16.05.2016 / 09:05

Яшчэ на пачатку 2008 года шэраг вёсак, якія дагэтуль лічыліся Гарадзенскім раёнам і падпарадкоўваліся сельсаветам, уліліся ў абласны цэнтр. Гэта і Ласосна, і Грандзічы, і Дзевятоўка, і Дзмітрыеўка, і Малахавічы, і Малышчына – агулам 25 населеных пунктаў. Разам часткі ўчорашніх сяльчанаў пацягнулі амаль на 8 000 гектар. Як зараз жывецца вяскоўцам, якія 10 год таму раптоўна сталі гараджанамі? Што палепшылася, а што стала горш? Ды і наогул, ці адчуліся нейкія змены?..

«Даўно б знеслі, каб горад грошы меў…»

Спыняемся ў Падкрыжаках каля велічэзнага драўлянага крыжа. Побач калонка, з якой жанчына набірае ваду ў пластыкавыя бутлі.

«А што лепш? Толькі транспарту болей стала. Колькі ўжо прасілі нам знак паставіць, каб чужыя машыны побач не спыняліся – ніхто не чуе. У выніку, толькі смурод ды плямы ад масла на асфальце».

Калонку, дарэчы, паставілі не так даўно, зноў жа, па просьбах жыхароў. Калодзежы, як і раней, засталіся на кожным двары, але ваду зараз бяруць тут. Побач з’яўляецца суседка:

Падаткі толькі большымі сталі. Машынаў больш. Пастаянна стаіць пытанне пра знос. Кажуць, даўно б знеслі нас, каб горад грошы меў на гэта. Ну якія тут плюсы?..

Жанчыны прызнаюцца, што ў колішняй вёсцы ўжо ніхто не трымае жывёлу, хіба курэй. Да 2008-2010 трымалі, а зараз не. Па хатах засталіся каты ды сабакі.

«Калі ўначы праязджае фура – дом хістаецца»

Калі праехаць трохі далей і завярнуць направа – трапіш у Малышчыну. Трафік тут куды меншы, затое багата фураў, якім афіцыйна заборонена ездзіць па горадзе, але тут – калі ласка.

Калі ўначы праязджае фура, у нас дом хістаецца, сцены дрыжаць, – скардзіцца сустрэчная жанчына. – Дзяцей страшна на вуліцу выпускаць. Пісалі скаргі наконт дарогі, але без выніку.

Тут на падворках вада свая, калодзежная: нібы пітная, хоць і не ўсе карыстаюцца. Прыбіральні на двары, як і раней. Затое газ прыродны, хоць год 10 таму яшчэ быў прывазны – у балонах.

Разбудоўвацца жыхарам заборонена, можна толькі рэстаўраваць старыя будынкі – зноў жа, пагроза зносу. Тым не менш, большасць дамоў выглядаюць прыстойна, абкладзеныя новай селікатнай цэглай або сайдынгам.

Цікавая сітуацыя атрымалася ў Малышчыне з могілкамі. Будучы часткай горада, вёска губляе і сувязь са сваімі могілкамі. Маўляў, хавайце на агульнагарадскіх – у тым жа Аўльсе. Каб пахаваць каго з родных на мясцовых старых могілках, трэба шмат даведак, якія не ў кожнай сям’і зберагліся…

«Яшчэ Саўчанка абяцаў, што пабудуе аб’язную дарогу праз год…»

У рэшце рэшт жыхары скіроўваюць да «мясцовага актывіста» дзеда Сашы. Ягоны дом знаходзіцца на ўскрайку, схаваны ў цяні дрэваў. Па падворку носіцца ды брэша чорны сабака, ля ганку складзеная кампазіцыя з камянёў з вялікім жорнам наверсе.

Наконт дарогі мы некалі нават да губернатора Саўчанкі хадзілі, – распавядае мужчына, – ён паабяцаў, што праз год зробяць аб’язную. Але «воз і ныне там». Гэтая дарога – наша праблема і боль.

З вадой сітуацыя не нашмат лепшая. На падворку па-ранейшаму стаіць калодзеж, але…

 Калі мы гэтую ваду неяк здалі ў лабараторыю, дык нам далі адказ: «Пажадана жывёлам не піць». Разумееце? А нам што рабіць? Зараз кіпяцім наўпрост не 10 хвілін, а 15. Хоць нешта…

Ці не адзіным плюсам, са словаў дзеда Сашы, стаў рэгулярны вываз смецця. Калі Малышчына была вёскай, смецце тут забірала калгасная машына: вясной і восенню. Зараз смецце вывозяць гарадскія камунальнікі – два разы на тыдзень.

Куды вядзе вуліца Малышчынская?..

Ёсць шэраг пытанняў у гісторыкаў датычна тапанімічных зменаў. Вядома ж, вясковыя бальшакі (цэнтральныя вуліцы) з уваходжаннем у горад атрымалі новыя назвы. Напрыклад, Малышчына ператварылася ў вуліцу Малышчынскую, Грандзічы – у Грандзіцкую і г.д.

 Паводле нашых усходне-славянскіх законаў тапанімікі – гэта абсурд, тлумачыць гісторык і краязнаўца Янка Лялевіч, бо назва вуліцы азначае яе кірунак. Напрыклад, Віленская – на Вільню, Беластоцкая – на Беласток і г.д. То бок Малышчынская мае весці ў Малышчына, але так не ёсць.

На добры розум, упэўнены гісторык, варта было звярнуцца да вопыту перайменаванняў нашых суседзяў – палякаў. Згодна яму, у падобным выпадку мела б з’явіцца вуліца Малышчына, але ні ў якім разе не Малышчынская.

Міжваенная польская мапа, дзе бачна адлегласць паміж вёскамі і горадам
Міжваенная польская мапа, дзе бачна адлегласць паміж вёскамі і горадам

Агулам, з размоваў з мясцовымі жыхарамі зразумела, што ўключэнне ў горад сталася для іх усяго толькі новым штампам у пашпарце, дзе пазначаны ўжо не «Гарадзенскі раён», а «горад Гродна». Дадаліся, хіба, новыя праблемы – транспарт, падаткі і перманентная пагроза зносу.

Автор:
Фотограф:
Станіслаў Родла
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость