіць маску на адкрытым паветры было абавязкова. І маляўнічыя пейзажы па ўсяму свеце былі заваленыя пакінутымі маскамі.

Служба навін BBC паведамляе, што падчас пандэміі штомесяц выкарыстоўваецца 129 мільярдаў аднаразовых масак і 65 мільярдаў пальчатак. Гэтыя сродкі індывідуальнай абароны птушкі, рыбы, марскія млекакормячыя і іншыя жывёлы могуць памылкова прыняць за ежу. Яны ўтрымліваюць пластык і садзейнічаюць таму, што 8 мільёнаў тон пластыку кожны год трапляюць у акіяны.

Згодна з таварыствам World Animal Protection штогод каля 136 000 цюленяў, марскіх львоў і кітоў памірае з-за таго, што заблытваюцца ў пластыку. Медыцынскія маскі з часам распадаюцца на мільёны часцін мікрапластыку, які ядуць рыбы і іншыя жывёлы. Такім чынам яны пераносяць забруджванне па харчоваму ланцугу назад, патэнцыяльна закранаючы і людзей.

 

Правы сельскагаспадарчых жывёл

У намінацыі Environment, серыя фота, прадстаўлены гісторыі з дзесяці здымкаў. І трэцяе месца ў ёй заняла работа актывіста і фатографа Эйтара Гармендзія.

Даследчык правоў жывёл аглядае перыметр свінафермы ў Кастыліі-Ля-Манчы, Іспанія, каб задакументаваць, у якіх умовах знаходзяцца жывёлы.

Іспанія ўваходзіць у чацвёрку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў свініны, разам з Германіяй, ЗША і Даніяй. Еўрасаюз у цэлым спажывае каля 20 мільёнаў тон свініны штогод і экспартуе каля 13% ад агульнага аб’ёму вытворчасці. У асноўным ва Усходняю Азію, у прыватнасці ў Кітай.

У Іспаніі, Францыі і Партугаліі была запушчана кампанія Let’s Talk About Pork (Давайце паразмаўляем пра свініну), якая фінансуецца ЕС. Яе мэта – супрацьдзейнічаць фальшывым заявам наконт вытворчасці мяса і спажывання свініны ў Еўропе. А таксама прадэманстраваць, што гэты сектар адпавядае самым высокім стандартам устойлівасці, біябяспекі і бяспекі харчовых прадуктаў у свеце.

Такія стандарты ўключаюць гарантыі, што жывёлы не пакутуюць ад болю і што ў іх ёсць дастаткова месца, каб вольна рухацца. Групы па ахове правоў жывёл, з іншага боку, даказваюць, што такія метады, як купіраванне хвастоў і вузкія боксы для свінаматак, з’яўляюцца жорсткім абыходжаннем з жывёламі  і што боль і пакуты жывёл шырока распаўсюджаны.

Даследчыкі па правах жывёл кажуць, што індустрыя робіць цяжкім доступ да фермаў і што яны вымушаны тайна ноччу прыходзіць на такія аб’екты, каб зафіксаваць, што адбываецца ўнутры. Гэтыя фота былі зроблены ў розныя дні на розных фермах Іспаніі.

 

Леднікі для ратавання вады

Серыю фота, якая заняла другое месца ў намінацыі, зрабіў славенскі фатограф Цырыл Язбек. Яна прысвечана змяненню клімату.

Маладзёжная група пабудавала гэту ледзяную ступу ў вёсцы Гья, Індыя, на базе кавярні. На выручаныя сродкі яны адправілі старэйшын вёсцы ў паломніцтва.

Па меры таго як колькасць снегу ў Гімалаях скарачаецца, а леднікі адступаюць, абшчыны ў рэгіёне Ладакг на поўначы Індыі будуюць вялікія ледзяныя конусы, якія забяспечваюць ваду летам.

Ладакг – халодная пустыня, узімку тэмпература тут дасягае -30°C, а сярэдняя колькасць ападкаў – каля 100 мм. Большасць вёсак сутыкаюцца з вострым недахопам вады, асабліва падчас рашаючага сезону пасеваў у красавіку і траўні. Турызм і рост насельніцтва павялічваюць попыт на ваду.

У 2013 годзе Сонам Вангхук, ладакгскі інжынер і наватар, прыдумаў спосаб для перасадкі леднікоў, які стварае канічныя ледзяныя кучы, што нагадваюць будыйскія рэлігійныя ступы.

Ледзяныя ступы накопліваюць зімнюю талую ваду і павольна выпускаюць яе падчас вегетацыйнага сезону ўвесну, калі яна найбольш патрэбна для сельскагаспадарчых культур.

Ступы ствараюцца ўзімку, калі вада спускаецца з узвышшаў па падземных трубах. Апошняя секцыя падымаецца вертыкальна і розніца ў вышыні прымушае ваду фантанам цячы вонкі пры мінусавых тэмпературах, замярзаючы ў форме ступы.

У 2020-м ступы былі ўсталяваны ў 26 вёсках, будуецца трубаправод для стварэння яшчэ 50 аб’ектаў. Стваральнік Вангхук кажа, што ступы азначаюць апошнюю спробу гімалайскіх горных супольнасцей пазмагацца з кліматычным крызісам, але яны не павінны разглядацца як рашэнне праблемы. Гэта застаецца абавязкам нацыянальных урадаў і людзей, якія вядуць экалагічна чысты лад жыцця, каб паменшыць выкіды.  

 

Пантанал ў агні

Малпа-равун, як і шмат іншых жывёл, засталася абвугленай з-за ляснога пажару, які ахапіў ферму Санта Тэрэза ў раёне ракі Парагвай, Бразілія. Пажары ў гэтым рэгіёне былі настолькі моцнымі, што нават самыя хуткія жывёлы не змаглі ўратавацца ад агню. Трагедыю зняў фатограф Лало дэ Алмейда.

Амаль траціна бразільскага рэгіёна Пантанал была ахоплена пажарамі на працягу 2020 года. Гэта найбуйнейшае ў свеце трапічнае водна-балотнае ўгоддзе і тэрыторыя з найбуйнейшымі затопленымі лугамі, якія раскінуліся на плошчы каля 140 000 – 160 000 км2.

Па даных Бразільскага нацыянальнага інстытуту касмічных даследаванняў, колькасць пажараў ў мінулым годзе была ў тры разы больш, чым у 2019-м. Агонь ў Пантанале, як правіла, ідзе крыху ніжэй паверхні, харчуючыся торфам, які лёгка запальваецца. Гэта азначае, што мясцовасць гарыць даўжэй і яе цяжка патушыць.

Пантанал, які прызнаны ЮНЭСКА сусветным біясферным запаведнікам, з’яўляецца адным з найбольш важным біёмаў Бразіліі. Ён пакутуе ад самай моцнай засухі амаль 50 год, у выніку чаго пажары выходзяць з-пад кантролю.

Вельмі шмат пажараў пачыналіся з-за лядна-агнявога земляробства, якое стала больш распаўсюджаным з-за паслаблення прыродаахоўнага заканадаўства і правапрымянення пры адміністрацыі прэзідэнта Жаіра Балсанару (з 2019 года).

Бразільскі інстытут навакольнага асяроддзя і аднаўляльных прыродных рэсурсаў адзначае скарачэнне свайго фінансавання на 30%. Балсанару часта выступаў супраць мер па ахове навакольнага асяроддзя і неаднаразова рабіў каментарыі, якія падрывалі спробы бразільскіх судоў наказаць правапарушальнікаў.

Эколагі кажуць, што гэта садзейнічае спальванню ў сельскагаспадарчых мэтах і стварае атмасферу бяскарнасці. Люцыяна Лейтэ, якая вывучае ўзаемаадносіны чалавецтва і прыроды ў Федэральным універсітэце Баійі, прадказвае поўны крах Пантала, калі сучасныя кліматычныя тэндэнцыі і антыэкалагічная палітыка захаваюцца.

 

Беларуска ў пераможцах

Другі год запар беларускія фатографкі займаюць прызавыя месцы ў гэтым прэстыжны конкурсе. Віншуем фатографку «Нашай Нівы» Надзею Бужан, якая сёлета заняла другое месца ў намінацыі Spot News. На здымку Вольга Севярынец чакае вызвалення мужа з Акрэсьціна. Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года і дагэтуль знаходзіцца ў няволі, як і яшчэ 354 палітычных вязняў.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 16.04.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.